Юлія Шульгіна: я многае патрабую ад вучняў, але пасля маіх урокаў яны будуць гаварыць на англійскай мове

- 12:18Учитель года

Прадэманстраваць, якім павінен быць сучасны педагог, — такую мэту ўдзелу ў сёлетнім конкурсе “Настаўнік года” вызначыла для сябе настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 4 Асіповіч Юлія Шульгіна. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Мая суразмоўніца вучылася ў спе­цыялі­заванай школе № 2 Асіповіч, дзе паглыблена выкладалася англійская мова.

— Любоў да прадмета мне прывіла Ірына Уладзіміраўна Хацько, — гаво­рыць Юлія Аляксандраўна. — Для мяне гэта эталон настаўніка, інтэлігентная і заўсёды элегантная, з цудоўным вымаўленнем. Вакол яе панавала атмасфера творчасці і крэатыўнасці. Яна расказвала шмат цікавых фактаў пра замежныя краіны, у якіх бывала. Пасля 8 класа я паступіла ў Магілёўскі дзяржаўны абласны ліцэй № 1 пры ўніверсітэце імя А.А.Куляшова, які скончыла на выдатна.

Паколькі мяне заўсёды вабіла сцэна (была ў ліку ўдзельнікаў многіх творчых па­дзей і ў школе, і ў ліцэі), вырашыла па­даць дакументы ў Акадэмію мастацтваў. Але за дзень да таго, як прыехала ў Мінск, прыём дакументаў у гэтую ўстанову скончыўся. Альтэрнатыва бачылася адна — пайсці ў інстытут замежных моў, што я адразу і зрабіла.

Юлія Аляксандраўна — эксперыментатар па жыцці, не сядзіць на месцы, увесь час спрабуе нешта новае. Шмат падарожнічае, аб’ехала ўжо 29 краін.

— У мяне шмат сяброў за мяжой. Калі яны прыязджаюць да мяне ў госці, запрашаю іх у нашу школу на сустрэчу з вучнямі старшых класаў, каб тыя папрактыкаваліся ў англійскай мове, даведаліся пра жыццё ў розных краінах, — расказвае педагог. — Часам дзеці задаюць складаныя пытанні, на якія практычна немагчыма адказаць, калі ты ніколі не быў у той ці іншай краіне і не ведаеш пэўных моўных і культурных нюансаў.

Юлія Шульгіна шмат дзе пабывала, але асаблівая любоў у яе ўзнікла да астраўных дзяржаў, напрыклад, краін Карыбскага басейна. У Пуэрта-Рыка, у мінулым адной з іспанскіх калоній, ёй нават пашанцавала папрацаваць, што натхніла на вывучэнне іспанскай мовы.

— У будучыні мару пабываць на Алясцы. І яшчэ адна мара — Новая Зеландыя, дзе таксама гавораць на англійскай мове, хоць у асноўным распаўсюджаны новазеландскія дыя­лекты, — адзначае суразмоўніца. — У мяне там ёсць сябар. Калі ён са мной размаўляе, то стараецца гаварыць на правільнай англійскай мове, бо новазеландскія дыялекты складаныя для мяне.

І мае вучні таксама падарожнічаюць са сваімі сем’ямі, практыкуюць англійскую мову. Што тычыцца нашых сумесных паездак з класам, у якім я класны кіраўнік, то мы бываем у розных куточках Беларусі.

Як навучыцца размаўляць на англійскай мове? Трэба перш за ўсё на ёй размаўляць, нават калі ў маўленні ёсць памылкі. Іншага спосабу няма.

Юлія Аляксандраўна ўмее ствараць добразычлівую атмасферу на ўроках, настройвае дзяцей на тое, што дапускаць памылкі — нармальна, гэта працэс навучання. На яе ўроках шмат інтэрактыву, ролевых гульняў. Так знімаецца лінгвістычны бар’ер, дзеці выяўляюць сябе, вучацца суперажываць.

Юлія Шульгіна найбольш актыўна выкарыстоўвае ролевыя гульні ў 5—9 класах як самастойны метад пры засваенні пэўнай тэмы, а таксама як элемент іншага метаду або ў якасці асобных вучэбных заняткаў ці іх часткі. Гульні падзяляюцца на тыя, што кантралююцца, тыя, што ўмерана кантралююцца, і свабодныя.

Арганізоўваючы гульню, якая кантралюецца, пасля прачытання або праслухоўвання тэксту педагог прапаноўвае аднаму з вучняў ролю пэўнага персанажа тэксту, а іншым — узяць у яго інтэрв’ю. Рэпарцёры могуць задаваць толькі тыя пытанні, адказы на якія ёсць у тэксце. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы ­“Надвор’е і клімат” пасля праслухоўвання тэксту аб кліматычных асаблівасцях Беларусі і англамоўных краін, абмеркавання яго і выканання заданняў па тэксце педагог прапаноўвае сітуацыю “Першая сустрэча ўдзельнікаў міжнароднага лагера надвор’я”, падчас якой вучням, якія атрымалі індывідуальныя заданні, трэба задаць адно аднаму пытанні аб клімаце іх краін (Беларусі, Аб’яднанага Каралеўства, ЗША).

У групах з больш высокім узроўнем сфарміраванасці камунікатыўнай кампетэнцыі Юлія Аляксандраўна практыкуе гульню, якая ўмерана кантралюецца, калі ўдзельнікі атрымліваюць агульнае апісанне сюжэта і сваіх роляў. Пры гэтым асаблівасці ролевых паводзін вядомыя толькі самому выканаўцу. Астатнім удзельнікам варта здагадацца, якой лініі паводзін будзе прытрымлівацца іх партнёр, і прыняць адпаведнае рашэнне аб уласнай рэакцыі. Так, па тэме Shopping прапаноўваецца ролевая гульня, у якой ­адзін вучань выступае ў якасці пакупніка, мэта якога — набыць пэўную рэч, а яго апанент у якасці прадаўца павінен пераканаць яго набыць іншы тавар. Пры гэтым абодвум удзель­нікам гульні неабходна выкарыстоў­ваць выразы маўленчага этыкету.

За 5 гадоў у Юліі Шульгіной склалася сістэма работы з ролевымі гульнямі ў 5—9 класах, якую яна трансліравала падчас пасяджэнняў вучэбна-метадычных аб’яднанняў, педагагічных саветаў і адкрытых урокаў.

Падчас свабоднай ролевай гульні вучні самі вырашаюць, якую лексіку ім выкарыстоўваць, як будзе развівацца дзеянне. Педагог толькі называе тэму і прапаноўвае прайграць розныя сітуацыі, а ў ходзе пад­рыхтоўкі аказвае неабходную дапамогу. Пры вывучэнні тэмы “Міжасобасныя адносіны” ў 9 класе вучні дзеляцца на дзве групы: падлеткі, якія апісваюць свае праблемы з бацькамі, і псіхолагі-эксперты, якія шукаюць падыходы для вырашэння канфліктаў.

Юлія Аляксандраўна ў асноўным выкарыстоўвае два віды ролевых гульняў: ­граматычныя і лексічныя, а таксама творчыя. Асноўная ўвага ўдзяляецца граматычным гульням, бо яны дазваляюць вучням пераходзіць да актыўнага маўлення.

Гульні дапамагаюць зрабіць работу на ўроку больш цікавай і займальнай. Напрыклад, на этапе развіцця граматычных навыкаў па тэме “Ускосная мова” пры вывучэнні тэмы “Свет моды” ў 9 класе арганізоўваецца інтэрв’ю з вядомым мадэльерам, падчас якога два папарацы задаюць пытанні, а іншыя перадаюць пачутае сваім калегам, якія “не прысутнічалі” на самім інтэрв’ю, прымяняючы сказы з ускоснай мовай.

У аўдытыўных і маўленчых творчых гульнях можна праявіць самастойнасць, максімальна мабілізаваць маўленчыя навыкі. Прыкладам такой гульні можна назваць “Кірмаш спартсменаў” у 7 класе. Пры асваенні тэмы Sports вучні выступаюць у ролі трэнераў, задача якіх — эмацыянальна запра­сіць дзяцей у секцыю пэўнага віду спорту. Пры выкананні апераджальнага дамашняга задання яны рыхтуюць не толькі рэкламу, але і касцюмы, флаеры і г.д.

Для таго каб ролевая гульня была максімальна эфектыўнай, асаблівую ўвагу настаўніца ўдзяляе яе падрыхтоўцы. На канкрэтным матэрыяле адбірае неабходныя сітуацыі-ілюстрацыі і сітуацыі-праблемы. Вызначае пазіцыю, якую будзе займаць сама як настаўнік (кіраўнік, удзельнік, назіральнік, сцэнарыст, рэжысёр, партнёр вучняў у гульні, кантралёр за ходам гульні ў класе), прапрацоўвае структуру гульні і рыхтуе дыдактычны матэрыял: карткі-заданні для кожнага (можна з падказкай аб характары яго дзейнасці). Далей падбірае групы вучняў і размяркоўвае ролі, ста­віць пытанне, па якім яны павінны выказваць свой пункт гледжання, прадумвае магчымыя адказы і рэплікі (каб пры неабходнасці падказаць іх пэўным вучням).

Педагог выкарыстоўвае гульнявыя прыёмы разнапланава: на вучэбных занятках розных тыпаў і відаў (фарміраванне, удасканаленне лексічных і граматычных навыкаў; развіццё ўменняў дыялагічнага маўлення, палілогу); як самастойную адзінку адукацыйнага працэсу (урок-гульню); у пазаўрочнай дзейнасці.

За 5 гадоў у Юліі Шульгіной склалася сістэма работы з ролевымі гульнямі ў 5—9 класах, якую яна трансліравала падчас пасяджэнняў вучэбна-метадычных аб’яднанняў, педагагічных саветаў і адкрытых урокаў. Настаўніца падрыхтавала метадычную скарбонку “Ролевыя гульні на ўроках англійскай мовы ў 5—9 класах”.

— Я выкладаю дзецям вялікі аб’ём вучэбнага матэрыялу і многага ад іх патрабую. Але пасля маіх урокаў, упэўнена, ім будзе лёгка гаварыць на англійскай мове. Ёсць у маіх вучняў і перамогі на раённых алімпіядах. Пяць маіх выпускнікоў за апошнія два гады звязалі сваю прафесійную будучыню з замежнай мовай, сталі студэнтамі Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, — адзначае педагог. — Лепшай падзякай для мяне як педагога з’яўляюцца словы, якія часта чую ад дзяцей у канцы ўрока, аб тым, што яны не хочуць пакідаць клас і мараць, каб заняткі працягваліся далей.

Любоў да прадмета часта бывае абумоўлена любоўю і павагай да настаўніка. Яркія эмоцыі і зіхатлівая ўсмешка, энергія і пазітыўнае стаўленне да жыцця, новыя творчыя ідэі і іх паспяховае ўвасабленне ў жыццё — усё гэта пра Юлію Шульгіну. Мінулым летам педагог распрацавала праграму школьнага лагера замежнай мовы і прыняла актыўны ўдзел у яе рэалізацыі. Кожны дзень меў сваю тэматыку, праводзіліся адпаведныя мерапрыемствы. Педагогі размаўлялі з дзецьмі толькі па-англійску, у тым ліку праводзілі зарадку, дыскатэку, шоу талентаў і г.д. Бацькі вучняў, якія адпачывалі, потым адзначалі, што нават не чакалі, што ўсё будзе настолькі цудоўна.

“Мама Юля”, — часам ласкава называюць вучні сваю настаўніцу. “Так, вы мае дзеткі, але я ваша трэцяя мама”, — інтрыгуе іх класны кіраўнік. “А другая хто?”— здзіўляюцца вучні. “Хросная”, — нагадвае Юлія Аляксандраўна. З вучнямі яна часта размаўляе па душах, як з роднымі дзецьмі, разам яны перажываюць узлёты і падзенні, смяюцца і плачуць. 

— Як ацаніць, наколькі ты добры настаўнік? — разважае Юлія Аляксандраўна. — На мой погляд, трэба шчыра і сумленна адказаць сабе на пытанне: ці хацела б я, каб у майго ўласнага сына ці дачкі быў такі настаўнік? І мой адказ — “так”. 

Педагог вучыць англійскай мове і дарослых, якія прызнаюцца: калі б у іх у школе быў такі настаўнік, то і мову яны больш любілі і лепш ведалі б.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара