Ёсць на каго спадзявацца

- 13:38Актуально, Рознае
14-15 лютага Міністэрствам адукацыі разам з Рэспубліканскім інстытутам вышэйшай школы праведзены Рэспубліканскі семінар-практыкум “Сучасныя тэндэнцыі ў арганізацыі ідэалагічнай і выхаваўчай работы ва ўстановах вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь”. Прарэктары ВНУ, якія адказваюць за арганізацыю выхаваўчай работы, падзяліліся сваім вопытам работы з моладдзю.

У рамках мерапрыемства прайшло пленарнае пасяджэнне і была разгорнута выстава па арганізацыі ідэалагічнай і выхаваўчай работы. Акрамя таго, сталічныя ўстановы вышэйшай адукацыі арганізавалі творчыя пляцоўкі па розных тэмах. Так, БДУ дэманстраваў гасцям вопыт студэнцкага самакіравання. У Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце расказалі пра міжкультурнае ўзаемадзеянне. Інавацыйныя формы работы па фарміраванні грамадзянска-патрыятычных якасцей студэнцкай моладзі прадставілі ў Камандна-інжынерным інстытуце Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. І, нарэшце, Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт паказаў свае напрацоўкі ў галіне праектнай дзейнасці.
Удзельнікі семінара маглі таксама азнаёміцца з матэрыяльна-тэхнічнай базай тых устаноў, якія наведалі. Напрыклад, у БДЭУ госці агледзелі выдатны спартыўны комплекс, дзе створаны ўсе ўмовы для таго, каб студэнцкая моладзь далучалася да норм здаровага ладу жыцця. Тут дзейнічаюць групы спартыўнага ўдасканалення, секцыі, трэніруецца каля 20 універсітэцкіх каманд. Штогод на базе гэтага комплексу праводзіцца больш за 80 спартыўных мерапрыемстваў, у якіх прымаюць удзел тысячы студэнтаў і выкладчыкаў.
Усе госці спыніліся каля стэнда, прысвечанага дасягненням студэнткі Вышэйшай школы кіравання і бізнесу БДЭУ Дар’і Домрачавай (на той час яшчэ двухразовай алімпійскай чэмпіёнкі). Выбітныя дасягненні гэтай спартсменкі робяць уражанне нават на сталых людзей. Ці трэба казаць, які спрыяльны ўплыў аказваюць яны на выхаванне карпаратыўнай культуры і патрыятычнага выхавання студэнцкай моладзі?
Госці наведалі таксама студэнцкі клуб БДЭУ, які з’яўляецца цэнтрам маладзёжнай творчасці. На яго базе дзейнічаюць 53 калектывы, аматарскія аб’яднанні і клубы па інтарэсах, у якіх займаецца каля тысячы студэнтаў і выкладчыкаў.
Удзельнікі семінара-практыкуму азнаёміліся з праектнай дзейнасцю, што вядзецца ў БДЭУ. Гэта вельмі канкрэтная работа, у якой задзейнічаны ўсе падраздзяленні ўніверсітэта і студэнты ўсіх факультэтаў. Яна ахоплівае самыя розныя напрамкі: тут і прафілактыка залежных паводзін, фарміраванне здаровага ладу жыцця, уключэнне моладзі ў сацыяльна значную дзейнасць, валанцёрскі рух і г.д.
Гасцям паказалі некалькі цікавых праектаў, якія рэалізоўваліся ва ўніверсітэце ў апошні час. Пры гэтым адзначалася, што стаўка робіцца не толькі на інтэлектуальны ўдзел студэнтаў у тым ці іншым праекце, але і на эмацыянальную падтрымку. Напрыклад, калі ўдзельнікам семінара дэманстравалі валанцёрскі праект “Дабрыня — дзецям”, то ў многіх з іх на вачах былі слёзы. Ёсць спадзяванне, што студэнты, якія непасрэдна ўдзельнічалі ў гэтым праекце, атрымалі сапраўдны ўрок дабрыні і ён будзе для іх арыенцірам у дарослым жыцці.
Ва ўніверсітэце ажыццяўляецца пастаянны пошук новых форм і метадаў выхаваўчай работы з моладдзю. Натуральна, што асноўныя каштоўнасныя арыентацыі студэнтаў БДЭУ (камунікабельнасць, грамадзянскасць і патрыятызм, карпаратыўная культура, здаровая сям’я, нацыянальная самасвядомасць) знаходзяцца на даволі высокім узроўні.
Напрыканцы семінара-практыкуму ўдзельнікі падзяліліся сваімі ўражаннямі. Усе адзначылі актыўную стваральную дзейнасць і вялікі творчы патэнцыял беларускага студэнцтва. А галоўная выснова, якая прагучала паводле вынікаў работы творчых пляцовак ва ўніверсітэтах, — якая добрая наша моладзь! Нераўнадушная, мэтанакіраваная, патрыятычная. І ў гэтай моладзі, безумоўна, можна быць упэўненымі.

Галіна ГЕНАДЗЬЕВА.