Якім павінен быць урок беларускай літаратуры?

- 12:17Адукацыйная прастора

Якім павінна быць навучанне, каб яно падахвочвала вучня да творчасці, развівала яго здольнасці, фарміравала яго пазнавальную актыўнасць, рабіла яго не пасіўным гледачом на ўроку, а актыўным удзельнікам? Чым кіравацца, каб урок літаратуры стаў адкрыццём новага, незабыўнага, таямнічага і цікавага?

Гэтае пытанне стаяла перада мной як настаўнікам на працягу многіх гадоў. Асабліва востра — пры пераходзе малодшых школьнікаў у сярэдняе звяно, калі яны ўступаюць у падлеткавы ўзрост і вучэбная дзейнасць губляе сваё вядучае значэнне ў развіцці вучняў. Як зрабіць “свой” урок “нашым” урокам, зраўнаваць настаўніцкае “трэба” з вучнёўскім “хачу”? Лічу, што немагчыма дасягнуць поспехаў у вырашэнні задач, якія пастаўлены перад настаўнікам, без фарміравання і развіцця ўстойлівай пазнавальнай цікавасці вучняў да вывучаемага матэрыялу, актывізацыі пазнавальнай дзейнасці.

Пад развіццём пазнавальнай дзейнасці доктар педагагічных навук прафесар І.П.Падласы прапаноўвае разумець мэтанакіраваную працу настаўніка па павышэнні ўзроўню (ступені) вучэбнай актыўнасці школьнікаў. Даследчык адзначае, “што пазнавальная (вучэбная) актыўнасць вучня выяўляецца ў імкненні вучыцца, пераадольваючы цяжкасці на шляху здабывання ведаў, у прыкладанні максімуму асабістых валявых намаганняў і энергіі ў разумовай працы”.

Такім чынам, развіццё пазнавальнай дзейнасці — гэта двухбаковы працэс. Умовы, якія актывізуюць працэс пазнання, стварае перш за ўсе настаўнік, а дэманструе вынікі гэтых умоў — уласна пазнавальную актыўнасць — вучань.

Апрабаваныя мной найбольш эфектыўныя метады і прыёмы развіцця крытычнага мыслення вучняў дазваляюць ім свядома і канструктыўна вырашаць канкрэтна-пазнавальныя задачы, засвойваць канкрэтны змест прадмета, а таксама асэнсоўваць уласную дзейнасць у гэтым напрамку, авалодваць рэфлексіўнымі механізмамі.

Сістэма метадаў і прыёмаў развіцця крытычнага мыслення садзейнічае паступоваму пераходу вучняў ад першасных ведаў да ўспрымання новых, актыўнай працы з інфармацыяй, дазваляе кожнаму індывідуальна і самастойна фарміраваць свае веды, ацэньваць іх, прымаць рашэнні.

Метады і прыёмы ўводзіліся мной паступова ў наступным парадку: ад накіраваных на запамінанне, аналіз і асэнсаванне спецыфічнай інфармацыі (“Маркіроўка тэксту”, “Ведаў — хачу даведацца — даведаўся”, “Канцэптуальная табліца”, “Чытанне са стопамі”, “Правільныя і няправільныя сцвярджэнні”, “Складанне кластара”, “Ключавыя словы і выразы”, “Пераблытаныя лагічныя ланцужкі”) да накіраваных на творчае прымяненне і ацэнку дадзенай інфармацыі (“Сінквейн”, “Алфавіт”, “Двайны дзённік”, “Аналіз крытычнага артыкула”, эсэ). (Дадатак 1.)

У структуры заняткаў (з пазіцыі тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення) вылучаюць тры стадыі: выклік, асэнсаванне, рэфлексія.

На першай стадыі — выклік — вучні атрымліваюць заданне, падчас выканання якога адзначаюць, што ім вядома або што яны думаюць пра пэўнае паняцце, падзею, з’яву, заканамернасць і г.д. Мая роля тут заключаецца ў тым, каб стаць правадніком для вучняў, прымушаючы іх разважаць. Прымаецца любое меркаванне, пункт погляду. У такіх умовах адбываецца працэс навучання — працэс сувязі новага з ужо вядомым. На гэтай стадыі прапаноўваю разабрацца ў “Правільных і няправільных сцвярджэннях”, знайсці падказку ў “Ключавых словах і выразах”.

Прыём “Правільныя і няправільныя сцвярджэнні” дазваляе на ўроках праверыць веданне фактычнага матэрыялу і развіваць у вучняў уменне даваць ацэнку сцвярджэнню і аргументаваць сваю пазіцыю. На ўроках літаратуры вучні атрымліваюць заданне выпісаць з тэксту выказванні, з якімі пагаджаюцца або не пагаджаюцца, і пісьмова прадставіць свае доказы; або ім прапаноўваюцца спрэчныя сцвярджэнні з вывучаемага мастацкага твора з наступным абмеркаваннем іх у класе.

На стадыі асэнсавання вучні працуюць з вучэбным матэрыялам (часцей — самастойна): падручнікам, тэкстам, іншай інфармацыяй, якую прапануе настаўнік. Загадзя школьнікам ставяцца пэўныя пытанні або паведамляецца аб тых заданнях, якія вучні павінны выканаць пасля знаёмства з прапанаваным матэрыялам і пасля яго аналізу. Для работы з тэкстам удалым з’яўляецца прыём “Інсерт” (чытанне з алоўкам), прыём “Ведаю — хачу ведаць — даведаўся”, заданні тыпу “Скласці план тэксту”, “Задай пытанні аднакласніку” (настаўніку), “Закончы фразу”.

Пры выкарыстанні метаду “Закончы фразу” вучням неабходна прадоўжыць выказванне, пачатае настаўнікам ці іншым вучнем. Такі від працы дазволіць, па-першае, выявіць узровень засваення вывучаемага матэрыялу, па-другое, будзе спрыяць развіццю пазнавальнай дзейнасці вучняў, паколькі перад школьнікамі будзе пастаўлена задача не толькі слухаць і ўспрымаць пэўны матэрыял, але і пры першай неабходнасці ўключацца ў актыўную працу.

Для развіцця пазнавальнай цікавасці, замацавання вучэбнага матэрыялу, прымянення яго ў новых сітуацыях выкарыстоўваю гульні-практыкаванні: віктарыны, крыжаванкі, рэбусы і інш. Падчас гульні ў вучняў фарміруюцца якасці актыўных удзельнікаў, яны вучацца знаходзіць і прымаць рашэнні, атрымліваць радасць ад зносін з аднакласнікамі. Грунтоўнасць засваення новай тэмы на ўроку, выяўленне таго, як умее мысліць вучань, можна праверыць з дапамогай прыёму “Тэма ў пытаннях”. Вучні павінны самастойна скласці пытанні па вывучанай тэме. Гэта дазваляе выявіць, наколькі глыбока засвоена тэма. Настаўнік адразу бачыць прабелы ў засваенні матэрыялу.

Асабліва падабаецца школьнікам метад прагназавання. Чытаючы новы твор, спыняюся на самым цікавым ці напружаным моманце і прапаную вучням прадказаць далейшае развіццё падзей. Тут і пачынаецца самае неверагоднае. Некаторыя варыянты бываюць вельмі цікавымі. Потым вучні дачытваюць твор і выказваюць свае меркаванні: які варыянт больш спадабаўся і чаму. Гэты від работы над творам выпрацоўвае ў вучняў уменне прагназаваць далейшае развіццё падзей, складаць звязны тэкст, паслядоўна выказваць свае думкі перад класам.

На стадыі рэфлексіі часта выкарыстоўваю прыём складання сінквейна (вершаванае пяцірадкоўе па тэме ўрока) альбо кластара.

Сінквейн можа дапамагчы арганізаваць выніковае паўтарэнне, рэзюмаваць атрыманую інфармацыю, ацаніць паняційны багаж вучняў, навучыць выяўляць складаныя пачуцці і выказваць прадстаўленні ў кароткай форме.

Сінквейны карысныя ў якасці спосабу для сінтэзавання складанай інфармацыі, у якасці зрэзу ацэнкі паняційнага і слоўнікавага багажу вучняў. Можна прааналізаваць лексічнае багацце (або беднасць) прапанаваных сінквейнаў і зрабіць вывад. Пры знешняй прастаце формы сінквейн — хуткі, але моцны інструмент для рэфлексіі.

Акрамя сінквейнаў, на этапе рэфлексіі выкарыстоўваю кластары, асабліва пасля вывучэння эпічных твораў. Кластары — гэта графічныя сістэматызатары, якія паказваюць некалькі розных тыпаў сувязей паміж аб’ектамі або з’явамі. У цэнтры ліста запісваецца слова (тэма, праблема). Вакол гэтага слова — словы ці прапановы, якія прыходзяць у галаву ў сувязі з гэтай тэмай. Кластар — гэта вылучэнне сэнсавых адзінак тэксту і іх графічнае афармленне ў пэўным парадку ў выглядзе гронкі. “Гронкі” — графічны прыём сістэматызацыі матэрыялу. Звычайна вучнёўскія кластары — гэта сінтэтычная праца, якая ўключае ў сябе і малюнак, і аналіз паводзін героя, і асабістыя адносіны да яго.

Творчыя пісьмовыя работы, на мой погляд, не толькі спрыяюць абагульненню і паглыбленню звестак аб мастацкім творы, яго ідэйным змесце, але і фарміруюць, развіваюць інтэлектуальную і эмацыянальна-валявую сферы асобы вучня, што актывізуе творчы патэнцыял, садзейнічае развіццю пазнавальнай дзейнасці. Таму пры вывучэнні многіх літаратурных твораў, акрамя водгукаў, я прапаноўваю вучням напісаць эсэ на вызначаную тэму.

Развіваючы рэфлексіўныя здольнасці вучня, мы дапамагаем яму самастойна будаваць уласную жыццядзейнасць. Менавіта гэтая здольнасць дазваляе чалавеку самавызначацца, уключацца ва ўжо існуючыя і ствараць новыя віды дзейнасці і формы зносін з іншымі людзьмі.

Для сябе я адзначыла, што ў сучасных умовах вельмі важна, каб вучні маглі слухаць іншых, выказваць свае меркаванні, не баючыся быць высмеянымі за свае погляды.

Выкарыстанне ў практыцы тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення для развіцця пазнавальнай дзейнасці дапамагае зрабіць адукацыйны працэс больш цікавым, цэласным і цесна звязаным як з інтарэсамі вучняў, так і з рэальным жыццём; развівае творчае і крытычнае мысленне, камунікатыўныя здольнасці школьнікаў. Творчыя ўменні вучняў павышаюць матывацыю да вывучэння прадметаў і дазваляюць выкары-стоўваць разнастайныя формы правядзення вучэбных заняткаў.

Выкарыстанне апісаных метадаў і прыёмаў дапамагае зрабіць навучанне цікавым і займальным, а таксама прыносіць вучням радасць ад спазнання новага, адчуванне асабістага дачынення да новага свету ведаў. Дзякуючы тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення навучанне становіцца мэтанакіраванай, змястоўнай дзейнасцю. Вучні працуюць інтэлектуальна і прыходзяць да вырашэння рэальных праблем, што спрыяе актывізацыі пазнавальнай дзейнасці пры вывучэнні беларускай літаратуры.

Уменне мысліць крытычна дапамагае скараціць колькасць учынкаў, аб якіх пасля прыйшлося б шкадаваць, а значыць, павялічвае шансы на поспех.

Дзейсным фактарам у фарміраванні гэтых сфер з’яўляецца асоба настаўніка. Неабходна заўсёды знаходзіцца ў пошуку новых творчых метадаў навучання і выхавання. Безумоўна, трэба ўлічваць усё, пачынаючы ад пабудовы ўрока да выпрацоўкі асабістай дыдактыка-метадычнай сістэмы, у тым ліку літаратура- і мовазнаўчай канцэпцый, якія заўсёды накіраваны на асобу вучняў.

Лічу, калі вучань умее працаваць у камандзе, знаходзіць адказы на пастаўленыя пытанні, дакладна фармуляваць свае думкі, самарэалізоўвацца, знаходзіць патрэбную інфармацыю, ён будзе паспяховым і ў далейшым жыцці.

Таццяна СЫС,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Гервяцкай
сярэдняя школы Гродзенскай вобласці.