Як зрабіць школьнае музейнае асяроддзе пазнавальным і карысным?

- 11:40Пресс-тур «Настаўніцкай»

Краязнаўчыя вандроўкі — адна з дзейсных форм работы з навучэнцамі, лічыць настаўнік гісторыі і грамадазнаўства міёрскай сярэдняй школы № 3 імя Героя Савецкага Саюза Я.А.Томкі Максім Філіповіч. Ён добра ведае, як зрабіць школьнае музейнае асяроддзе пазнавальным і карысным. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Праз жывую гісторыю

“Міёрскі край для вас загадка? Тады, будзь ласка, да нас, братка”, — з такім запрашэннем выйшаў першы нумар штомесячнага школьнага выдання “Міёрская даўніна”. Адразу варта падкрэсліць, што навучэнцы разам са сваім педагогам з задавальненнем раскрываюць таямніцы гістарычнага мінулага Бацькаўшчыны, каб паказаць гэтае багацце сучаснікам.

— Так і выхоўваюцца сапраўдныя пат­рыёты. Праз жывую гісторыю, — адзначае Максім Філіповіч. — Калі вучань сам удзельнічаў у археалагічных раскопках, стварэнні экспазіцыі, працаваў з дакументамі, рэальнымі фактамі, праводзіў экскурсіі, то ён будзе мець дакладнае і праўдзівае ўяўленне аб гістарычных па­дзеях.

Навучэнцы знаёмяцца з археалагічнымі даследаваннямі, якія праводзяцца ў Міёрскім раёне і Падзвінні. Найбольшую цікавасць для актывістаў музейнага аб’яднання ўяўляюць раскопкі. Менавіта тут навучэнцы выкарыстоўваюць атрыманыя на занятках веды. Школьнікі ўмеюць вызначыць прызначэнне знаходкі, яе прыналежнасць да археалагічнай культуры. Увогуле, класіфікацыя і ўлік артэфактаў, рэстаўрацыя экспанатаў, кансультацыі з вучонымі-археолагамі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, збор і сістэматызацыя дакументаў — асноўныя формы работы музейнага аб’яднання.

Школьнікі распрацоўваюць і право­дзяць шматлікія экскурсіі, трымаюць сувязь з архівамі і дзяржаўнымі музеямі, удзельнічаюць у розных краязнаўчых і гістарычных канферэнцыях і іншых мерапрыемствах.

За апошнія 5 гадоў наведвальнікамі музеяў сталі 13 000 чалавек, для якіх праведзена 850 экскурсій.

Здабыткі вандровак

У 2018—2023 гадах Максім Філіповіч са сваімі навучэнцамі паўдзельнічалі ў шэрагу вандровак не толькі па Міёршчыне, але і па суседніх раёнах. Вынікам края­знаўчай экспедыцыі ў Навалаку стала адкрыццё гарадзішча жалезнага веку і шмат знаходак, сярод якіх манеты, кафля, кераміка. Веласіпедныя вандроўкі ў Ідолту, Мілашова, Пераброддзе, Дзедзіна дазволілі не толькі сабраць этнаграфічны матэрыял, але і адкрыць невядомыя старонкі гісторыі вайны 1812 года. Прынёс каштоўныя здабыткі і паход у наваколле былой в.Лявонаўцы, у якой нарадзіўся Герой Савецкага Саюза Ягор Андрэевіч Томка. Школьнікі знайшлі месца, дзе стаяла бацькоўская хата славутага земляка, адшукалі шмат артэфактаў. З цягам часу дыя­пазон даследаванняў навучэнцаў значна пашырыўся. У апошнія гады былі распрацаваны маршруты велапаходаў “Славутасці Пагосцкага краю”, “Дзісненскі пярсцёнак”. Асабліва плённымі былі паходы ў 2022 і 2023 гадах, падчас якіх былі знойдзены невядомыя язычніцкія капішчы на Міёршчыне.

Падмурак для даследаванняў

Фонды музеяў маюць вялікую навуковую каштоўнасць, не аднойчы да іх вывучэння звярталіся навукоўцы, настаўнікі, студэнты, краязнаўцы. Сярод іх Алена Батарчук, кіраўнік народнага клуба майстроў “Святліца” Міёраў, якая зрабіла грунтоўныя даследаванні “Дзісненская кераміка”, “Кафля Міёршчыны”. Музеі наведваў гісторык з Ізраіля Арон Шнэер для вывучэння і пошукаў звестак пра лёс ахвяр Халакосту. Наталля Бункевіч, навуковы супрацоўнік Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, знаёмілася з артэфактамі Першай сусветнай вайны. Для напісання турыстычнага даведніка па Віцебскай вобласці да музейных фондаў звярталася археолаг з Пецярбурга Надзея Шлеева. З мэтай даведацца аб гісторыі партызанскага яўрэйскага атрада, які меў сваю базу на балоце Ельня, гістарычны музей наведала карэспандэнт газеты “Маскоўскі камсамолец” Кацярына Сажнева.

Дзякуючы шматлікім дакументам і метрычным кнігам, якія захоўваюцца ў музеях, некаторыя наведвальнікі знахо­зяць звесткі пра сваіх продкаў. Многім з іх педагог і вучні аказалі дапамогу ў складанні
радаводу. Дарэчы, праз пошук каранёў таго ці іншага чалавека раскрываюцца факты, звязаныя не толькі з гісторыяй канкрэтнай сям’і, але і з гісторыяй цэлай краіны.

Дыялог пакаленняў

Музейная работа садзейнічае фарміраванню ў дзяцей глыбокага і асэнсаванага разумення гісторыі родных мясцін і краіны ў цэлым, выхаванню грамадзянскасці і патрыятызму. Але ж трэба адзначыць, што многае, калі не ўсё, у гэтым напрамку залежыць ад педагога. Калі ён шчыра захоплены сваёй справай, ведае гісторыю свайго краю, дасканала разбіраецца ў грамадска-палітычных пытаннях, то і дзеці бяруць з яго прыклад.

— Музей — важная платформа для сувязі паміж пакаленнямі, — падкрэслівае  Максім Юр’евіч. — Таму сумесна з класнымі кіраўнікамі і актывістамі аб’яднання рэгулярна арганізоўваем і праводзім тэматычныя мерапрыемствы, накіраваныя на дыялог з тымі, хто беражліва перадае пад­растаючаму пакаленню вопыт стваральнага жыцця. Неад’емнай часткай дзейнасці былі і ёсць сустрэчы з ветэранамі вайны і працы, жыхарамі горада і раёна. Дзецям неабходны прыклад людзей, якія добрасумленна выконваюць сваю справу. Пага­дзіцеся, наша грамадства трымаецца на духоўных, культурных, сямейных традыцыях і гістарычнай памяці.

Работы “Нумізматыка Дзісненшчыны ў святле знаходак і скарбаў” Мікіты Грэцкага, “Філуменія як гістарычная крыніца” Дзмітрыя Дзяміда, “Славутыя людзі пагосцкай зямлі” Ігара Дзярко, “Рарытэты праваслаўнай кнігі ў музеі кнігі і друку” Кірыла Трызны, “Гераізм ураджэнцаў Дзісненшчыны ў баявых дзеяннях на заходнім фронце 1939—1945 гг.” Юліі Грыгор’евай — залаты фонд вучнёўскіх даследаванняў.

Шыкоўная калекцыя

Фонды музеяў міёрскай сярэдняй школы № 3 змяшчаюць 30 тысяч унікальных экспанатаў. Што тут можна пабачыць?

Гісторыка-краязнаўчы музей

Экспазіцыя запрашае паз­наць таямніцы зямлі беларускай праз археалагічныя адкрыцці і знаходкі, уразіцца незвычайнымі манетамі і банкнотамі. Нумізматычная калекцыя музея ўтрымлівае больш чым 1000 адзінак, у тым ліку ўнікальных для Беларусі. Напрыклад, тут можна ўбачыць манету старажытнага Кітая фынь імператара Цынь Шыхуандзі, якой 2200 гадоў. Рэдкая знаходка — рымская манета 280 года н.э. імператара Максіміяна. Шырока прадстаўлены манеты Вялікага Княства Літоўскага XVI—XVIII стагоддзяў, манетны скарб Рэчы Паспалітай, Расіі XVI—XIX стагоддзяў. Асобны раздзел музея — баністыка. Дарэчы, атрыманыя веды падчас экскурсіі прапану­юць затым замацаваць праз гульню “Грошапад”. На экране дэманструецца выява купюры, трэба назваць краіну, якой яна належала, намінал, асобу на партрэце, час выпуску і іншыя даныя. Гэта цікава і пазнавальна.

Кожны час, кожная эпоха прыносяць людзям выпрабаванне на стойкасць, сілу духа, чалавеч­насць. Хвалююць, наводзяць на роздум артэфакты баталій 1812 года, Першай сусветнай, грамадзянскай, Вялікай Айчыннай войнаў. Дакументы, успаміны, лісты і здымкі расказваюць пра злачынствы фашысцкіх захопнікаў, бараць­бу партызан і падпольшчыкаў, удзельнікаў руху супраціўлення. Усё гэта дазваляе яскрава ўяў­ляць і эмацыянальна ўспрымаць гераічныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Прымушае задумацца над сэнсам жыцця, дапамагае асэнсаваць цану міру, які мы маем на сённяшні дзень.

Музей кнігі і друку

Друкаванае слова заўсёды цанілі на Беларусі. У музеі кнігі і друку можна даведацца шмат цікавага пра ўзнікненне і развіццё пісьменства, кнігадрукавання, пра знакамітых асветнікаў. Убачыць кніжныя скарбы, каштоўныя старадрукі, рэкламную прадукцыю пачатку ХХ стагоддзя. Ёсць тут і муляжы старажытных прылад, арыгінальны егіпецкі папірус, каменная прасліца са скандынаўскімі рунамі ХІІ стагоддзя, шыкоўныя калекцыі марак, паштовак і этыкетак на запалках розных краін свету.

Музей гісторыі адукацыі Міёршчыны

Гэты пакой пачне сваю работу ў хуткім часе пасля рэканструкцыі. Яго значэнне цяжка пераацаніць у выхаванні падрастаючага пакалення. Бо якіх бы поспехаў у жыцці ні дасягнуў чалавек, найважнейшая роля ў станаўленні яго асобы належыць менавіта нас­таўніку.

Этнаграфічны музей

Кажуць, без мінуўшчыны няма сучаснасці. Пачуць голас пакаленняў папярэднікаў можна ў прасторы народнага побыту “Сялянская хата”. Этнаграфічны музей знаходзіцца ў старой драўлянай хаце 1897 года пабудовы, якая перавезена ў школьны сад з в.Чапукі. Тут можна перанесціся ў розныя гістарычныя эпохі. Напрыклад, зра­біць падарожжа ў XIX — пачатак XX стагоддзя, “польскі час” 20—30-х гадоў XX стагоддзя, савецкі перыяд 50—60-х гадоў. Цікава пабачыць жорны, печ, лаўкі, прадметы бондарства, ганчарства, кавальства, цяслярства, ткац­тва і многае іншае, што ўжо выйшла з ужытку. Ёсць шмат сапраўды ўнікальных экспанатаў: пастка для пчол, калатоўка, жлухта, бязмен з каменнай сякеры і г.д. А на панадворку — рэчы сялянскай гаспадаркі. Здаецца, яны яшчэ памятаюць цеплыню рук гаспадароў…

Людміла КУРЫЛЬЧЫК
Фота Алега ІГНАТОВІЧА