Ярка, таленавіта, творча

- 10:38Актуально, Апошнія запісы

Дзень моладзі на XXIV Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” сабраў рэкордную колькасць удзельнікаў і значна пашырыў фармат. У год, абвешчаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у нашай краіне Годам моладзі, традыцыйна самы крэатыўны дзень фестывалю з’яднаў у адзіным творчым памкненні больш за 5 тысяч юнакоў і дзяўчат з Беларусі і замежжа.

Ініцыятыўныя, энергічныя і адважныя юнакі і дзяўчаты падрыхтавалі для жыхароў і гасцей Віцебска вялікую маладзёжную праграму на любы густ. Грандыёзны маладзёжны арт-парад “БелаРусь у Сэрцы Маім!”, безумоўна, адна з самых яркіх старонак сёлетняга фестывалю. Творчае шэсце прэзентуе папулярныя ў маладзёжным асяроддзі субкультуры і аб’яднанні: велатрыялісты, джамперы, скейтбардысты, ролеры, брэйк-дансеры, графіцісты, хадулісты, бітбоксеры, хіп-хоперы, мастакі бодзі-арт, аўтары бардаўскай песні, поп-, рок-групы, прадстаўнікі рыцарскіх клубаў, творчых груп, танцавальных школ краіны, удзельнікі маладзёжных аркестраў і музычных калектываў, маладзёжных фальклорных калектываў, духавых і інструментальных аркестраў, тэатраў, байкеры — прадстаўнікі таленавітай і адоранай моладзі з усіх рэгіёнаў краіны, запрошаныя госці з блізкага і далёкага замежжа.
Сімвалічна, што ў год юбілею Вялікай Перамогі эпіцэнтрам падзей Дня моладзі на “Славянскім базары” стала адна з самых вялікіх у Еўропе цэнтральная плошча горада над Дзвіной — плошча Перамогі. Ля мемарыяльнага комплексу ў гонар савецкіх воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны адбылася акцыя “Мы памятаем і ганарымся”. Удзельнікі і госці свята ўсклалі кветкі да Вечнага агню і ўшанавалі памяць герояў і ахвяр вайны хвілінай маўчання.
Побач, на алеі па вуліцы Багдана Хмяльніцкага, гасцінна расчыніла дзверы “Маладзёжнае падвор’е”. Інтэрактыўная экспазіцыя ўключала пляцоўкі-прэзентацыі ад кожнай вобласці і Мінска, аформленыя з элементамі фальклору рэгіёнаў краіны: народныя абрады, касцюмы, гульні, побыт, народныя промыслы. На кожнай пляцоўцы была арганізавана выстава страў нацыянальнай кухні з правядзеннем майстар-класаў па іх прыгатаванні, дэгустацыяй страў з удзелам лепшых маладых кухараў, кандытараў, пераможцаў і ўдзельнікаў розных прафесійных конкурсаў. На кожнай пляцоўцы прайшлі выставы і майстар-класы маладых майстроў народных промыслаў, характэрных для кожнага рэгіёна Беларусі. А ля сцэны, усталяванай на алеі па вуліцы Багдана Хмяльніцкага, немагчыма было прайсці без усмешкі: каманды КВЗ, творчыя калектывы, групы, выканаўцы, СТЭМы сабраліся на фестываль “Калейдаскоп гумару”.
Завяршыла Дзень моладзі вячэрняя праграма і музычная бітва дыджэяў “Беларусь і Я”, якая праводзіцца радыёстанцыяй “Пілот-FM”.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.