Японскае прывітанне “Зубраняці”

- 14:48Апошнія запісы, Выхаванне, Рознае

Чарговы раз на ўзбярэжжы Нарачы загучала японская мова. Па запрашэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі ўжо трэці год запар у Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня” арганізуецца аздараўленне і адпачынак дзяцей з прэфектур, якія пацярпелі ад аварыі на АЭС “Фукусіма-1”. У чацвер з новымі беларускімі сябрамі і самой Беларуссю развітаюцца 18 падлеткаў, а ў пятніцу новая група з 16 хлопчыкаў і дзяўчат скажуць “Зубраняці” прывітанне.

У праграму адпычынку ўключаны аздараўленчыя, адукацыйныя, экскурсійныя і забаўляльныя мерапрыемствы. Гэта наведванне басейна, саўны, спартыўных пляцовак, аздараўленчыя прагулкі, медыцынскія і загартовачныя працэдуры. Так, праводзіцца ўльтрагукавое даследаванне, радыеметрычны кантроль косна-мышачнай сістэмы. На базе новага СПА-цэнтра дзеці атрымліваюць санаторна-аздараўленчыя паслугі: хвойна-жамчужныя ванны, курсы ароматэрапіі, спелеатэрапіі, ужываюць кіслародныя кактэйлі і інш. Японскія хлопчыкі і дзяўчаты прымуць удзел у конкурсных праграмах і святах, экскурсіях па Нарачанскім краі, у гарады Мінск, Мір, Нясвіж, Полацк і ў шэрагу іншых мерапрыемстваў, а таксама паспрабуюць стварыць сваімі рукамі беларускія сувеніры.
Як адзначае дырэктар НДЦ “Зубраня” Надзея Генадзьеўна Ануфрыева, з японскімі дзецьмі працуюць кваліфікаваныя перакладчыкі, у тым ліку і тыя, хто меў вопыт жыцця ў Японіі. Таму моўны бар’ер амаль не адчуваецца. Тым больш што праграмай прадугледжаны такія заняткі, падчас якіх японскія дзеці вучаць хоць некалькі беларускіх слоў, знаёмяцца з беларускімі песнямі, танцамі, абрадамі. Якраз сёння ў “Зубраняці” праводзіцца дзень беларуска-японскай дружбы, і падлеткі з Краіны ўзыходзячага сонца, якія паспелі ўжо асвоіцца на нарачанскай зямлі, раскажуць беларускім сябрам пра сваю радзіму.
Дапамогуць зрабіць уяўленні пра яе ў беларускіх дзяцей больш яскравымі ўдзельнікі калектыву японскага традыцыйнага танца “Мандзюсяка”, які толькі ўчора прыбыў у Беларусь з Японіі і сёння ў рамках сваіх дабрачынных гастролей завітае ў “Зубраня”. Артысты ансамбля прымаюць актыўны ўдзел у прасоўванні японскай культуры за мяжой. Іх творчасць — гэта ў вышэйшай ступені самабытнасць, унікальнасць танцаў, касцюмаў з непаўторнай інтэрпрэтацыяй розных жанраў японскага традыцыйнага мастацтва. У рамках сяброўскіх зносін Беларусі з Японіяй, а таксама з улікам таго, што гэтыя гастролі важныя для развіцця беларуска-японскіх адносін у галіне адукацыі і культуры, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь акажа садзейнічанне ў арганізацыі на працягу двух тыдняў выступленняў ансамбля ў загарадных лагерах, дамах культуры, установах адукацыі, на адкрытых сцэнічных пляцоўках.

 

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега БАГІНСКАГА.