Установы вышэйшай адукацыі Брэстчыны падвялі вынікі ўступнай кампаніі на бюджэтнай форме навучання. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

У Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С.Пушкіна набор абітурыентаў ажыццяўляўся на 9 факультэтаў па 20 спецыяльнасцях, у тым ліку па 2 новых (“Мікрабіялогія” — 2,6 заявы на месца і “Краіназнаўства і перакладчыцкая дзейнасць” — 1,2).
Адказны сакратар прыёмнай камісіі Дзмітрый Грыцук паведаміў, што сёлета на дзённую форму навучання за кошт бюджэту залічаны 690 абітурыентаў, на завочную — 70 (летась 675 і 62 адпаведна). Найбольшай папулярнасцю карысталіся спецыяльнасці “Правазнаўства” — 6,7 заявы на месца, “Бізнес-адміністраванне” — 4,2 і “Псіхалогія” (завочная форма) — 4,4.
— Радуе, што не змяншаецца попыт на педагагічныя спецыяльнасці, — адзначыў Дзмітрый Грыцук. — Сёлета па выніках субяседавання залічаны 33 выпускнікі педагагічных класаў (летась 20). Сярод першакурснікаў — 7 пераможцаў заключнага і абласнога этапаў рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, 25 пераможцаў універсітэцкай алімпіяды (летась 14), 48 медалістаў, а таксама 177 мэтавікаў (летась 128). Якасным складам абітурыентаў мы задаволены.
Сярэдні конкурс на дзённую бюджэтную форму навучання — 1,9 заявы на месца (летась 1,5). Максімальны прахадны бал — 352 (летась 360) на спецыяльнасць “Сучасныя замежныя мовы”. Сярод абітурыентаў — прадстаўнікі ўсіх абласцей краіны.
Сёлета ў Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт на дзённую бюджэтную форму навучання залічаны 495 чалавек, на завочную бюджэтную — 10 (летась 547 і 13 адпаведна).
— Выконваем план дзякуючы актыўнай прафарыентацыйнай рабоце ў школах і каледжах, а таксама факультэцкім конкурсам, — расказала адказны сакратар прыёмнай камісіі Вікторыя Зазерская. — Абітурыенты маглі пазначыць у пададзеных заявах не адну, а нават усе спецыяльнасці ў парадку прыярытэту. Гэта дазволіла адабраць лепшых і даць учарашнім школьнікам больш магчымасцей для паступлення.
Набор вёўся на 5 факультэтаў (архітэктурна-будаўнічы, эканамічны, інжынерных сістэм і экалогіі, электронна-інфармацыйных сістэм і машынабудаўнічы) па 31 спецыяльнасці, у тым ліку па адной новай (“Робататэхнічныя сістэмы” — амаль 1,7 заявы на месца) і адной новай прафілізацыі (“Інтэлектуальныя сістэмы жыццезабеспячэння будынкаў і збудаванняў”). Сярэдні конкурс — больш за 1,3 заявы на месца.
З году ў год у абітурыентаў не зніжаецца цікавасць да эканамічных (“Лагістыка” — каля 6,3 заявы на месца) і інжынерных (“Праграмная інжынерыя” — каля 4,6, “Архітэктура” — амаль 3,5) спецыяльнасцей. Прахадныя балы вагаліся ад 206 (“Інжынерныя сеткі, абсталяванне будынкаў і збудаванняў”) да 377 (“Электронная эканоміка”).
Якасны склад сёлетніх абітурыентаў у БрДТУ істотна павысіўся. Так, каля 47% з іх мелі сярэдні бал атэстата, ЦЭ і ЦТ вышэйшы за 300. У ліку першакурснікаў 16 пераможцаў універсітэцкай алімпіяды, 71 медаліст і 72 мэтавікі (летась 10, 49 і 62 адпаведна), а таксама 4 выпускнікі інжынерных класаў.
У Палескім дзяржаўным універсітэце, як расказала адказны сакратар прыёмнай камісіі Наталля Глінская, самымі папулярнымі сярод учарашніх школьнікаў былі спецыяльнасці “Маркетынг” — 3,1 заявы на месца, “Фінансы і крэдыт” — 3, “Фізічная рэабілітацыя і эргатэрапія” — 2,4 і “Фізічная культура” (завочная форма) — 4,6.
Не абышлі ўвагай абітурыенты і новую спецыяльнасць на завочнай форме навучання “Біяхімія” — 1,4. Сярэдні конкурс на бюджэтную форму навучання — 1,5 заявы на месца, як і летась.
Набор студэнтаў ажыццяўляўся на 4 факультэты (эканомікі і фінансаў, інжынерны, біятэхналагічны, арганізацыі здаровага ладу жыцця) па 16 спецыяльнасцях.
На дзённую бюджэтную форму навучання залічаны 493 чалавекі, на завочную — 41 (летась 475 і 59 адпаведна). Прахадныя балы — ад 242 (“Бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт”) да 302 (“Біяхімія”).
Сярод першакурснікаў — 19 пераможцаў універсітэцкай алімпіяды, 28 медалістаў, 11 уладальнікаў дыплома з адзнакай і 11 мэтавікаў (летась 14, 33, 1 і 4 адпаведна), а таксама адзін пераможца заключнага этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. Тры выпускнікі-выдатнікі ліцэя ПалесДУ залічаны без уступных выпрабаванняў. Пераважную большасць будучых студэнтаў складаюць прадстаўнікі Брэстчыны (амаль 68%), Гродзеншчыны (каля 11%) і Міншчыны (11%).
У Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце высокія конкурсы склаліся на педагагічных і эканамічных спецыяльнасцях: “Псіхалогія” — 2,6 заявы на месца, “Пачатковая адукацыя” — 2,2 і “Электронная эканоміка” — 2. Сярод завочнікаў самымі запатрабаванымі аказаліся “Правазнаўства” — 15,2, “Маркетынг” — 3,7 і “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт” — 3,5.
Не засталіся без увагі абітурыентаў спецыяльнасці “Сучасныя замежныя мовы (англійская, кітайская)” — амаль 1,9 заявы на месца, “Тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці” — каля 1,7, “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі” — 1,7 і “Тэхналагічная адукацыя” — каля 1,7. Найменшыя конкурсы назіраліся на спецыяльнасцях “Дашкольная адукацыя”, “Геаэкалогія” і “Сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная адукацыя”.
Сярэдні конкурс на бюджэтную форму навучання склаў больш за 1,6 заявы на месца (летась амаль 1,5). Прахадныя балы — ад 183 (“Геаэкалогія”) да 291 (“Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі”).
— Набор вёўся на 4 факультэты (інжынерны, педагогікі і псіхалогіі, эканомікі і права, лінгвістычны) па 22 спецыяльнасцях. Сярод новаўвядзенняў — прафілізацыя на спецыяльнасцях “Сучасныя замежныя мовы: англійская, нямецкая мовы (рэфератыўны пераклад)” і “Сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная адукацыя (медыятэхналогіі праектнага менеджменту ў сацыяльнай сферы)”, — расказала адказны сакратар прыёмнай камісіі Таццяна Герасімовіч. — Адкрыўся набор на завочную скарочаную форму навучання па спецыяльнасці “Адукацыя ў галіне фізічнай культуры” — конкурс склаў 1,9 заявы на месца. Пасля шматгадовага перапынку аднавіўся набор на такую ж форму навучання па спецыяльнасці “Пачатковая адукацыя” — 2.
На дзённую бюджэтную форму навучання залічаны 485 чалавек, на завочную — 131 (летась 456 і 111 адпаведна). У ліку абітурыентаў — 51 мэтавік, 27 пераможцаў універсітэцкай алімпіяды, 5 медалістаў, 33 уладальнікі дыплома з адзнакай, 57 выпускнікоў педагагічных і спартыўна-педагагічных класаў. 122 юнакі і дзяўчаты былі вызвалены ад уступных іспытаў. Высокі агульны бал (300 і вышэйшы) мелі 70 учарашніх школьнікаў. Больш за 30% абітурыентаў — выпускнікі гімназій, ліцэяў і каледжаў.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота з архіва рэдакцыі носіць ілюстрацыйны характар





