Якасна, па-гродзенску

Няхай не крыўдуюць нашы сябры-падпісчыкі з іншых рэгіёнаў, аднак Гродзенская вобласць з’яўляецца абсалютным лідарам па колькасці аўтарскіх матэрыялаў, якія кожны дзень прыходзяць на рэдакцыйную пошту “Настаўніцкай газеты”. У камп’ютары кожнага журналіста нашага выдання ёсць стратэгічны запас з добрым дзясяткам, а ў кагосьці і з добрай сотняй рознатэматычных матэрыялаў, у якіх вы, паважаныя педагогі Гродзеншчыны, расказваеце пра свае дасягненні, дзеліцеся вопытам работы. Што самае галоўнае — якасным вопытам на якаснай журналісцкай мове. Менавіта з такімі прафесіяналамі і сустракаліся мы падчас прэс-туру. Вы расказвалі — мы запісвалі, вы паказвалі — мы фатаграфавалі. Цяпер настаў час нашай творчай справаздачы.

Першы пункт журналісцкага падарожжа — абласны цэнтр. Пабываць журналісту “Настаўніцкай газеты” ў Гродне і не завітаць хаця б у адну ўстанову адукацыі… Было б дзіўна, пагадзіцеся. Пабываць журналісту “Настаўніцкай газеты” ў Гродне і не прагуляцца па яго звілістых і ўтульных вулачках, не адчуць сэрцам і душой іх асаблівую атмасферу, не прайсціся да Старога замка, не забрацца на высокае замчышча і не палюбавацца адтуль панарамай старога моста, не паназіраць за плынню Нёмана, не зрабіць некалькі здымкаў на памяць… Пагадзіцеся, і гэта было б дзіўна. Што ж, не будзем дзівакамі. Наша падарожжа пачынаецца.

Гродна з даўніх часоў знаходзіцца на перасячэнні гандлёвых шляхоў, што садзейнічала эканамічнаму і культурнаму росту горада, уплывала на яго нацыянальны і рэлігійны склад, асаблівасці планіроўкі і архітэктурнай спадчыны. Гэтыя словы будуць справядлівымі ў дачыненні не толькі да абласнога цэнтра, але і ўсіх населеных пунктаў вобласці. Геаграфічнае становішча, багатае мінулае ўплываюць і на асаблівасці вучэбна-выхаваўчага працэсу рэгіёна. Узяць, напрыклад Квасоўскую сярэднюю школу — цэнтр фізкультурна-аздараўленчай работы Гродзенскага раёна. Адна з візітовак школы — міжнародныя спаборніцтвы па міні-футболе памяці Героя Беларусі Віталя Ільіча Крамко. Кожны год у іх прымаюць удзел каля 14 каманд з Польшчы, Украіны, Літвы, Расіі, не гаворачы ўжо пра Беларусь. Не апошнюю ролю ў папулярнасці гэтага турніру адыгрывае геаграфічнае становішча Квасоўкі. Але ці набыў бы турнір папулярнасць, калі б не зацікаўленасць мясцовых педагогаў, бацькоў навучэнцаў, адміністрацыі Гродзенскага раёна, а таксама падшэфнага прадпрыемства — вытворчага кааператыва імя В.І.Крамко? Наўрад ці. Менавіта з такога чатырохбаковага супрацоўніцтва і складаецца сакрэт паспяховага правядзення выхаваўчай работы ва ўстановах адукацыі Гродзенскай вобласці.

У Квасоўку мы яшчэ абавязкова завітаем, а пакуль што вернемся на вулачкі старога Гродна. Дзякуючы метадысту Гродзенскага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства Міхаілу Рыгоравічу Нарынкевічу, мы даведаліся шмат цікавага пра мінулае горада. А вось дзякуючы начальніку аддзела агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Святлане Станіславаўне Кавалеўскай, якая суправаджала журналістаў не толькі па вулачках старога Гродна, але і сцяжынках Квасоўкі, Капцёўкі, Васілішак, па вуліцах Шчучына і Ліды, мы адчулі асаблівую атмасферу гасціннасці і душэўнай цеплыні, якая пануе ў кампаніі жыхароў Гродзеншчыны.

У сярэдняй школе № 38 Гродна пануе атмасфера пошуку, творчасці, жыццёвага поспеху. Нездарма дэвізам школы з’яўляюцца наступныя словы: “Ваш поспех у жыцці — гэта наш жыццёвы поспех!” Паспяховыя навучэнцы, паспяховыя педагогі… Гэтая паспяховасць яскрава праяўляецца ў ажыццяўленні вучэбнага і выхаваўчага працэсу.

— Наша школа адаптыўная, у ёй займаюцца навучэнцы з рознымі здольнасцямі і матывацыяй. Наша мэта — стварыць умовы, каб кожны вучань мог вызначыць індывідуальны маршрут развіцця і рэалізаваць яго ў нашай установе адукацыі. 30 вучэбных эстэтычна аформленых і аснашчаных сучасным абсталяваннем кабінетаў, два камп’ютарныя класы, тры лінгафонныя кабінеты, актавая і спартыўная залы, стадыён, два тэнісныя корты, трэнажорная зала, бібліятэка, сталовая, медыцынскі і стаматалагічны кабінет, кабінеты псіхалагічнай разгрузкі і адпачынку для вучняў — усё гэта садзейнічае дасягненню названай мэты. Наша ўстанова — адна з самых вялікіх у Гродне па колькасці навучэнцаў. Наш калектыў — гэта 2160 вучняў і 192 педагогі. Школа з’яўляецца першай установай адукацыі горада з безбар’ерным асяроддзем. З 1 верасня 2012 года на базе школы адкрыты класы інтэграванага навучання і выхавання поўнай напаўняльнасці. З 2015 года ва ўстанове адукацыі пачалося вывучэнне кітайскай мовы ў рамках факультатыўных заняткаў, — паведаміў дырэктар сярэдняй школы № 38 Гродна Сяргей Мікалаевіч Кісялёў.

У школе багатыя традыцыі і выхаваўчай работы. У шосты дзень навучэнцам і бацькам прапануюцца розныя віды дзейнасці, якія даюць магчымасць кожнаму дзіцяці выбраць справу па душы. У інфармацыйна-бібліятэчным цэнтры праводзяцца цікавыя сустрэчы з паэтамі і празаікамі, арганізоўваецца работа літаратурных гасцёўняў, творчых майстэрань. Камп’ютарныя і лінгафонныя класы даюць магчымасць распрацоўваць цікавыя інтэрнэт-праекты. Дзейнасць LEGO-цэнтра прадугледжвае разнапланавыя заняткі па ўсіх напрамках выхаваўчай работы. Тэнісныя корты, каток у зімовы перыяд, спартыўная зала, школьны стадыён запрашаюць усіх аматараў актыўнага адпачынку на мерапрыемствы шостага школьнага дня. Дні здароўя, спорту і турызму карыстаюцца асаблівай папулярнасцю ў дзяцей і бацькоў. Школьныя вучэбныя майстэрні запрашаюць да заняткаў творчасцю.

Паспяхова дзейнічае ў школе клас ваенна-патрыятычнай накіраванасці. З мэтай падрыхтоўкі выхаванцаў класа для паступлення на ваенныя спецыяльнасці і службы ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь паміж 38-й школай і гродзенскім універсітэтам заключаны дагавор аб супрацоўніцтве, у рамках якога на базе ваеннага факультэта раз на месяц праводзяцца спецыяльныя заняткі. Кадэты атрымліваюць навыкі працы на сродках сувязі, абыходжання са стралковай зброяй. Акрамя вывучэння ваенных дысцыплін, праграма падрыхтоўкі прадугледжвае правядзенне спартыўных мерапрыемстваў. Абсалютная большасць кадэтаў упэўнены ў правільным выбары сваёй будучай прафесіі і жадаюць стаць курсантамі ваеннага факультэта.

Асаблівае месца ў выхаваўчай рабоце адводзіцца дзейнасці школьнага музея “Хрысціянскія каштоўнасці і народныя традыцыі ў сям’і”. Як адзначыла кіраўнік музея Святлана Юльеўна Ходар, музей створаны для сям’і, музей створаны сям’ёй. Экспазіцыя музея раскрывае наведвальнікам гісторыю, традыцыю, сэнс свят, якія аб’ядноўваюць сям’ю, садзейнічаюць фарміраванню каштоўнасных адносін да сям’і на аснове хрысціянскіх і народных традыцый. Традыцыйна ў музеі праводзяцца ўрокі духоўнасці, сустрэчы са святарамі, урокі памяці “Жыццё захавалі”, класныя гадзіны “З чаго пачынаецца Радзіма?”, “Святое імя маці” і сустрэчы з бацькамі “Сям’я — творца цывілізацыі”, а таксама факультатыўныя заняткі “Асновы праваслаўнай культуры” і “Мая Айчына”. — Музей “Хрысціянскія каштоўнасці і народныя традыцыі ў сям’і” створаны і дзейнічае ў рамках рэалізацыі Праграмы супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой. У залах “Народныя традыцыі ў сям’і”, “Хрысціянскія каштоўнасці ў сям’і”, “Сімвалы эпохі”, “Святыні зямлі беларускай” прадстаўлены іконы, кнігі, дакументы, прадметы побыту, народнай творчасці XVIII — XX стагоддзяў і раскрываецца тэма народнай культуры, народнай педагогікі, сямейнай культуры і хрысціянскіх каштоўнасцей. Наш музей з’яўляецца сумесным праектам 38-й школы і прыхода храма Сабора Усіх Беларускіх Святых. Мы не дубліруем нядзельную школу, музей гісторыі рэлігіі, мы проста спадзяёмся, што наш цёплы, светлы музей, музей свят абудзіць у дзяцей і падлеткаў жаданне ста ць лепшым, больш добрым, мудрым, а гэта і ёсць стымул духоўнага росту. Захоўваючы свецкі падыход, мы ўводзім навучэнцаў у свет хрысціянскіх каштоўнасцей, прасоўваем ідэю адказнага стаўлення да сябе і навакольных, да сям’і і Радзімы, — адзначыла кіраўнік музея.

Сучасныя кабінеты, сучасны стадыён, сучасныя тэхналогіі, сучасныя выхаваўчыя метады работы з навучэнцамі. Менавіта такой і павінна быць школа ХХІ стагоддзя, школа ў вялікім горадзе. А якой павінна быць сельская школа? Калектыў Квасоўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна адкажа, што такой жа сучаснай, з такімі ж сучасна аснашчанымі кабінетамі, сучасным стадыёнам, спартыўнай залай, сучаснымі тэхналогіямі і сучаснымі метадамі выхаваўчай работы з навучэнцамі.

Як адзначыла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Гродзенскага райвыканкама Таццяна Міхайлаўна Аксаміт, у кожнай установы адукацыі раёна свой прыярытэтны кірунак выхаваўчай работы. Калі ў Капцёўскай сярэдняй школы — турыстычна-краязнаўчы, то ў Квасоўскай — фізкультурна-аздараўленчы. Гэтая ўстанова адукацыі без перабольшання ўнікальная. Не кожная нават сталічная школа можа пахваліцца і добрай спартыўнай залай (ды яшчэ якой — на 1500 м2, з сучаснымі душавымі і санвузламі!), і выдатным аркестрам. 60% навучэнцаў займаюцца фізкультурай і спортам, а 40% наведваюць школу мастацтваў. Вось такі мікс фізкультуры і творчасці. Гонар школы — гэта і сучасная трэнажорная зала, аснашчаная на базе былога вучэбнага кабінета. Выдатная матэрыяльна-тэхнічная база і выдатныя вынікі на спартыўных спаборніцтвах — школа, як бачым, працуе гарманічна.

— Многае залежыць ад прафесіяналізму нашых педагогаў. Так, настаўніца фізічнай культуры Рамуальда Леанідаўна Сурконт падрыхтавала прызёраў мінулагодняга Рэспубліканскага конкурсу “300 талентаў для каралевы”, за што атрымала грамату ўпраўлення адукацыі і нашу падзяку. Дарэчы, яе выхаванцаў запрасілі навучацца ў будучай акадэміі лёгкай атлетыкі. Навучаюцца нашы дзеці і ў дзіцяча-юнацкіх спартыўных школах. Нашай падшэфнай гаспадарцы выгадна ўкладваць грошы ў развіццё фізічнай культуры і спорту. Па-першае, да іх на працу прыходзяць фізічна здаровыя работнікі, па-другое, ёсць свая футбольная каманда, якая, дарэчы, паспяхова выступае на спаборніцтвах. Удзельнікі каманды — выпускнікі нашай школы. Два нашы вучні на апошніх абласных спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы атрымалі дыпломы І ступені ў кіданні ядра і молата. Квасоўка — гэта цэнтр раёна па футбольным, міні-футбольным, баскетбольным кірунку, лёгкай атлетыцы, — паведаміў дырэктар Квасоўскай сярэдняй школы Алег Калікставіч Хрыптовіч.

Візітоўкай квасоўскай школы, акрамя ўжо згаданых міжнародных спаборніцтваў па міні-футболе, а таксама бацькоўскай спартландыі з’яўляюцца велапрабегі. Працягласць трасы — 17 км, пралягае яна праз помнікі, звязаныя з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. Падчас велапрабегу настаўнікі і вучні наводзяць чысціню каля помнікаў, ускладаюць кветкі. Такім чынам спартыўная акцыя сумяшчаецца з патрыятычнай.

Сучасныя кабінеты, сучасны стадыён, сучасныя тэхналогіі, сучасныя метады выхаваўчай работы з навучэнцамі — менавіта такой і павінна быць школа ХХІ стагоддзя, школа ў вялікім горадзе і школа ў сельскай мясцовасці.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *