Якія праекты другаснай занятасці прапаноўвае летам Добрушскі раённы цэнтр дадатковай адукацыі

- 11:10Образование

Лета не толькі пара адпачынку, але і магчымасць зарабіць грошы ў вольны ад вучобы час. Цудоўна, што часам можна сумясціць прыемнае з карысным — і ператварыць работу ў няспынны творчы марафон. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Адпраўляемся ў Добрушскі раённы цэнтр дадатковай адукацыі, дзе гэты працэс пастаўлены на паток. Тут праекты другаснай занятасці старшакласнікаў дазваляюць дзецям не толькі зарабіць грошы на кішэнныя расходы, але і адпачыць душой.

— Па сутнасці, наш цэнтр — гэта галоўнае месца ў горадзе і раёне, дзе старшакласнікі мо­гуць зарабіць грошы. Мы акумулюем амаль усе працоўныя праекты, таму што маем вялікі вопыт і ўмеем іх пісаць. Толькi з пачатку гэтага каляндарнага года мы завяршылі сем праектаў. І ў планах яшчэ некалькі. Першапачаткова стараемся падбіраць варыянты, дзе можам вытрымліваць прапорцыю 20 на 80: 20% сродкаў трацiм на матэрыялы і 80% — на аплату працы дзецям. Таму мы не дазваляем сабе патрэбныя, але нятанныя ідэі, з дарагімі расходнымі матэрыяламі. Зыходзім з патрэбы, магчымасці і неабходнасці. Калі ўсе тры гэтыя кампаненты злучыліся — узгадняем праект, працаўладкоўваем дзяцей і бяромся за справу. Мы хочам, каб дзеці ўсвядомілі каштоўнасць уласнай працы. Пасля заканчэння тэрміну работы праектаў ім прысвойваюцца рабочыя разрады, — расказвае дырэктар Добрушскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі Іна Сяргееўна Хныкава.

Зараз хлопчыкі заняты добраўпарадкаваннем тэрыторыі вакол цэнтра. У планах ства­рыць лакацыю, блізкую да эстэтыкі дзіцячага сада, — шмат яркіх фарб і разнастайнасць колераў.

— Ні адно дзіця, якое сваімі рукамі працавала над упрыгожваннем тэрыторыі, не зломіць ніводную кветачку, не загубіць ніводнае дрэўца, не размалюе ніводную лавачку, — працягвае дырэктар. — Акрамя таго, гэта цудоўная магчымасць рэалізаваць творчы патэнцыял дзяцей і педагогаў. У нашай скарбонцы — унікальныя па сваёй значнасці праекты. Летась у Добрушы праходзіў Дзень беларускага пісьменства. Для яго мы вырабілі сувеніры, над стварэннем якіх завіхаўся ўвесь цэнтр. Дзецi рабілі лялек у нацыянальных касцюмах: для кожнай стваралася асаблівае адзенне, ні адна модніца не паўтарылася. У кабінетах стаяў дым каромыслам — і дзеці, і дарослыя зрабілі ўсё, каб годна і творча прадставіць родны Добруш.

Праекты другаснай занятасці рэалізуюцца не толькі для эстэтычных, але і для сацыяльных патрэб горада. Так, летам старшакласніцы працавалі на ка­рысць мясцовага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Яны адшылі 60 фартухоў для сядзелак, якія даглядаюць цяжкахворых людзей.

Калі дзеці адчуваюць, што іх работа прынясе карысць канкрэтным людзям, яны працу­юць з большай аддачай, — лічыць дырэктар цэнтра. — Так і выхоўваецца патрыятызм, любоў да малой радзімы — чым больш дзеці зробяць для яе ў сваім юным узросце, тым большую сувязь і пяшчоту будуць адчуваць да роднага краю.

Віталіна НЕСЦЯРОВІЧ
Фота аўтара