Ён мог бы ўладкавацца ў кафэ, але выбраў дзіцячы садзік. Расказваем пра маладога шэф-кухара Рамана Наўрося

- 12:04Новости

Прывёўшы дзяцей з дашкольнай установы, бацькі часта цікавяцца: “Што ты сёння еў? Ці смачна было?” Але далёка не ўсе мамы і таты ведаюць, хто канкрэтна гатуе ежу для іх маленькіх сыноў і дачок.

Аб тым, каб снеданне, абед і падвячорак былі апетытнымі, пажыўнымі і каларыйнымі, штодзень клапоцяцца кухары. Сярод іх — Раман Наўрось, які ўжо 5 месяцаў працуе шэф-кухарам у дзіцячым садзе № 6 Маларыты.

У прафесію Раман прыйшоў самастойна і ўсвядомлена. Праўда, не адразу. Пасля заканчэння 9 класа падаў дакументы ў тагачасны Маларыцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці, дзе набыў спецыяльнасці трактарыста-машыніста катэгорыі А, В, D, вадзіцеля аўтамабіля катэгорыі С і электразваршчыка ручной зваркі 3-га разраду. На першае месца работы Рамана накіравалі ў Маларыцкую ПМК-20 электра­зваршчыкам. Усё нібыта і атрымлівалася, але хлопец неўзабаве зразумеў, што гэта не яго. Не ляжала душа. Пасля доўгіх роздумаў вырашыў усё ж такі змяніць прафесію. Бацькі падтрымалі рашэнне сына.

У выніку Раман Наўрось скончыў яшчэ і Брэсц­кі дзяржаўны гандлёва-тэхналагічны каледж. Маладога кухара 4-га разраду накіравалі ў маларыцкі дзіцячы сад, дзе ён разам з калегамі штодзень гатуе для дашкольнікаў смачную ежу.

Новая работа прыносіць задавальненне і радасць. Гэта якраз тое, чаго раней так не хапала Раману. Ён лічыць, што галоўнае ў любой справе — стараннасць і адказнасць. Але гэтага недастаткова. Гатаваць жа могуць усе. Каб атрымалася смачна, неабходна рабіць гэта заўсёды з любоўю. Інакш, якія б ні ўзяў інгрэдыенты, як бы ні прытрымліваўся нарматываў і прапорцый, ідэальна не атрымаецца!

Нават яечня, згатаваная ў дрэнным настроі, не будзе смачнай. Так што самая галоўная прыправа для любой стравы на кухні — гэта любоў!

Раман мог бы ўладкавацца на работу, скажам, у кафэ, бар ці рэстаран Брэста. Але наўмысна выбраў дзіцячы сад, паколькі тут, як лічыць, можна набыць вялікі вопыт, многаму навучыцца ў калег для прафесійнага росту.

— У рэстаране кухар гатуе звычайна на аднаго чалавека, радзей — на двух ці чатырох, а тут — адразу на 187! — усміхаецца Раман. — У дзіцячым садзе больш адказнасці, бо трэба дагадзіць адразу ўсім дзяўчынкам і хлопчыкам. А гэта выдатна самаарганізоўвае!

Раман упэўнены, што дзіцячы сад для яго — добрая школа самаправеркі, папаўнення неабходных ведаў і станаўлення як высакакласнага спецыяліста. Маладому кухару хочацца штодзень радаваць дзяцей смачнай ежай, каб яны з апетытам усё з’ядалі і ніколі не заставаліся галоднымі.

— Снеданне ў дашкольнікаў пачынаецца ў 7.50, з 11.50 — абед, з 15.40 — падвячорак, — гаворыць Раман. — Кухня дзіцячага сада працуе як гадзіннік: усё дакладна і строга рэгламентавана. Працоўны працэс не спыняецца ні на мінуту: трэба своечасова памыць, пачыс­ціць, прапусціць праз мясарубку, зляпіць, разлічыць прапорцыі, перамяшаць, сачыць за гатоўнасцю… На захаванне бяспекі гатавання страў накіравана ўсё: асобныя дошкі для сырой і гатовай прадукцыі, асобныя сталы, увесь інвентар падпісаны так, каб не пераблытаць, што і для чаго.

Па словах Рамана, паўнацэннае і збалансаванае харчаванне павінна адпавядаць узроставым фізіялагічным патрабаванням, бо ад гэтага залежыць здароўе дзяцей, іх разумовае і фізічнае развіццё. Рацыён павінен быць максімальна разнастайным. Дзякуючы асартыменту прадуктаў і прыёмам кулінарнай апрацоўкі, гэтага цалкам магчыма дасягнуць.

— У кожнай установе адукацыі ёсць пад­рабязныя двухтыднёвыя рацыёны і тэхналагічныя карты, — працягвае Раман Наўрось. — Першае — гэта прыкладны спіс страў на найбліжэйшы час. Тэхнолагі цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Маларыцкага раёна складаюць іх па правілах дыеталогіі: суадносяць сутачную колькасць бялкоў, тлушчаў і вугляводаў. Тут жа паказваецца выхад порцый у грамах. З тэхналагічных карт кухары даведваюцца, у якіх суадносінах змяшаць інгрэдыенты і якім спосабам апрацаваць прадукт: адварыць, патушыць ці запячы пры пэўнай тэмпературы… Змяняць рэцэпт па сваім жаданні нельга. Бывае, часам хочацца пафантазіраваць і нешта дадаць сваё! Калі стравы гатовы, іх каштуюць і ацэньваюць па арганалептычных паказчыках члены бракеражнай камісіі. І толькі пасля гэтага ежа трапляе на стол да дзяцей.

Як жывапіс і музыка, так і кухня — мастацтва. Жывапіс зачароўвае вока, музыка — слых, а кулінарыя — смак. 

Раман прызнаецца, што дома цяпер гатуе нячаста. Гэтым у асноўным займаецца маці. Дарэчы, умее смачна гатаваць розныя стравы і бацька. Калі Раман упершыню пачаў на кухні кулінарыць, цяпер сказаць цяжка. Але юнак прызнаецца, што такое жаданне ў яго ўзнікла недзе ў 7—8 класе. Часта, калі прыходзіў са школы, адразу пачынаў завіхацца на кухні, хаця абед заўсёды быў ранкам згатаваны маці. Хлопец эксперыментаваў. Да таго ж яму хацелася здзівіць бацькоў чарговым кулінарным шэдэўрам. І амаль заўсёды атрымлівалася!

Далейшыя планы маладога кухара звязаны не толькі з удасканаленнем прафесійнага майстэрства. Раман марыць пабываць на майстар-класе вядомага кухара і стаць удзельнікам кулінарнага конкурсу.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі
Фота аўтара