Якія прыгожыя, якія добрыя выраслі дзеці!

- 9:02Актуально, Рознае
У канцы мінулага тыдня гаспадарамі актавай залы і аўдыторый Акадэміі паслядыпломнай адукацыі сталі маладыя педагогі, якія з’ехаліся на ІІІ Рэспубліканскі фестываль педагагічнага майстэрства “Педагог-майстар — маладому настаўніку”. Мерапрыемства было арганізавана АПА пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і Беларускага педагагічнага таварыства. 31 студзеня ў актавай зале акадэміі сабралася каля 300 удзельнікаў фестывалю, якія прадстаўлялі ўсе рэгіёны рэспублікі.

Падчас урачыстага адкрыцця да пачынаючых настаўнікаў звярнуўся міністр адукацыі нашай краіны Сяргей Маскевіч, які адзначыў, што на фестываль прыехалі адданыя педагогіцы маладыя настаўнікі, якіх аб’ядноўвае імкненне да прафесійнай дасканаласці.
— Гэты фестываль не першы, і выдатна, што мы ствараем аснову для перадачы вопыту майстроў педагогікі моладзі. Сёння малады дыпламаваны настаўнік, ступаючы на шлях сваёй педагагічнай дзейнасці, мае патрэбу ў падтрымцы сваіх больш вопытных і спрактыкаваных калег.
Акрамя таго, маладому педагогу неабходны час для адаптацыі і нават сацыялізацыі ў новым працоўным калектыве. Часта даводзіцца чуць, што маладым настаўнікам многага не хапае. Але самае галоўнае — гэта ўпэўненасць. Калі вы будзеце ўпэўнены ў сваіх педагагічных сілах, то ўсё ў вас атрымаецца, — звярнуўся да аўдыторыі міністр адукацыі.
Безумоўна, каб стаць майстрам сваёй прафесіі, неабходна пастаянна вучыцца. А майстэрства педагога складаецца са шматлікіх кампанентаў. Як адзначыў Сяргей Маскевіч, кожны настаўнік з цягам часу набывае сваё педагагічнае аблічча. Але каб выпрацаваць уласныя падыходы ў педагагічнай дзейнасці, трэба прайсці шлях спроб і памылак.
— Каб узняцца па прафесійнай лесвіцы, трэба, канечне, шмат працаваць самастойна, а таксама супрацоўнічаць, узаемадзейнічаць з калегамі. Калі вы будзеце параўноўваць сваю работу з іншымі, працаваць над сваімі памылкамі і засвойваць новыя падыходы, то заўсёды будзеце актуальнымі настаўнікамі, дзейнасць якіх сугучна з часам.

Выдатна, што Акадэмія паслядыпломнай адукацыі і Беларускае педагагічнае таварыства знаходзіць формы ўзаемадзеяння паміж настаўнікамі рэспублікі накшталт гэтага фестывалю ці сеткавага ўзаемадзеяння, калі выкарыстоўваюцца сучасныя інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. Усё гэта важна перш за ўсё таму, што дае магчымасць адчуваць сябе ў цэнтры падзей і ўдасканавальваць сваё педагагічнае майстэрства. Акрамя таго, актыўнае ўзаемадзеянне ў межах педагагічнай грамадскасці спрашчае перажыванне тых праблем і цяжкасцей, з якімі сутыкаецца кожны педагог.
Самая важная задача педагагічнай грамадскасці — фарміраванне механізмаў і пошук форм для аптымальнага на сённяшні дзень узаемадзеяння. Мы не можам не звяртаць увагу на тое, што практычна ў кожным напрамку галіновай педагогікі нароўне з прызнанымі аўтарытэтамі з’яўляюцца маладыя кадры. І Міністэрства адукацыі толькі спрыяе гэтаму працэсу, — заўважыў С.А.Маскевіч.
У гэтым навучальным годзе з боку Міністэрства адукацыі значная ўвага была ўдзелена развіццю матэрыяльна-тэхнічнай базы. Усё гэта робіцца для таго, каб павысіць эфектыўнасць сучасных тэхналогій. Пілотныя праекты рэалізуюцца ў шматлікіх рэгіёнах краіны. Асаблівым сярод іх з’яўляецца праект “Электронная школа”, які рэалізуецца ў школах Мінска. Сяргей Маскевіч выказаў спадзяванне, што ён будзе выніковым і атрымае падтрымку ў рэгіёнах. І, магчыма, у наступным навучальным годзе “Электронная школа” з’явіцца і ў рэгіянальных установах адукацыі.
Разам з тым развіваецца ідэя абнаўлення школьнай лабараторнай базы. Стартаваў праект па аснашчэнні сучасным лабараторным абсталяваннем кабінетаў фізікі. На чарзе — кабінеты хіміі, біялогіі. Як падкрэсліў міністр, без сучаснага лабараторнага абсталявання высокую эфектыўнасць адукацыйнага працэсу забяспечыць немагчыма.
Разам з тым Сяргей Маскевіч адзначыў, што майстэрства беларускіх педагогаў таксама патрабуе ўдасканалення. І ў гэтым плане вельмі дзейснымі з’яўляюцца ініцыятывы клуба “Крыштальны журавель”. Міністр падзякаваў членам клуба за эфектыўную дзейнасць і паабяцаў падтрымліваць іх у далейшых пачынаннях, а фестывалю педагагічнага майстэрства “Педагог-майстар — маладому настаўніку” пажадаў стаць школай развіцця і ўдасканалення педагагічнага майстэрства.
“Заслужаны майстар педагагічнай працы”, — так віталі Ганну Іванаўну Дабрынеўскую, метадыста вышэйшай катэгорыі Цэнтра развіцця дадатковай адукацыі дарослых Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, заслужанага работніка адукацыі Рэспублікі Беларусь. Ганна Іванаўна знакамітая ў педагагічных колах перш за ўсё таму, што ўсё сваё жыццё прапаведуе гуманную педагогіку. За яе плячыма 53 гады настаўніцкага шляху, распрацоўка розных інавацыйных методык і тэхналогій, праз якія чырвонай ніткай праходзіць любоў да дзіцяці.
А звяртаючыся да маладой педагагічнай аўдыторыі, яна з захапленнем адзначыла: “Якія прыгожыя, якія добрыя выраслі дзеці!” І сапраўды ў актавай зале АПА сядзелі прыгожыя і добрыя дзеці. Не, яны, канечне, у шырокім разуменні ўжо выраслі, але з пункта гледжання настаўніцтва — яшчэ пакуль дзеці. Разам з тым яны ўжо паспелі ўсвядоміць, што настаўнік — гэта не проста прафесія, а місія.
Што без настаўніка не было б учора, не будзе сёння і не настане заўтра.
Што настаўнік — аснова ўсіх прафесій.
Што настаўнік працягвае жыццё і напаўняе яго сэнсам.
Але, як адзначыла Ганна Іванаўна, прэстыж настаўніцкай прафесіі непасрэдна залежыць ад саміх настаўнікаў. Педагогу многа дадзена, але ад яго многага і чакаюць. Разам з тым дзеці вельмі любяць маладых настаўнікаў, таму многае ім даруюць. Але настаўнік — гэта вечны вучань, таму досыць хутка з маладога і нязграбнага ён ператвараецца ў вопытнага і статнага.
Зрэшты, так адбываецца з усімі, хто хоць раз трапіў на майстар-клас “жураўлёў”. Вось і падчас фестывалю яны вырашылі не проста звярнуцца да маладых педагогаў, а зрабілі гэта па-свойму, па-жураўлёўску, інтэрактыўна і з агеньчыкам.
— Фестываль — незвычайны час. Гэта сакральная кропка, дзе вопыт адных ужо стаў здабыткам усіх, а іншых — яшчэ і не пачаўся. І менавіта ў гэты момант адбываюцца цудоўныя рэчы. У гэты момант пераемнасці мы інтуітыўна разумеем сэнс адукацыі, менавіта тое, што калісьці вялікія псіхолагі і педагогі назвалі “дабудовай асобы педагога”, паводле якой настаўнік можа змяніць сваю асобу як знутры, мяняючы свае матывацыйныя ўстаноўкі, так і звонку.
Тэхналогіі мяняюць не толькі свет. Перш за ўсё яны мяняюць нас. Новыя тэхналогіі — тэхнічныя новаўвядзенні, якія прыводзяць да прагрэсіўных змен у галіне канкурэнтаздольнай адукацыі, а гэта азначае: яны выцясняюць з рынку працы старыя. І жыць мы будзем па-іншаму, і вучыць трэба будзе па-іншаму, — вось такія сур’ёзныя жарты гучалі ад “жураўлёў”.

Хоць выступленне прызнаных майстроў педагогікі і было напаўжартаўлівае, але, як гаворыцца, у кожным жарце ёсць толькі частка жарту. Таму са сцэны гучалі і слушныя парады.
1. Задача настаўніка — не засыпаць свайго вучня, не лавіць на няведанні, а падказаць шлях да вырашэння пытання.
2. Да добрых настаўнікаў на семінар-практыкум прыязджае рэспубліканскі клуб “Крыштальны журавель”. А да тых, хто ўсім задаволены, прыходзіць крызіс. Толькі пачынаеш думаць, што ўсё добра і ты ўжо трапіў да бога за пазуху, тут жа да цябе прылятае зваротная сувязь. Канструктыўная. Намякаюць, што трэба вучыцца. Пачынаеш вучыцца — вынікі павялічваюцца ў разы. І так да наступнага разу, калі думаеш, што трапіў да бога за пазуху.
3. Вы лічыце, што лепшы спосаб чаму-небудзь навучыцца — гэта практыка праз працу. І вы абсалютна маеце рацыю. Практыка, безумоўна, патрэбна. Спачатку яна дае выдатны эфект, але яе не хапае навечна. “Хочаш навучыцца добра пілаваць — пабольш пілуй”. Выдатная парада, якая працуе да таго часу, пакуль не затупіцца піла або вас не абгоняць пілавальшчыкі з новымі мадэлямі піл. Лепшы спосаб рухацца — гэта сумяшчаць навучанне і практыку.
Формула эфектыўнага ўрока ад “Крыштальнага жураўля”.
Ісці трэба ад задачы. Калі сутыкаешся з нечым, чаго не ведаеш, альбо не ўпэўнены, што робіш правільна, то ід зеш шукаць адказ. А адказ — у артыкулах, кнігах, майстар-класах педагогаў-практыкаў. Калі знаходзіш, то тут жа бяжыш “прыкручваць” рашэнне да сваёй задачы.
З чым-чым, а з пастаноўкай уласных задач у адукацыі маладыя настаўнікі справіліся добра, што ў песнях, танцах, прэзентацыях прадэманстравалі ў своеасаблівай галерэі партрэтаў маладых настаўнікаў кожнага рэгіёна.
Каманда маладых настаўнікаў Віцебскай вобласці, пабываўшы ў прышкольнай прасторы, зразумела, што дзеці — кветкі нашага жыцця — вельмі розныя. Кожная кветка мае свой колер, форму і памер ліста. І ўсе яны патрабуюць асаблівага догляду, каб расквітнець і радаваць іншых сваім незвычайным пахам і квітненнем. Гэтак і дзеці. А напрыканцы віцебскія настаўнікі акрэслілі сваё педагагічнае крэда: любіць, разумець, дапамагчы, абараніць.
А сталічныя маладыя педагогі, ператварыўшыся ў племя папуасаў, сфармулявалі свой кодэкс правіл сапраўднага настаўніка. У прыватнасці, яны заклікалі калег вучыць дзяцей мудрасці савы, а таксама пастарацца стаць для вучняў сапраўднымі легендамі.
Каманда Гродзенскай вобласці ў сваім выступленні выказалася за аб’яднанне педагагічных намаганняў. Маладыя настаўнікі Брэстчыны заявілі пра сябе як пра прадаўжальнікаў настаўніцкіх дынастый, на якія багаты гэты рэгіён. Сваю згуртаванасць і адданасць агульнай ідэі прадэманстравала каманда Магілёўскай вобласці.
А вось маладыя настаўнікі Гомельшчыны пералічылі ўсе настаўніцкія іпастасі. Сёння настаўнік — гэта і мастак-афарміцель, і пажарны, і псіхолаг, і экскурсавод, і спартсмен, і паэт, і выканаўца, і навуковец, і суддзя. Але разам з тым настаўнік — кумір для дзіцяці, таму выкананне ўсіх гэтых роляў, нягледзячы на ўсялякія праблемы, толькі ўзмацняе яго аўтарытэт.

Узмацненню аўтарытэта маладых настаўнікаў былі прысвечаны інтэрактыўныя перапынкі, якія праводзілі спецыялісты Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, члены клуба “Крыштальны журавель”: “Малады настаўнік: правы, абавязкі, сацыяльныя гарантыі. Юрыдычная кансультацыя”, “Прадстаўніцтва настаўніка ў сетцы інтэрнэт. Стварэнне блога настаўніка”, “Праграма Савета Еўропы па павышэнні кваліфікацыі і прафесійнага абмену для педагогаў “Песталоцы”, бліц-турнір “Усталяванне партнёрскіх адносін з бацькамі”, сацыяльны праект “Мода для маладога настаўніка”, “Сістэма работы прадметных часопісаў па павышэнні прафесійнага майстэрства педагогаў”. Акрамя таго, для маладых настаўнікаў былі арганізаваны прадметныя майстар-класы.
Другі фестывальны дзень быў прысвечаны праблемам арганізацыі выхаваўчай дзейнасці ў школе. З маладымі настаўнікамі працавалі псіхолагі, спецыялісты Міністэрства адукацыі, АПА, вопытныя педагогі. Напрыклад, некалькі мерапрыемстваў былі прысвечаны спосабам арганізацыі сучаснай класнай гадзіны.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.