У Суткоўскай сярэдняй школе Лоеўскага раёна, якая размешчана ў комплексе былой сядзібы графіні Бараноўскай, працуе ўнікальны школьны музей. Настаўнік гісторыі, грамадазнаўства і геаграфіі Андрэй Колас правёў пазнавальную экскурсію. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Школьны музей быў заснаваны ў 1955 годзе вядомым беларускім вучоным Георгіем Васільевічам Штыхавым, які пачынаў свой прафесійны шлях у Суткоўскай школе, — уводзіць у курс справы Андрэй Колас. — Г.Штыхаў — вядомы археолаг, лічыцца адным з заснавальнікаў беларускай археалагічнай школы. На адным са стэндаў музея якраз і прадстаўлены яго замалёўкі, якія ён уласнаручна зрабіў пры раскопках. Дарэчы, пад яго кіраўніцтвам былі праведзены раскопкі на тэрыторыі Віцебска, Полацка, Заслаўя, Барысава і іншых гарадоў. Знойдзеныя артэфакты Георгій Васільевіч перадаў школе. А яшчэ ён склаў першую археалагічную карту Беларусі.
Першая зала музея этнаграфічная, тут знаходзяцца прадметы сялянскага побыту. Сярод экспанатаў асаблівай папулярнасцю ў школьнікаў карыстаюцца каромысел, лямпачкі, прасы, адзін з якіх важыць 5 кг. Калі дзеці прыходзяць на экскурсію, вядома, ім цікава дакрануцца да кожнага прадмета даўніны. Музей увесь час папаўняецца экспанатамі, за гэтым пільна сочыць Андрэй Васільевіч. Паводле яго слоў, на стэлажах можна налічыць 198 экспанатаў асноўнага фонду і 71 — дапаможнага.
Некалькі крокаў наперад і налева — і мы апынаемся ля стэнда, які расказвае пра гісторыю Суткоўскай сярэдняй школы, размешчанай у комплексе былой сядзібы графіні Бараноўскай. Зараз асабняк з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, уражвае веліччу класічнай архітэктуры. З вокнаў вучэбных кабінетаў адкрываецца маляўнічы від на парк і фруктовы сад. Атмасфера тут неверагодная — дух займае… Калісьці ў сядзібе ладзілі свецкія вечарыны. У будынку ў 1943 і 1944 гадах размяшчаўся чырвонаармейскі шпіталь, а зараз у гэтых сценах педагогі выхоўваюць падрастаючае пакаленне нашай краіны.
— Суткоўская школа была заснавана графіняй Кацярынай Бараноўскай у 1904 годзе, — працягвае Андрэй Колас. — Праўда, будынак, у якім раней размяшчалася ўстанова адукацыі, быў разбураны. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі было прынята рашэнне адкрыць школу на базе сядзібы. Першым дырэктарам стаў доктар гістарычных навук Лук’ян Паўлавіч Бушчык. Называю ўжо другога вялікага чалавека, які калісьці пачынаў тут свой прафесійны шлях. У будучыні ён таксама стаў вялікім вучоным, напісаў падручнік па гісторыі СССР за 8 клас.
У кнізе ганаровых гасцей музея шмат шчырых слоў падзякі. Адно з такіх пасланняў напісана ўнучкай графіні Кэтлін Бараноўскай-Барзадзі: “Вельмі шчастлівы дзень для меня, таму што я пабывала ў старадаўнім фамільным доме. Мае бацька і маці правялі шмат шчастлівых гадоў тут. Я спадзяюся, што вы таксама”. (Арыгінальная арфаграфія захавана.)
Другая зала музея знаёміць з подзвігамі суайчыннікаў, у прыватнасці з легендарным жыхаром вёскі Пярэдзелка Лоеўскага раёна матросам Фёдарам Саманчуком.
— Ва ўсе часы беларусаў вельмі паважалі на флоце за дысцыплінаванасць, стараннасць і кемлівасць, — адзначае педагог. — Падчас Першай сусветнай вайны Фёдар Саманчук служыў на эсмінцы “Гром”, які трапіў пад абстрэл нямецкіх караблёў і пацярпеў крушэнне. Уся каманда эвакуіравалася, але Саманчук вярнуўся на “Гром” і падарваў яго, каб саперніку не дастаўся трафей. Выбуховай хваляй матроса адкінула ў мора, дзе яго падабралі і ўзялі ў палон немцы. Адтуль герой уцёк, а ўжо ў 1950-х гадах мінулага стагоддзя яго ўзнагародзілі ордэнам Чырвонага Сцяга. Па матывах гістарычнай падзеі была знята драма “Балтыйская слава”, а Саманчук стаў прататыпам галоўнага героя Фёдара Лютага.
Георгій Штыхаў запрашаў Фёдара Саманчука ў школу, каб той расказаў дзецям пра свой подзвіг. На стэндзе музея на фатаграфіі таго часу адлюстраваны момант зносін героя са школьнікамі. Так, на асабістым прыкладзе і будавалася грамадзянска-патрыятычнае выхаванне моладзі.
Трэцяя зала музея прысвечана падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Дарэчы, фонд папаўняюць экспанатамі і самі навучэнцы, якія прыносяць не толькі трафеі, але і цікавыя сямейныя гісторыі.
— Музей — наша гордасць. Лічу, у кожным музеі павінна быць зала, прысвечаная падзеям Вялікай Айчыннай вайны, каб у першую чаргу дзеці маглі дакрануцца да гісторыі ваеннага мінулага, — упэўнены Андрэй Колас. — Немагчыма выхаваць сапраўдных патрыётаў без павагі да памяці продкаў. Імкнёмся, каб навучэнцы разумелі, якая цана заплачана за цяперашнюю стабільнасць і росквіт Беларусі. А каб хлопчыкі і дзяўчынкі маглі максімальна наблізіцца да гісторыі, экспанаты дазволена браць у рукі. Тут праводзяцца не толькі экскурсіі, класныя гадзіны, але і заняткі аб’яднання па інтарэсах “Юны пошукавік”. Стаўлю задачу для школьнікаў распытаць мам, татаў, бабуль, дзядуляў аб падзеях ваеннага часу, аб продках, якія ўдзельнічалі ў вайне, даведацца больш аб іх пасляваенным жыцці.
На завяршэнне сустрэчы Андрэй Васільевіч расказаў, што некалі ў вёсцы працаваў знакаміты хірург, гінеколаг, прафесар медыцыны, удзельнік Мінскага падполля, Герой Савецкага Саюза Яўген Уладзіміравіч Клумаў. Дарэчы, яго імя носіць 3-я гарадская клінічная бальніца ў Мінску. Але мала хто ведае, што менавіта ў Лоеве прыблізна ў 1914 годзе ўпершыню на беларускай зямлі ён правёў першую аперацыю на сэрцы, ратуючы студэнта. Інфармацыю аб гэтым таксама беражліва захоўвае школьны музей.
Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара