Ёсць перспектыва, ёсць жыццё

- 11:03Інфармацыйная гадзіна

Раённыя цэнтры і аграгарадкі ў найбліжэйшыя гады трэба прывесці ў ідэальны стан. Такое даручэнне даў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання аграгарадка Дабрынь у Ельскім раёне.

“У гэтым і двух наступных гадах трэба ўсе раённыя цэнтры і буйныя гарады абласнога падпарадкавання прывесці ў ідэальны стан. І пяць гадоў на тое, каб прывесці аграгарадкі вось у такі стан (як у Дабрыні. — Заўв. БелТА.), каб моладзь заставалася тут жыць і ганарылася гэтым”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што аграгарадкі павінны выконваць ролю цэнтраў жыцця ў вёсцы. Разам з тым неабходна ўдзяляць увагу стварэнню належных умоў для жыцця і ў вялікіх вёсках. Гаворачы пра малыя, так званыя неперспектыўныя, населеныя пункты, прэзідэнт адзначыў, што для мясцовых жыхароў, тым не менш, павінен прадастаўляцца хаця б мінімальна неабходны набор паслуг.

У час наведвання аграгарадка Дабрынь прэзідэнту далажылі аб развіцці сацыяльнай інфраструктуры, стварэнні ўмоў для адукацыі, заняткаў спортам, правядзення культурна-масавых мерапрыемстваў. Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з работай дзіцячага сада, Дома культуры і спартыўнага комплексу.
Асаблівую ўвагу кіраўнік дзяржавы ўдзяліў пытанню гандлю ў вёсцы, наведаў мясцовы магазін. Тут абмяркоўвалася работа арганізацый Белкаапсаюза, новыя падыходы ў арганізацыі гандлёвага абслугоўвання сельскага насельніцтва.

У час наведвання Ельскага раёна кіраўнік дзяржавы адказаў на шэраг пытанняў журналістаў. Так, прэзідэнт сказаў, што Беларусь зрабіла правільна, пайшоўшы па шляху рэабілітацыі тэрыторый, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што калі стаў Прэзідэнтам Беларусі, перад ім стаяў сур’ёзны выбар, што рабіць адносна пацярпелых тэрыторый. “Людзі былі напалоханы. Але я ўсім сэрцам і душой разумеў, што гэта — наша зямля і яе трэба адраджаць, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Вынік сёння відавочны. Можна шчыра і адкрыта сказаць: мы зрабілі правільна, пачаўшы рэабілітацыю гэтых зямель”.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што галоўны ўдар ад аварыі на ЧАЭС прыняла на сябе менавіта Беларусь. За мінулыя гады ў рэабілітацыю пацярпелых тэрыторый былі ўкладзены дзясяткі мільярдаў долараў, і затрачаныя намаганні былі не дарэмныя. Вынік бачны на прыкладзе Ельскага раёна, які наведаў прэзідэнт. “Сёння ў Ельскім раёне амаль не засталося зямель, якія трэба вяртаць да жыцця. Ужо няўдобіцы ўзворваюць, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Вазьміце Дабрынь (аграгарадок, дзе пабываў Аляксандр Лукашэнка. — Заўв. БелТА.): 50 чалавек у дзіцячым садзе, яшчэ столькі ж гатовы ў хуткім часе туды прыйсці. Значыць, ёсць перспектыва, ёсць жыццё”.

“Гэта значыць, што мы зрабілі нямала і прынялі правільнае рашэнне, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — За пяцігодку, якая пачалася, пры ўсіх праблемах і складанасцях, мы канчаткова вырашым усе пытанні, звязаныя з поўднем нашай краіны, каб гэтыя землі забылі трагедыю, што адбылася”.

Гаворачы аб дасягненнях у рэабілітацыі чарнобыльскіх тэрыторый, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэтую работу варта было пачаць значна раней, яшчэ ў часы існавання СССР. “Але тады быў страчаны час. Прыкладна 10—15 гадоў змарнавалі ў разважаннях і спрэчках. Калі б можна было вярнуць час назад, трэба было б пачынаць гэта раней. Але і так зроблена нямала, сваімі рукамі”, — сказаў прэзідэнт.

Адказваючы на пытанне, якое тычылася правядзення Усебеларускага народнага сходу, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што для абмеркавання на сходзе будзе прапанавана рэалістычная праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на наступнае пяцігоддзе без элементаў манілаўшчыны.

“Праграма будзе абсалютна рэалістычнай, а не манілаўшчынай. Мы будзем планаваць зыходзячы з нашых магчымасцей. У тым, што мы можам значна дабавіць, няма ніякіх сумненняў. Залог гэтага — мадэрнізацыя, якую мы правялі”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт адзначыў, што ў Беларусі мадэрнізацыя закранула не толькі такія галіны, як сельская гаспадарка або дрэваапрацоўка, але вялікія сродкі за мінулыя гады ўкладзены ў прамысловасць.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што з улікам хвалепадобнага развіцця сусветнай эканомікі на змену крызісным з’явам абавязкова прыйдзе рост. “Гэта яшчэ больш узмоцніць нашы магчымасці. Таму што павінны даць аддачу мадэрнізаваныя прадпрыемствы, а іх вялікая колькасць. І мы не спыняемся. Пры ўсіх складанасцях галоўная наша задача — мадэрнізацыя і абнаўленне вытворчасці на інавацыйнай аснове”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама звярнуў увагу, што неабходны больш маштабны падыход у ацэнцы вынікаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі. Гэта не адзін, а ўжо некалькі пяцігадовых перыядаў. “Мы больш за ўсё гаворым, што крызіс, але забываем сказаць, што зроблена за гэты час. А зроблена нямала. І, грунтуючыся на гэтым, нам трэба зрабіць значны рывок”, — падкрэсліў беларускі лідар.