Амаль паўстагоддзя ў Мінскай дзяржаўнай гімназіі-каледжы мастацтваў выкладае вядомы мастак і заслужаны настаўнік Беларусі Яўген САКОВІЧ. Сёння ён — намеснік дырэктара ўстановы па вучэбнай рабоце, член Беларускага саюза мастакоў, уладальнік ордэна Францыска Скарыны, аўтар праграм па мастацкай адукацыі. Яўген Мікалаевіч, прыйшоўшы ў 1972 годзе ў сярэднюю школу № 26, якая сёння і з’яўляецца гімназіяй-каледжам, застаўся адданым выбранай прафесіі. Размову з ім пачынаем з рытарычных пытанняў: ці можна навучыць мастацтву і як не зрабіць з вучня сваёй копіі. Высвятляецца, што самае складанае — захаваць індывідуальнасць. Аднак вучні нашага героя заўсёды застаюцца яркімі асобамі.
— Яўген Мікалаевіч, якім быў ваш шлях у мастацтва і педагогіку?
— Няпростым. Нарадзіўся я ў вёсцы Цыбкі Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці. У школу прыйшлося хадзіць за 3 км у суседняю вёску Брашэвічы. Школьнікам пачаў маляваць карціны для аднавяскоўцаў, і мае творы, напрыклад, выявы мядзведзяў Шышкіна, і сёння ўпрыгожваюць некаторыя дамы ў вёсцы, што, безумоўна, вельмі прыемна. А маімі першымі і, бадай што, найлепшымі крытыкамі былі бацькі: тата заўсёды ганарыўся мной, а матуля часам рабіла слушныя заўвагі.
Яўген Саковіч уваходзіць у творчае аб’яднанне “Верасень”, створанае пры Беларускім саюзе мастакоў у 1989 годзе. Працуе ў тэхніцы акварэль. Яго карціны неаднаразова экспанаваліся ў Германіі, Францыі, Польшчы, Балгарыі і іншых краінах.
Атрымаўшы атэстат агульнай сярэдняй адукацыі і пасведчанне трактарыста-машыніста, у 1966 годзе я паступіў у Мінскае мастацкае вучылішча імя А.К.Глебава. У той час там выкладалі вядомыя мастакі Альберт Малішэўскі і Ірына Глазова, я вучыўся ў групе Ірыны Іосіфаўны. У час навучання пасябраваў з мастаком Сяргеем Пятровічам Катковым і заслужаным настаўнікам Віктарам Іванавічам Вярсоцкім. У 60—70-я гады гэтыя мастакі адкрылі свае студыі: Каткоў у Палацы моладзі (цяпер Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі) на вуліцы Кірава, а Вярсоцкі на базе 75-й школы. Усё старэйшае пакаленне сённяшніх мастакоў выхавана менавіта ў гэтых студыях, кіраўнікі якіх і прывілі мне любоў да педагогікі.
У 1972 годзе я скончыў вучылішча і па размеркаванні трапіў у сталічную школу № 26. Гэта была першая ў рэспубліцы школа з мастацкім ухілам. І мяне неяк амаль адразу прызначылі намеснікам дырэктара па мастацкім навучанні. У гэтым жа годзе я паступіў у Віцебскі педагагічны інстытут на мастацка-графічны факультэт. У Віцебску ў той час у росквіце была акварэльная школа Фелікса Гумена, Вадзіма Сталярова і іншых. Так акварэль увайшла ў маё жыццё і засталася ў ім назаўсёды.
— Сёння вы працягваеце педагагічную дзейнасць і з’яўляецеся настаўнікам выяўленчага мастацтва. З чаго пачынаеце свой урок?
— З жарту, каб задаць рабочы настрой, або з пахвалы за добры эскіз. Хоць мой педагагічны вопыт вельмі вялікі, я перакананы, што ўрок павінен быць прадуманы ад А да Я. Цяпер я ўжо не пішу падрабязных канспектаў, але прадумваю ход і задачы ўрока, аналізую, як дзеці засвойваюць матэрыял, і калі бачу, што нешта не ўспрымаюць, мяняю яго.
— Вы выкладаеце творчую дысцыпліну, аднак, напэўна, часам сутыкаецеся з сітуацыяй, калі некаму з вучняў нецікава тое, што вы спрабуеце данесці да яго. Што робіце ў такой сітуацыі?
— Калі вучням нецікава, значыць, вінаваты настаўнік. Часам і ў мяне здараецца: паспешліва зрабіў пастаноўку па малюнку і жывапісе, і яна не зацікавіла вучняў, тады сумесна ставім пастаноўку. Але гэта бывае вельмі рэдка. Лічу, што на кожным уроку вучань павінен авалодаць чымсьці новым, каб перайсці на чарговую прыступку.
— Якіх педагагічных прынцыпаў прытрымліваецеся?
— Заўсёды з павагай стаўлюся да вучняў, мы ўсе мастакі: я з вопытам, яны без вопыту. Я перакананы, што вучань павінен ісці на ўрок з радасцю. Таксама я ніколі нікога не вылучаю, у мяне няма любімчыкаў, усе дзеці роўныя.
— Што для вас самае складанае ў рабоце з падрастаючым пакаленнем?
— Заставацца патрэбным дзецям, пры гэтым быць не проста “добрым дзядзькам”, а патрабавальным і строгім. Не супакойвацца і быць наперадзе. Да таго ж я імкнуся быць аб’ектыўным, бо давер вучняў, гэтак жа як і калег, дарагога варты.
— Вы амаль што 50 гадоў у педагогіцы!..
— 50 гадоў праляцелі як адзін дзень. Школа, як і нашы вучні, расла, сталела, ператварылася спачатку ў Мастацкі ліцэй, а пасля ў гімназію-каледж. Мы пастаянна займаліся распрацоўкамі новых праграм. Напрыклад, у 2007 годзе Міністэрства адукацыі выдала мае праграмы для школ з эстэтычным ухілам па ўсіх прадметах: “Малюнак”, “Жывапіс”, “Кампазіцыя”, “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і лепка”. Сёння па маіх праграмах працуе больш за 200 школ з мастацкай накіраванасцю як у Беларусі, так і за яе межамі.
— Чаму ў першую чаргу імкняцеся навучыць сваіх вучняў?
— Майстэрству і густу. Паважаць бацькоў, старэйшых, любіць сваю школу і Радзіму. Думаць, разважаць, ведаць гісторыю сваёй краіны. Ганарыцца нашай культурай і прыродай. Усё сваё жыццё стараюся прывучаць вучняў да спачування хворым, адзінокім. Мы аздобілі сваімі малюнкамі амаль усе школы і дзіцячыя садкі Цэнтральнага раёна, 2-ю дзіцячую бальніцу, дзіцячую паліклініку № 2, дзіцячую стаматалагічную паліклініку № 1, школу-інтэрнат № 3.
Увогуле я перакананы, што навучыць маляваць можна любога. Таленавіты педагог зможа выявіць і раскрыць здольнасці дзіцяці, а вось глыбіня і духоўная напоўненасць дзіцячых работ залежаць ужо ад прыроднага таленту юнага мастака. У нашай навучальнай установе займаюцца дзеці з 2 класа. У пачатковай школе педагогі стараюцца не абмяжоўваць дзяцей, але калі пасля 4 класа яны паступаюць у гімназію, то пачынаецца акадэмічнае навучанне жывапісу.
Імкнуся падштурхоўваць сваіх вучняў да пошуку, каб яны вучыліся аналізаваць, і калі нехта пытаецца, якім колерам яму маляваць, я адказваю, што чорным.
— Дакладна ведаю, што многія вашы выпускнікі пайшлі па вашых слядах…
— Так. Сярод іх мастачкі і лаўрэаты Дзяржаўнай прэміі Беларусі Алеся Скарабагатая і Марына Жвірбля, мастакі-графікі Раман Сустаў, Усевалад Швайба і Тамара Шэлест. Педагогамі нашай гімназіі-каледжа сталі Павел Карповіч і мая дачка Алена Саковіч.
— А якія задачы стаяць перад вамі як перад намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце?
— Намеснік дырэктара — гэта найлепшы настаўнік, аўтарытэт, майстар сваёй справы, які мае сваіх вучняў, прычым яны павінны быць аднымі з лепшых. Мне прыемна, калі бацькі з гордасцю гавораць: “А мае дзеці вучацца ў Саковіча”.
У той жа час намеснік дырэктара павінен быць дальназоркім, бачыць перспектыву развіцця школы, умець прагназаваць сістэму мастацкай адукацыі, ведаць сусветны вопыт мастацкага выхавання і адсочваць яго тэндэнцыі.
За гады маёй работы разам з калегамі мы стварылі, на наш погляд, лепшую ў краіне акварэльную школу, у нас выдатная падрыхтоўка па малюнку і кампазіцыі, а таксама створана цудоўная база па навучанні саломапляценню, кераміцы, ткацтву, роспісу.
Яўген Саковіч стаяў ля вытокаў стварэння канцэпцыі айчыннай мастацкай школы, шмат увагі ўдзяляючы вывучэнню беларускага народнага мастацтва, якое і легла ў аснову навучання ў гімназіі-каледжы мастацтваў.
Сярод нашых выкладчыкаў ёсць такія педагогі-майстры, як Алена Карповіч, Тамара Шэлест, Наталля Разуменка — паспяховыя мастакі, што ўзнімаюць у сваёй творчасці вельмі складаныя тэмы, а таму іх карціны заўсёды напоўнены філасофскім зместам і глыбокім сэнсам. Мы ганарымся кожным такім педагогам!
— Яўген Мікалаевіч, вы — таленавіты мастак. А ці застаецца час на ўласную творчасць, і што натхняе на яе?
— На жаль, часу на творчасць застаецца вельмі мала, бо кожны дзень раніцай спачатку іду ў гімназію, а ўжо пасля, у канцы дня, калі застаецца энергія, у майстэрню. А натхненне чэрпаю ў нашай прыгожай прыродзе, роднай вёсачцы, сустрэчах з сябрамі і цікавымі людзьмі і, канечне, у сям’і, таму і карціны атрымліваюцца розныя. Ведаеце, калі любіш сваю работу, то і стомленасці амаль не адчуваеш. Я вельмі люблю і жывапіс, і педагогіку, таму заўсёды стараюся ўмела сумяшчаць дзве любімыя справы.
— Што б вы пажадалі сваім калегам-педагогам?
— Ніколі не перакладаць свае праблемы на іншых людзей, а, пераступіўшы парог школы, забываць пра іх і ісці да дзяцей з радасцю!
Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.