Не кожная краіна, не кожны народ можа пахваліцца такой традыцыяй. А наша краіна, наш народ могуць. Днямі, калі ўсе мы святкуем Нараджэнне Хрыстова, наш прэзідэнт уручае ўзнагароды — прэміі “За духоўнае адраджэнне” і спецыяльныя прэміі дзеячам культуры і мастацтва.
Падчас урачыстага ўручэння ўзнагарод Аляксандр Рыгоравіч адзначыў, што агульная задача цяперашніх пакаленняў беларусаў — зберагчы краіну і перадаць яе свабоднай і незалежнай тым, хто прыйдзе пасля іх.
Прэзідэнт падкрэсліў: “Кожны год у гэтыя студзеньскія дні мы сустракаемся з асаблівымі людзьмі — тымі, хто лечыць нашы душы, хто захоўвае нашу памяць, хто служыць міласэрнасці, дабру і прыгажосці. Творчы шлях ніколі не бывае простым, і сёння на гэтую сцэну выйдуць людзі, якія дастойна прайшлі яго, заваяваўшы новыя вяршыні ў культуры, мастацтве, журналістыцы, спорце”.
“Гісторыя дала нашым творчым людзям унікальны шанс — унесці свой уклад у станаўленне беларускай нацыі. Паколькі менавіта мы з вамі, цяперашнія пакаленні, ажыццявілі шматвяковую мару нашых продкаў — стварылі першую ў гісторыі незалежную беларускую дзяржаву. І сёння наша агульная задача — зберагчы краіну і перадаць яе свабоднай і незалежнай тым, хто прыйдзе пасля нас”, — сказаў Аляксандр Рыгоравіч. Ён асабліва заўважыў, што незалежнасць няпроста здабыць. Але яшчэ больш складана адстаяць і абараніць. “Сіла духу, з’яднанасць і адзінства — менавіта тыя асновы, той фундамент, без якіх сёння не выжыць”, — сказаў лідар нашай краіны.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў словы ўсходняга генія Амара Хаяма: “Той, хто згінуў духам, памрэ раней за іншых”. “І гэта вельмі слушна! — падкрэсліў прэзідэнт. — Паколькі толькі моцны духам чалавек ведае, што рабіць і куды ісці. Без моцнага стрыжня любому наканавана паражэнне. А нашаму народу сілы духу не займаць! Беларусы перажылі кровапралітныя войны, змаглі выстаяць у цяжкія пасляваенныя часы, аднавілі краіну з руін, а ў нашы дні на скрыжаванні дарог, культур і гістарычных лёсаў адстойваюць суверэнітэт роднай краіны”.
Разам з тым Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што да гэтага часу знаходзяцца тыя, хто спрабуе паказаць беларусаў людзьмі без роду і племені. “З’яўленне такіх галасоў зусім не выпадковае. Незалежная Беларусь, якая жыве сваім розумам і працай, не па душы многім. Прызванне сапраўднага творцы процістаяць любой няпраўдзе, любому фальшу і крывадушнасці. Тым больш калі размова ідзе аб Айчыне, аб роднай зямлі. Менавіта тут і ёсць поле духоўнай бітвы за Беларусь, за нашы каштоўнасці, ідэалы і традыцыі. І выйграць гэтую бітву, выйграць яе ў душах людзей — вось сапраўднае, вялікае прызванне ўсіх тых, каго мы ўшаноўваем сёння, і тых, хто сабраўся ў гэтай зале”, — выказаў упэўненасць прэзідэнт.
Бязмежна радуешся за гэтых людзей, за гэтыя калектывы, бо разумееш, прынамсі, дзве рэчы. Першая: яны нашы. Яны ніадкуль да нас не прыйшлі і нікуды не сыдуць. А другая: яны наша шчасце. Шчасце — паняцце нацыянальнае. Ёсць шчасце па-амерыканску, а ёсць шчасце па-беларуску. Дык вось яны — кавалі нашага, беларускага, шчасця.
Парадуемся за іх.
А нам, супрацоўнікам “Настаўніцкай газеты”, асабліва радасна, што сярод сёлетніх лаўрэатаў ёсць нямала нашых людзей — людзей адукацыі. Так, прэміяй “За духоўнае адраджэнне” адзначаны калектыў Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, які актыўна развівае і папулярызуе валанцёрскі рух сярод студэнцкай моладзі, штогод праводзіць больш за 800 дабрачынных акцый, святочных праграм і тэатралізаваных паказаў для выхаванцаў дзіцячых дамоў, школ-інтэрнатаў, сацыяльных прытулкаў, рэабілітацыйных цэнтраў.
Лаўрэатам гэтай прэміі таксама стаў калектыў Рэспубліканскага рэабілітацыйнага цэнтра для дзяцей-інвалідаў, які праводзіць комплексную работу па рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў, стварэнні безбар’ернага асяроддзя, што дапамагае ім пераадолець пэўныя стэрэатыпы мыслення, усяліць надзею і веру ва ўласныя сілы.
Сардэчна віншуем і загадчыка кафедры архітэктуры жылых і грамадскіх будынкаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Сяргея Сергачова, аўтара кнігі “Народнае дойлідства Беларусі. Гісторыя і сучаснасць”, ігумена Свята-Елісееўскага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра Навагрудскай епархіі Яўсевія (Канстанціна Цюх-лова), Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі.
10 спецыяльнымі прэміямі Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва адзначаны: аўтарскі калектыў рэдакцыі газеты “Голас Радзімы” ў складзе загадчыка аддзела Івана Ждановіча і спецыяльнага карэспандэнта Кацярыны Мядзведскай за плённае супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой і прафесійнае асвятленне пытанняў міжкультурнага дыялогу ў Беларусі; аўтарскі калектыў рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Беларускае тэлеграфнае агенцтва” ў складзе фотарэдактара рэдакцыі візуальнай інфармацыі Ірыны Буфетавай, генеральнага дырэктара Дзмітрыя Жука, начальніка аддзела падтрымкі і развіцця інтэрнэт-рэсурсаў Івана Сінічкіна за стварэнне і рэалізацыю інфармацыйна-публіцыстычнага праекта “Суверэнная Беларусь: эпоха дасягненняў”; аўтарскі калектыў Белтэлерадыёкампаніі ў складзе намесніка галоўнага дырэктара галоўнай дырэкцыі тэлеканала “Беларусь 24” Яўгена Баранава, галоўнага дырэктара галоўнай дырэкцыі тэлеканала “Беларусь 1” Алены Ладуцька, намесніка галоўнага дырэктара галоўнай дырэкцыі тэлеканала “Беларусь 1” Вольгі Саламаха за стварэнне на высокім прафесійным узроўні серыі іміджавых відэаролікаў “Мы зрабілі гэта разам”; мастак сябар Беларускага саюза мастакоў Канстанцін Вашчанка за мастацкае афармленне мнагатомнага факсімільнага выдання “Кніжная спадчына Францыска Скарыны”; калектыў Музея-сядзібы М.К.Агінскага за стварэнне і рэалізацыю праекта “Вяртанне Паўночных Афінаў”; калектыў Дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 10 імя Я.А.Глебава Мінска; калектыў Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы; калектыў Палаца культуры Маладзечна; заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь “Відовішчна-культурны комплекс “Гомельскі дзяржаўны цырк”; кіраўнік заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Беларускі сувенір” дзяржаўнай установы дадатковай адукацыі “Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага раёна” Раіса Раманеня.
Мы радуемся за вас.
Вы нашы.
І мы вамі ганарымся!
Мікола ЧЭМЕР.
Фота Мікалая ПЯТРОВА, БелТА.