Міжнародны дзень музеяў адзначаецца 18 мая.
Адна з важных задач школьнага музея — выхаванне гістарычнай свядомасці вучняў. Музей здзяйсняе сувязь часоў і пакаленняў, таму работа ў ім дапамагае дзецям асэнсаваць гістарычнае развіццё, узаемасувязь мясцовага і агульнага, зразумець сучаснасць, выпрацаваць актыўную жыццёвую пазіцыю. Выкарыстоўваючы матэрыялы музея, вучні пішуць даследчыя работы, сачыненні, расказваюць пра сваіх продкаў, прызначэнне экспанатаў.
Сродкі музейнай педагогікі не толькі дапамагаюць зрабіць адукацыйны і выхаваўчы працэс яркім і цікавым, але і дазваляюць навучыць дзяцей успрымаць і разумець гісторыю, побыт ранейшых часоў, мастацтва, родную мову, беражліва адносіцца да спадчыны свайго народа.
Прыгадаем радкі Экзюперы, калі Маленькі прынц спытаўся ў кветкі: “Дзе ж людзі?” — і пачуў у адказ: “Іх носіць ветрам. У іх няма каранёў…”. Быць без каранёў, не ведаць сваіх продкаў, не адчуваць павагі да тых, хто жыў да нас, да тых мясцін, дзе мы нарадзіліся і ўзраслі, не шанаваць матчыну мову — значыць быць безаблічным, не быць сапраўдным грамадзянінам. Якраз музейная педагогіка з’яўляецца адным со сродкаў далучэння падрастаючага пакалення да вытокаў нашай гісторыі і культуры.
Я нарадзілася і вырасла ў Гудзевіцкім краі, які славіцца багатым мінулым і цікавымі людзьмі. Падчас вучнёўства была экскурсаводам у школьным музеі, часта наведвала Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей. Пазней, у студэнцкія гады, з гонарам расказвала, з якіх мясцін я родам. Але ў поўнай меры ўсё багацце і прыгажосць малой радзімы ацаніла ў сталым узросце.
Амаль уся мая працоўная дзейнасць звязана з музейнай педагогікай. Упэўнена, інакш быць не магло. Перада мною часта паўставалі пытанні: дзеля чаго жыву, дзе мае карані, што мяне чакае ў будучыні? У якойсьці меры адказ мне даў Уладзімір Караткевіч: “У падзеях мінулага нашы карані. А дрэва без карэння не можа існаваць, тым больш — прыносіць плады”. Гэтыя словы і падштурхнулі да пошуку звестак аб продках. Вынікі такой работы знаходзяць адлюстраванне ў папаўненні музейнай экспазіцыі. Далучаю да гэтай справы сваіх дзяцей і вучняў.
Наш школьны музей “Памяць” — гэта творчае супрацоўніцтва педагогаў і навучэнцаў, ён з’яўляецца захавальнікам лепшых традыцый установы адукацыі. Музей выхоўвае ў вучняў павагу да мінулага, аб’ядноўвае розныя пакаленні, абуджае пачуццё клопату і павагі да ветэранаў вайны і працы, злучае розныя формы пазакласнай работы. Сёння музейная педагогіка — частка адукацыйнага і выхаваўчага працэсу. У ёй закладзены вялізныя магчымасці. І выкарыстоўваць гэтыя магчымасці неабходна кожнаму педагогу.