Якуб Колас: народны пясняр, сімвал велічы і культурнага багацця нацыі

- 10:23Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў прывітанне ўдзельнікам урачыстых мерапрыемстваў з нагоды 135-годдзя з дня нараджэння славутага пісьменніка, народнага паэта Беларусі, класіка нацыянальнай і сусветнай літаратуры Якуба Коласа. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

“Адзін з заснавальнікаў сучаснай мастацкай прозы, аўтар знакамітых паэтычных шэдэўраў, ён стаў сапраўдным народным песняром, сімвалам велічы і культурнага багацця нацыі. Таленавіты майстар слова адлюстраваў у сваіх творах самыя высокія чалавечыя пачуцці, мудрасць і лепшыя рысы характару беларусаў, шчырую любоў да роднай мовы”, — гаворыцца ў прывітанні.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што жыццё і літаратурная дзейнасць Якуба Коласа — прыклад самаадданага служэння народу і Айчыне. А яго творчая спадчына па праве лічыцца крыніцай духоўнасці і натхнення для многіх пакаленняў.

“Упэўнены, урачыстыя мерапрыемствы будуць садзейнічаць захаванню, развіццю і папулярызацыі нацыянальнай культуры, умацаванню адзінства грамадства і ўслаўленню новых яркіх літаратурных талентаў”, — адзначыў прэзідэнт.