Педагагічны алімп на ўзроўні краіны настаўнік беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 16 Мазыра Яўген Есіс будзе штурмаваць другі раз. У 2017 годзе ён ужо ўдзельнічаў у фінале рэспубліканскага этапу. У 2020 годзе паспеў паспрабаваць сябе ў якасці члена журы на абласным этапе, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
— А сёлета я вырашыў, што дрэнны той педагог, які не марыць стаць абсалютным пераможцам конкурсу “Настаўнік года”, — шчыра ўсміхаецца Яўген Валер’евіч. — У 2017 годзе мной не была ўзята вяршыня вяршынь. Значыць, трэба зрабіць яшчэ адну спробу. Зараз будзем усіх здзіўляць. Насамрэч, мне важна паглядзець, чаго я дасягнуў за гэтыя 6 гадоў паміж конкурсамі. Паколькі самы галоўны канкурэнт сабе — гэта я сам.
Пайсці ў педагогіку Яўгена Есіса натхніў галоўны герой рамана Якуба Коласа “На ростанях” Андрэй Лабановіч. Ну і з рэальнымі выкладчыкамі шанцавала ў жыцці. Пачынаў вучобу ў беларускамоўным класе сярэдняй школы № 1 Мазыра. Першая настаўніца Надзея Рыгораўна Кіслова змагла зацікавіць беларускай мовай.
— А потым мяне падхапіла Галіна Жураўлёва. Дзякуючы ёй, беларуская стала любімым прадметам. Тады, у 5 класе, я сказаў настаўніцы: “Стану, як вы”. Потым у мяне былі іншыя педагогі, якім я таксама ўдзячны: Людміла Машкоўская, Людміла Мірановіч. З усімі сваімі настаўнікамі беларускай мовы сёння мы лепшыя сябры. Ім можна патэлефанаваць у любы час, параіцца, пагаварыць пра жыццё, — расказвае мой суразмоўнік.
Вышэйшую адукацыю Яўген Есіс атрымаў у Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя І.П.Шамякіна па спецыяльнасці “Беларуская мова і літаратура. Айчынная і сусветная культура”. Тут жа скончыў магістратуру па спецыяльнасці “Мовазнаўства”. Вясковая Прудкоўская сярэдняя школа Мазырскага раёна для магістра філалагічных навук Яўгена Есіса на 3 гады стала першым працоўным месцам.
— Мне тады Людміла Пятроўна Машкоўская параіла: “Калі прыходзіш у клас — глядзі ў вочы вучняў. Табе яны падкажуць правільны шлях”. Сапраўды, гэты прыём працуе. Хлусню дзеці бачаць адразу. Важна выкладаць, раскрываючы перад школьнікамі душу. Тады аддача не прымусіць доўга чакаць. У 2012 годзе я паступіў у аспірантуру Нацыянальнага інстытута адукацыі на спецыяльнасць “Тэорыя і методыка навучання і выхавання (беларуская літаратура)”. Цяпер тыя веды, якія атрымаў у аспірантуры, прымяняю ў школе, — дзеліцца педагог.
Распрацоўка электронных адукацыйных рэсурсаў пры вывучэнні беларускай літаратуры — прадмет даследавання Я.Есіса і аснова яго дысертацыі. Разам з калегамі Аленай Мігаль з Хальчанскай школы Веткаўскага раёна і Ірынай Казачэнка з Лельчыцкай гімназіі стварылі 54 адукацыйныя модулі па беларускай літаратуры — для вучняў 8 і 9 класаў.
— Мая дысертацыя па тэме “Методыка выкарыстання электронных адукацыйных рэсурсаў пры вывучэнні твораў найноўшай беларускай літаратуры” цалкам практыка-арыентаваная. Цяпер трэба сабраны матэрыял канчаткова сістэматызаваць і па-навуковаму апісаць, — заўважае педагог.
У мазырскай школе № 16 Яўген Есіс працуе ўжо дзясяты год. Гаворыць, што менавіта тут раскрыўся яго настаўніцкі патэнцыял. Ёсць калектыў, у якім калегі падтрымліваюць адно аднаго, а кіраўніцтва стварае атмасферу зычлівасці і прадастаўляе магчымасці для прафесійнага росту.
— Сапраўды, гэта школа распасцерла мае крылы. Я прыйшоў сюды праз год пасля адкрыцця ўстановы адукацыі. І адразу атрымаў класнае кіраўніцтва. Дарэчы, мне яно дапамагае ў адукацыйным працэсе. Шмат у чым поспехамі па конкурсах прафмайстэрства я абавязаны дырэктару Аксане Кавальковай і яе намесніку Настассі Саламаха. З калегамі на школьнай кафедры беларускай мовы і літаратуры прыемна працаваць — адчуваеш рэальную падтрымку. Гэтым у наш час можна ганарыцца, — падкрэслівае Яўген Есіс.
Настаўнік з дзецьмі часта выязджае на экскурсіі па Беларусі. У такіх паездках ён заўсёды расказвае ім шмат цікавага, прывівае любоў да роднай зямлі.
Аб’яднанне па інтарэсах “Асалода” — яшчэ адзін кірунак работы, які дазваляе педагогу падтрымліваць цікавасць да роднай мовы і літаратуры. На сцэну Яўген Валер’евіч выходзіць разам з вучнямі:
— Раней мы з дзецьмі прапаноўвалі гледачам пастаноўкі народных свят — гэта і Каляды, Вербніца, Купалле, Юр’е… Цяпер замахнуліся на класіку і зрабілі спектаклі па п’есах беларускіх аўтараў. Паставілі ўрывак з рамана “Каласы пад сярпом тваім” Уладзіміра Караткевіча. Спектакль “Несцерка” па п’есе Віталя Вольскага ўзяў гран-пры на #BYFEST-2022.
Задаю пытанне: што зараз важней чытаць — класіку ці сучасных аўтараў? Яўген Валер’евіч адказвае так:
— Сённяшнім дзецям трэба даваць тую літаратуру, якая для іх актуальная. А гэта можа быць і класічны твор, і сучасны. Якуба Коласа, Янку Купалу, М.Багдановіча і У.Караткевіча трэба падаваць з сучаснымі акцэнтамі. Мы павінны больш увагі звярнуць на вобраз, на дэталі, на тое, што зараз актуальна. Класіка дапамагае адказаць на светапоглядныя пытанні: хто мы — беларусы. Важна стварыць поле праблемных пытанняў і не рабіць адназначных высноў — што добра, а што дрэнна. Напрыклад, задаю вучням пытанне: чаму М.Багдановіч, які нарадзіўся і вырас у рускім асяроддзі, з’яўляецца класікам беларускай літаратуры? Як У.Караткевіч, настаўнік рускай мовы па дыпломе, які вучыўся ў Кіеве, стаў класікам беларускай літаратуры? Між тым ёсць шмат сучаснай літаратуры, якую можна прапанаваць чытаць і вывучаць школьнікам. Напрыклад, аповесць Яўгена Хвалея “Прынцэса з тусоўкі”. У ёй дзеянне адбываецца ў 90-я гады мінулага стагоддзя і ўзнімаецца праблема самавызначэння моладзі. Яшчэ мне падабаецца раман “Знак вялікага магістра” Вольгі Іпатавай, прысвечаны барацьбе князя Вітаўта за незалежнасць Вялікага Княства Літоўскага. Вельмі цікавая аповесць Івана Шамякіна “Шлюбная ноч” — пра вайну і каханне. “Знак бяды” Васіля Быкава — аб выпpaбaвaнні гepoяў ciтyaцыяй выбapy. Цяпер мы шмат гаворым пра генацыд беларускага народа. Між тым менавіта пра апаленае вайной жыццё дарослых і дзяцей, у якіх аднялі маленства, — аповесць Віктара Казько “Суд у Слабадзе”, якую мы нядаўна вывучалі з дзевяцікласнікамі.
Урок літаратуры — гэта ўрок жыцця. Вучні ўлюбляюцца ў прадмет дзякуючы настаўніку. Калі ты жывеш сваім прадметам, калі імкнешся даць крылы дзіцяці, падтрымаць, яно адкажа ўзаемнасцю.
Аўтар многіх метадычных распрацовак і семінараў па новай трактоўцы класічных літаратурных твораў настаўнік-метадыст Яўген Есіс упэўнены, што сёння беларускую літаратуру трэба вывучаць пад іншым ракурсам:
— Другі год запар мы актыўна займаемся выхаваўчым патэнцыялам свайго вучэбнага прадмета. Важна памятаць пра каштоўнасна-светапоглядныя кампетэнцыі. Паўплываць на перакананні сённяшняга пакалення могуць менавіта літаратурныя творы. Вучня трэба выхаваць патрыётам і грамадзянінам, які ў складанай сітуацыі зробіць правільны выбар. Прынамсі, дзеці адкрыты да дыялогу.
Прыемна, як гаворыць Яўген Валер’евіч, што яго самыя першыя выпускнікі сёлета прывялі ў родную мазырскую школу № 16 сваіх дзяцей:
— Яны сваім нашчадкам ужо пра мяне з гонарам расказваюць. Наогул мы з былымі вучнямі ўвесь час на сувязі. Гэта не толькі асабістыя сустрэчы, але і зносіны праз сацыяльныя сеткі і месенджары. Мае выпускнікі сёння выкладаюць ва ўніверсітэтах, працуюць у сур’ёзных кампаніях, у праваахоўных органах… Ёсць сярод іх і педагогі рознага профілю. Ведаю, што яны захавалі любоў да беларускай мовы і шмат чытаюць.
Ірына АСТАШКЕВІЧ
Фота аўтара