Якасць працоўнага навучання і выхавання ў школе неабходна павышаць

- 10:40Інфармацыйная гадзіна

У Беларусі прапрацуюць арганізацыю працоўнага навучання і выхавання ў старшых класах, паведамілі ў прэс-цэнтры Міністэрства адукацыі па выніках нарады з удзелам намесніка прэм’ер-міністра Васіля Жарко.

Мінадукацыі сумесна з Міністэрствам фінансаў, кіраўнікамі ўстаноў адукацыі прапрацуюць пытанні арганізацыі працоўнага навучання і выхавання ў старшых класах, будуць прыняты адпаведныя рашэнні. Акрамя таго, старшакласнікам прадаставяць пашыраныя магчымасці прафесійнай падрыхтоўкі па шэрагу прафесій. Для гэтага задзейнічаюць неабходныя рэсурсы, у тым ліку і базу прафесійна-тэхнічных устаноў. У Мінадукацыі таксама лічаць неабходным узяць на асаблівы кантроль выкарыстанне гадзін грамадска карыснай працы для прафарыентацыйнай работы з улікам рэальных магчымасцей устаноў адукацыі, запытаў вучняў, патрэб рынку працы, запатрабаванасці прафесій.

У час нарады Васіль Жарко падкрэсліў, што якасць працоўнага навучання і выхавання ў школе неабходна павышаць. Ён нагадаў, што такую задачу паставіў перад сістэмай адукацыі кіраўнік дзяржавы на Рэспубліканскім педагагічным савеце. Шляхі вырашэння гэтай задачы абмяркоўваліся на нарадзе, у якой прыняі ўдзел міністр адукацыі Ігар Карпенка, намеснік міністра фінансаў Юрый Селіверстаў, прадстаўнікі органаў кіравання адукацыяй, устаноў адукацыі абласцей і Мінска. “Лічу, што на сённяшні дзень працоўнае выхаванне страчана. Вучэбных гадзін у базавай школе яўна недастаткова, не гаворачы пра 10—11 класы, дзе гэтыя гадзіны на працоўнае навучанне наогул не прадугледжаны. У Кодэксе аб адукацыі таксама не прапісана працоўнае навучанне ў старшых класах. Гэтае пытанне трэба прадумаць. Што тычыцца зместу вучэбнага прадмета “Працоўнае навучанне”, то ён павінен быць максімальна практыка-арыентаваным і не адставаць ад жыцця”, — сказаў віцэ-прэм’ер.

Доўгі час такую магчымасць прадастаўлялі міжшкольныя вучэбна-вытворчыя камбінаты. Так, у2000 годзе больш за 80 працэнтаў школьнікаў праходзілі прафесійную падрыхтоўку ў ВВК. Выпускнік атрымліваў кваліфікацыю рабочага, пасведчанне і меў магчымасць працаваць па прафесіі. На гэты момант у шэрагу рэгіёнаў міжшкольныя ВВК аптымізаваны або рэарганізаваны і перададзены ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, дзе адкрыты аддзяленні дапрафесійнай і пачатковай прафесійнай падрыхтоўкі. Дзесьці яны проста закрыліся.

Васіль Жарко ўзняў пытанне, ці ўсе жадаючыя з ліку вучняў 10—11 класаў сёння маюць магчымасць атрымаць пачатковую прафесійную падрыхтоўку, ці дастаткова гадзін для атрымання прафесійных навыкаў на належным узроўні. Віцэ-прэм’ер канстатаваў, што каля 70 працэнтаў старшакласнікаў сёння не ахоплены працоўным навучаннем, у той час як у 1990—2000 гадах такую прафпадрыхтоўку атрымлівалі больш за 80 працэнтаў вучняў.