Юныя піяністы паказалі майстэрства

- 10:56Адукацыйная прастора

У горадзе над Бугам прайшоў VІІІ Адкрыты абласны фестываль-конкурс юных піяністаў Cantabile. Арганізатарамі двухдзённага музычнага спаборніцтва выступілі ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і гімназія № 4 Брэста.

— Фестываль-конкурс праводзіцца раз у два гады з мэтай развіцця і папулярызацыі дзіцячага піяністычнага руху, павышэння матывацыі вучняў да развіцця выканальніцкіх здольнасцей і выяўлення таленавітых дзяцей, — расказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 4 Брэста К.У.Жыватоўская. — Музычнае спаборніцтва ўпэўнена ўвайшло ў грамадска-культурнае жыццё Брэстчыны і атрымала шырокае прызнанне яго юных удзельнікаў, іх бацькоў і выкладчыкаў. Спачатку фестываль-конкурс задумваўся з мэтай адкрыцця юных талентаў сярод вучняў школ з эстэтычным напрамкам (сённяшніх устаноў адукацыі з вывучэннем спецыяльных прадметаў музычнага напрамку на факультатыўных занятках), але паступова набыў папулярнасць і сярод выхаванцаў і выкладчыкаў дзіцячых музычных школ і школ мастацтваў. Прыемна, што заяўкі для ўдзелу ў спаборніцтве паступаюць з Гомельшчыны, Магілёўшчыны, Віцебшчыны і Міншчыны.

У канцэртнай зале гімназіі № 4 Брэста сабраліся 127 юных піяністаў з ліку вучняў 2—9 класаў 24 устаноў адукацыі краіны. Некаторыя дзеці ўдзельнічаюць у фестывалі-конкурсе не першы раз. Вучні спаборнічалі ў 4 узроставых групах. Абавязковым творам конкурснай праграмы была п’еса кантыленнага характару, якая выклікала б эмоцыі, перажыванні і змену настрою, прымушаючы выканаўцаў выразна іграць на музычным інструменце. Асаблівая ўвага ўдзялялася творам беларускіх аўтараў. Падчас фестывалю-конкурсу прагучалі п’есы М.Шнейдармана, П.Падкавырава, Я.Глебава, Я.Паплаўскай, Г.Гарэлавай і У.Грушэўскага, а таксама апрацоўкі беларускіх народных песень. Асаблівасцю спаборніцтва з’яўляецца тое, што ў яго рамках праводзіцца фестываль фартэпіяннай музыкі для дзяцей, не гатовых пакуль удзельнічаць у ім на ўзроўні конкурсу, але гатовых паспрабаваць свае сілы. Сёлета для такіх вучняў было арганізавана праслухоўванне ў намінацыях “Фартэпіянны ансамбль” і “Змешаны ансамбль”.

Падводзячы вынікі фестывалю-конкурсу, намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама І.А.Папова адзначыла, што ён выявіў шмат таленавітых дзяцей. Ірына Аляксандраўна пажадала ім далейшых поспехаў у павышэнні музычнага майстэрства і выказала ўпэўненасць, што спаборніцтва стане не толькі новым імпульсам у рэалізацыі творчых здольнасцей яго ўдзельнікаў, але і важным крокам у пашырэнні міжкультурнага дзіцячага супрацоўніцтва і абмене цікавым педагагічным вопытам.

Дыпломы І, ІІ, ІІІ ступені атрымалі Марыя Казлова і Рэната Кір’янава з сярэдняй школы № 17 Брэста, Соф’я Грыневіч, Валерыя Гуржый, Ангеліна Алесік, Варвара Кавалёва, Таісія Яўтуховіч і Настасся Шугай з гімназіі № 4 Брэста, Аліса Фоміч з дзіцячай школы мастацтваў Жодзіна Мінскай вобласці, Максім Бальшакоў з сярэдняй школы № 30 імя Д.Гвішыяні Брэста, Эмілія Кавальчук з гімназіі № 2 Пінска, Паліна Мелеш з гімназіі № 3 Брэста і Марыя Дунько з дзіцячай школы мастацтваў № 2 Пінска. Падрыхтоўкай пераможцаў займаліся В.А.Себясевіч, В.У.Кутрухіна, К.У.Сокал-Сакалюк, А.В.Манзік, Л.Я.Шамякіна, Г.М.Нічыпарук, І.А.Бараннік, Э.І.Фоміч, В.В.Міхнюк, А.А.Варатніцкая, К.У.Жыватоўская, В.А.Баброўнік і Л.М.Цімашэнкава.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.