Педагагічны форум “Высокая якасць сталічнай адукацыі — інавацыйнаму развіццю горада” прайшоў гэтымі днямі ў Мінску і сабраў дырэктараў устаноў адукацыі, настаўнікаў-практыкаў, кіраўнікоў дзяржаўных і грамадскіх аб’яднанняў, прадстаўнікоў дэпутацкага корпуса. У рабоце форуму прынялі ўдзел намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь А.А.Тозік, старшыня Мінгарвыканкама М.А.Ладуцька, міністр адукацыі С.А.Маскевіч.
На выставе, якая адкрылася ў межах форуму і была прысвечана інавацыям у сферы адукацыі, педагагічныя калектывы прадэманстравалі свае лепшыя напрацоўкі. Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі прадставіў матэрыялы гарадскога конкурсу “ІТ-рэгіён”. Нікога не пакінула абыякавым спецыяльная экспазіцыя “ІТ: тэхналогіі поспеху”, дзе гімназія № 37 прадставіла “Школу робататэхнікі”. Цікавай і змястоўнай была экспазіцыя вопыту дашкольных устаноў адукацыі па фарміраванні ў дзяцей інтарэсу да культурна-гістарычнай спадчыны беларускага народа. Тут можна было ўбачыць “Мінімузей беларускай цацкі”, аўтарскія электронныя прадукты, дапаможнікі і гульні.
Адказваючы на пытанні журналістаў, віцэ-прэм’ер нашай краіны А.А.Тозік адзначыў, што асноўныя задачы, якія сёння стаяць перад сістэмай адукацыі Беларусі, — гэта якасць выкладання і навучання, а таксама рацыянальнае выкарыстанне бюджэтных сродкаў. “Галоўнае — якасная падрыхтоўка кадраў, якія любяць сваю краіну, гатовы стаць высокакваліфікаванымі спецыялістамі ў будучыні і ўмеюць атрымліваць веды”, — падкрэсліў віцэ-прэм’ер.
У цяперашні час існуе праблема з кадрамі ў сферы адукацыі, прызнаў А.А.Тозік. — Гэта і ўзровень заработнай платы, над якім мы сёння сур’ёзна працуем, і стварэнне нармальных жыллёвых умоў. Вы пыталіся ў мяне, чым наша школа адрозніваецца ад школы трыццаць гадоў назад, ці ад той, у якой я вучыўся. Дык вось, там было больш настаўнікаў, для якіх школа была не работай, а жыццём. Вельмі хацелася б, каб такіх настаўнікаў і сёння было больш. Выкладанне павінна быць сэнсам жыцця педагога. А для гэтага патрэбны адпаведныя ўмовы, — падкрэсліў А.А.Тозік. — Мы змаглі павысіць заработную плату — не многа, але павысілі, хаця пры гэтым павялічана і нагрузка з 18 да 20 гадзін. Думаю, што да канца гэтага года мы яшчэ штосьці зможам зрабіць… Неабходна звярнуць увагу на выкарыстанне пазабюджэтных сродкаў. Прынята пастанова Савета Міністраў, якая дае права кіраўнікам не толькі зарабляць гэтыя грошы, але і выкарыстоўваць неабмежаваны працэнт заробленых сродкаў на стымуляванне і падтрымку маладых таленавітых педагогаў, а таксама тых, хто актыўна працуе з вучнямі. Хацелася б, каб кіраўнікі нашых навучальных устаноў, раённых упраўленняў адукацыі звярнулі на гэта ўвагу і больш шырока выкарыстоўвалі гэтыя магчымасці.
На пленарным пасяджэнні з дакладам выступіў старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама М.У.Мірончык. Ён адзначыў, што вынікі мінулага навучальнага года зноў пацвердзілі высокую марку сталічнай адукацыі. Сярод дасягненняў — ва ўстановах дашкольнай адукацыі зніжаецца захваральнасць дзяцей (7,7 дня, прапушчаных за год па хваробе адным дзіцем), высокі і дастатковы ўзровень ведаў паказалі 50% выпускнікоў 2-й ступені і 67% — 3-й, горад 13-ты год лідзіруе ў рэспубліканскіх прадметных алімпіядах, 42 мінскія школьнікі сталі прызёрамі і пераможцамі міжнародных алімпіяд і навукова-практычных канферэнцый.
“Вынікі добрыя. І гэта заканамерна. Але час ставіць задачы больш высокага ўзроўню: забяспечыць такую якасць адукацыі, якая будзе садзейнічаць інавацыйнаму развіццю, — падкрэсліў М.У.Мірончык. — Гэта магчыма толькі ў тым выпадку, калі і сама адукацыя стане галіной, якая інавацыйна развіваецца, што прадугледжвае стварэнне адукацыйнай прасторы новага зместу, фарміраванне нестандартнага прафесійнага мыслення кіраўнікоў і педагогаў, апераджэнне ў забеспячэнні адукацыйнага заказу. Вырашэнне задач бачыцца ў эфектыўным выкарыстанні ўнутраных рэзерваў і рэсурсаў, а таксама ў пошуку і прыцягненні знешніх”.
Адным з рэзерваў развіцця сістэмы з’яўляецца аптымізацыя сеткі ўстаноў адукацыі. Для дашкольнай адукацыі актуальна развіццё яе новых форм. У мінулым навучальным годзе на трэць павялічылася колькасць груп кароткачасовага знаходжання, у цяперашні час іх 293.
Актыўна ў гэтым напрамку папрацавалі Першамайскі, Цэнтральны раёны. А ў Маскоўскім раёне колькасць такіх груп за год павялічылася ў 7 разоў. Адносна новымі формамі дашкольнай адукацыі з’яўляюцца групы з комплексам дадатковых паслуг. Іх у горадзе недастаткова. Аператыўней іншых адрэагавалі на запыты бацькоў у Цэнтральным раёне, дзе працуе трэцяя частка такіх груп.
Зараз у Мінску вядзецца будаўніцтва 4 школ і 4 дашкольных устаноў. Школы ўзводзяцца ў мікрараёнах Лябяжы, Лошыца, Каменная Горка, па вуліцы Каліноўскага. Нядаўна ўведзены ў эксплуатацыю школа-новабудоўля № 59 у Фрунзенскім раёне і 2 дзіцячыя садкі.
У сістэме адукацыі Мінска функцыянуе 786 устаноў розных тыпаў і відаў, большасць з якіх адпавядае сучасным патрабаванням. У новых установах ёсць па некалькі камп’ютарных класаў, спартыўных залаў, басейны, сучасныя плоскасныя збудаванні, харчовыя і медыцынскія блокі. Набліжаны да такіх умоў і ўстановы пасля капітальнага рамонту і рэканструкцыі.
Разам з тым, паводле слоў М.У.Мірончыка, школа не толькі будынак, гэта змест і форма арганізацыі адукацыйнага працэсу, яго аснашчанасць. Роля кіраўніка-менеджара — ведаць патрабаванні і запыты сённяшняга дня, прадбачыць перспектыўныя напрамкі развіцця адукацыйнага працэсу, мабільна рэагаваць на змяненні ў гэтай сферы і пераразмяркоўваць рэсурсы.
На думку М.У.Мірончыка, сёння ставіцца задача пошуку рэзерваў для павышэння якасці і эфектыўнасці факультатыўных заняткаў. Перш за ўсё яны заключаюцца ў змяненні псіхалогіі настаўніка і кіраўніка, якія павінны разглядаць факультатывы не як сродак павелічэння заработнай платы, а як рэалізацыю права навучэнцаў на развіццё інтарэсаў і здольнасцей.
Крытычна прааналізаваўшы вынікі работы сістэмы адукацыі горада, М.У.Мірончык прапанаваў шляхі яе ўдасканалення. Так, вынікі выпускных экзаменаў за 2 ступень адукацыі паказалі, што ў сярэднім 50% навучэнцаў здалі экзамены з адзнакамі высокага і дастатковага ўзроўняў. Але пры гэтым амаль 23% навучэнцаў паказалі веды здавальняючага і нізкага ўзроўняў. Больш за ўсё — па матэматыцы і гісторыі Беларусі. Насцярожвае, што вынікі навучання матэматыцы невысокія на працягу ўжо шэрагу гадоў. Як лічыць старшыня камітэта, адзін з рэзерваў павышэння якасці ведаў — фарміраваць матывацыю школьнікаў у сярэдніх класах і эфектыўна выкарыстоўваць для індывідуальнай работы з навучэнцамі такі рэсурс, як стымулюючыя і падтрымліваючыя заняткі.
Альбо такі прыклад. 13 гадоў запар Мінску належыць першае агульнакаманднае месца па выніках заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды. Але ўжо не першы год ёсць пачуццё некаторай трывожнасці: скарачаецца адрыў ад рэгіёнаў па колькасці дыпломаў (16), зніжаецца і іх якас ць. Рэзервы для захавання і ўзмацнення вынікаў М.У.Мірончык бачыць у стварэнні максімальна спрыяльных умоў для бесперапыннага развіцця адораных дзяцей менавіта ў сценах сваёй установы. Патрэбны індывідуальныя адукацыйныя траекторыі, індывідуальны падыход, тэхналогіі індывідуальнага навучання.
Зразумела, якасць адукацыйнага працэсу залежыць ад настаўніка. Сёння ў сталіцы 30,7 тысячы педагагічных работнікаў. Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі працуе 89,3% спецыялістаў з вышэйшай педагагічнай адукацыяй, у дашкольных — 30,3% з вышэйшай спецыяльнай педагагічнай адукацыяй, у сістэме ПТА — 74% педагагічных работнікаў. Аднак ужо акрэсліліся дзве праблемы: змяняльнасць маладых настаўнікаў складае 45% штогод і практычная адсутнасць абітурыентаў на педагагічныя спецыяльнасці ў базавыя педагагічныя УВА. Вырашэнне праблем бачыцца ва ўмацаванні аўтарытэту і сацыяльнага статусу настаўніка. Апладысментамі ў зале была сустрэта прапанова аб аднаўленні работы педагагічных каледжаў.
Перад удзельнікамі форуму выступіў міністр адукацыі С.А.Маскевіч. Па яго словах, найважнейшая задача школы — навучыць школьніка атрымліваць веды і дапамагчы яму прафесійна самавызначыцца. Паспяховасць і ўладкаванасць школьніка ў жыцці, яго задаволенасць ведамі — усе гэтыя фактары вызначаюць, ці атрымае ён якасную адукацыю. У гэтыя крытэрыі ўваходзяць не толькі вынікі вучобы, але і ўся сістэма, гэта значыць тыя ўмовы, якія гарантуюць, што навучэнцы атрымліваюць комплекснае асобаснае і сацыяльнае, грамадскае развіццё, якое дазваляе ім быць паспяховымі ў жыцці.
Закрануўшы тэму якасці адукацыі, С.А.Маскевіч спыніўся на выніках мінскіх школьнікаў у цэнтралізаваным тэсціраванні, удзеле ў рэспубліканскай і міжнародных прадметных алімпіядах, а таксама на асобных паказчыках эфектыўнасці выхаваўчай работы.
Адным з паказчыкаў рэзультатыўнасці работы органаў кіравання адукацыяй і ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў частцы аптымізацыі бюджэтных выдаткаў з’яўляецца паказчык напаўняльнасці класаў. Як адзначыў С.А.Маскевіч, у сталіцы ёсць яшчэ рэзервы, паколькі напаўняльнасць, хоць і самая высокая ў рэспубліцы, але ніжэй за нарматыўна ўстаноўленую — 22 навучэнцы ў класе. А напаўняльнасць 10-11 класаў яшчэ ніжэйшая. Таму для кіраўнікоў аддзелаў і ўстаноў адукацыі першачарговай задачай з’яўляецца выкананне патрабавання аб павелічэнні напаўняльнасці ў новым навучальным годзе 1, 5 і 10 класаў да 24 навучэнцаў.
Сярод актуальных задач на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі, вырашэнне якіх неабходна забяспечыць у новым навучальным годзе, С.А.Маскевіч назваў стварэнне рацыянальнай і аптымальнай сеткі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, у якіх будуць функцыянаваць класы з вывучэннем на павышаным узроўні асобных вучэбных прадметаў з улікам запатрабаванасці на рынку працы прафесій, а таксама павышэнне якасці прафарыентацыйнай работы.
На жнівеньскай педагагічнай нарадзе адбылося ўшаноўванне маладых спецыялістаў і ўзнагароджанне лепшых сталічных педагогаў. Так, нагрудным знакам Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі” адзначаны 9 педагогаў. У іх ліку — дырэктар гімназіі № 21 А.С.Казакевіч, настаўніца хіміі гімназіі № 13 І.І.Окава, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 23 Г.С.Полудзень, настаўнік геаграфіі сярэдняй школы № 90 С.Б.Холеў.