Якасць адукацыі і рацыянальнае выкарыстанне рэсурсаў: планы на бягучы год сістэмы адукацыі Магілёўшчыны

- 11:45Новости

Павышэнне эфектыўнасці работы і эканоміка навучальных устаноў гэтыя тэмы сталі лейтматывам пасяджэння выніковай калегіі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Вынікі работы акрэсліў прысутным начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Андрэй Заб­лоцкі.

— Летась у выкананні пастаўленых задач быў зроблены значны крок наперад. Планамерна павышаецца якасць адукацыі, значна ўдасканалена матэрыяльна-тэхнічная база навучальных устаноў, назіраецца і шэраг іншых станоўчых аспектаў развіцця, — паведаміў Андрэй Барысавіч.

Спрацавалі па ўсіх напрамках дастаткова прадукцыйна. Пры тым, што дзей­насць устаноў адукацыі разглядалася не толькі пад вуглом паляпшэння якасці адукацыі, але і праз прызму эканамічнай эфектыўнасці. На працягу года скарачалася колькасць малакамплектных школ, прымаліся меры па павелічэнні напаўняльнасці класаў, функцыянаванне навучальных устаноў ажыццяўлялася па мінімальным нарматыве бюджэтнай забяспечанасці.

— Аб’ём нарматыўнага фінансавання выкананы амаль усімі раёнамі. Але нам ёсць куды імкнуцца. Дзяржаўныя фінансавыя рэсурсы павінны выкарыстоўвацца рацыянальна, — адзначыў Андрэй Заб­лоцкі.

Добрыя тэндэнцыі захоўваюцца ў да­школьнай адукацыі. Даступнасць і якасць адукацыйных паслуг для дашкалят забяспечваюцца за кошт будаўніцтва новых устаноў, аснашчанасці сродкамі навучання і выхавання. Стабільна працуе і сістэма спецыяльнай адукацыі: ажыццяўляецца ранняе выяўленне і аказанне своечасовай карэкцыйна-педагагічнай дапамогі дзецям на прынцыпах інклюзіі.

У рабоце агульнаадукацыйных устаноў таксама назіраецца шэраг дасягненняў. Магілёўскія школьнікі заваёўваюць дып­ломы на міжнародных, рэспубліканскіх алімпіядах па вучэбных прадметах, паказваюць высокія балы на цэнтралізаваных экзаменах і тэсціраванні, праяўляюць сябе ў творчасці і спорце. За справаздачны перыяд была істотна палепшана матэрыяльная база — у 39 установах прайшлі маштабныя капітальныя рамонты, у школах Бабруйска, Магілёва і Магілёўскага раёна былі ўсталяваны сучасныя аконныя блокі. У 188 школах харчаванне арганізавана з прымяненнем новых падыходаў, актыўна ідзе перааснашчэнне харчаблокаў высокатэхналагічным абсталяваннем. Працягваецца пашырэнне сеткі профільных класаў. Цяпер у рэгіёне працуюць класы педагагічнай, аграрнай, спартыўна-педагагічнай, ваенна-патрыятычнай і інжынернай накіраванасці, што дапамагае навучэнцам загадзя вызначыцца з жыццёвым шляхам.

Ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі навучанне забяспечваецца з улікам змяненняў на рынку працы. За мінулы год падрыхтавана і выпушчана звыш 3,9 тысячы чалавек, усім ім прадастаўлена першае працоўнае месца. Пакуль яшчэ існуе праблема выканання планаў набору. Яе рашэннем стала скарачэнне ў школах 10-х класаў з вывучэннем прадметаў на базавым узроўні. Гэта павялічвае кантынгент навучэнцаў ка­ле­джаў.

Падрабязна закранулі на калегіі кад­равае пытанне. Яно пакуль надзённае, але зрухі ёсць. Мэтавая падрыхтоўка, педагагічныя класы, узмацненне прафарыентацыйных мерапрыемстваў, падтрымка маладых спецыялістаў прыносяць адпаведны плён. Па месцы размеркавання замацоўваюцца 73 працэнты маладых педагогаў. Аднак работа, звязаная з прагназаваннем патрэбы ў кадрах, зас­таецца на кантролі.

— Трэба пашыраць практыку накіравання на вучобу абітурыентаў на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, паколькі толькі мэтавае навучанне з’яўляецца гарантам прыезду будучага спецыяліста для работы ў канк­рэтны рэгіён. Дырэктары павінны рыхтаваць педагогаў для сваёй установы з ліку вучняў. Большы ўпор варта рабіць на прафарыентацыю, наладжванне цеснага ўзаемадзеян­ня з установамі вышэйшай адукацыі, — арыентаваў Андрэй Барысавіч.

Асаблівы акцэнт на калегіі быў зроблены на выхаваўчай рабоце. Як было заўважана, педагагічныя калектывы павінны фарміраваць у навучэнцаў актыўную грамадзянскую пазіцыю, неабыякавасць да мінулага і сучаснасці сваёй Радзімы. Новы імпульс плануецца надаць руху “Юныя патрыёты Магілёўшчыны” і рэгіянальным ваенна-патрыятычным клубам, супрацоўніцтву з грамадскімі аб’яднаннямі БРПА і БРСМ.

— Нельга забываць і пра ўсебаковую работу з сям’ёй. Выхаваўчая прастора ўстаноў адукацыі мае ўсё для арганізацыі ўзаемадзеяння з бацькамі. Трэба забяспечыць выніковасць бацькоўскіх універсітэтаў і класнага кіраўніцтва. Гэта дазволіць выконваць нашу галоўную мэту: гадаваць дзяцей дасведчанымі, ініцыятыўнымі людзьмі, гатовымі жыць і працаваць на карысць роднай краіны, — падкрэсліў Андрэй Заблоцкі.

Азначаная задача будзе асноўнай у планах на бягучы год. Удзельнікі пасяджэння прынялі і шмат іншых рашэнняў. Яны стануць своеасаблівым падмуркам, на якім будзе будавацца далейшае развіццё сферы адукацыі Магілёўшчыны.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара