Пачалася змена ў лагеры ўчора на тэрыторыі Петрыкаўскага раёна і працягнецца 9 дзён. У ім сустрэліся 20 падлеткаў ва ўзросце 14—17 гадоў — прызёры абласных і рэспубліканскіх конкурсаў, удзельнікі навуковых таварыстваў навучэнцаў, школьных лясніцтваў і проста тыя, хто любіць родную прыроду, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Арганізатарам традыцыйна стаў Гомельскі абласны цэнтр турызму і экалогіі дзяцей і моладзі, а месцам яго правядзення быў выбраны дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр “Пціч” у Капаткевічах. Гэта ў першую чаргу абумоўлена тым, што прырода ў Петрыкаўскім раёне ўнікальная. Музей прыроды Нацыянальнага парку “Прыпяцкі”, чыстае паветра ляснога масіву, адсутнасць у раёне прамысловых прадпрыемстваў, Пціч — самая чыстая рака ў рэгіёне і адна з самых чыстых рэк Беларусі з прыбярэжнымі палянамі і лугамі — вось ідэальныя ўмовы для юных эколагаў. Якраз гэтыя прыродныя тэрыторыі і стануць аб’ектам даследаванняў юных вучоных, бо ў цэнтры іх даследчай увагі будуць гідрабіялогія і энтамалогія фаўны. Школьнікі навучацца праводзіць даследаванні ў палявых умовах, працаваць з калекцыяй насякомых, з вызначальнікамі. Для правядзення паўнацэнных даследчых работ арганізатары прадаставілі дзецям усё неабходнае абсталяванне: ад мікраскопаў да сачкоў і планктонных сетак.
Лагер ладзіцца па 2 кірунках: гідрабіялогія і энтамалогія фаўны. Для правядзення паўнацэнных даследчых работ у школьнікаў ёсць усё неабходнае абсталяванне: мікраскопы, сачкі, планктонныя сеткі.
Па словах Аксаны Цалавальнік, загадчыка эколага-біялагічнага аддзела Гомельскага абласнога цэнтра турызму і экалогіі дзяцей і моладзі, бонусам для навуковых даследаванняў будуць цікавыя заданні, конкурсы, гульні і, канечне, адпачынак на прыродзе. Напрыклад, падчас конкурснай шоу-праграмы “Экажурналістыка” дзеці падрыхтуюць сюжэты аб прыродзе, фларыстычных мясцовых славутасцях, нарысы аб даследаваннях і забруджваннях вадаёма, шляхах вырашэння водных праблем і інш. На адзін дзень лагер стане сапраўднай флора-студыяй, у якой дзецям трэба будзе стварыць унікальныя кампазіцыі з расліннага і прыроднага матэрыялу. Заўтра, 21 чэрвеня (дзень летняга сонцастаяння), дзяцей чакае экалагічнае свята сонца, і па традыцыі ў гэты дзень прынята вырабляць сонечныя амулеты і абярэгі, назіраць, як узыходзіць і заходзіць сонца, будуць гульні і конкурсы, народныя песні ля вогнішча. Завершыцца ж профільная змена навуковай канферэнцыяй, на якой юныя гідролагі і энтамолагі прадставяць вынікі сваіх даследаванняў і раскажуць пра свае адкрыцці.
Дырэктар установы Антон Марозаў расказаў, што пабываць на прыродзе будзе нагода не толькі ва ўдзельнікаў лагера, а літаральна ў кожнага навучэнца Гомельскай вобласці:
— Сёлета мы праводзім абласную эколага-турыстычную летнюю акцыю “Стварай справай, а не словам”. Яе сутнасць у тым, што ўсе ўстановы адукацыі вобласці для ўдзельнікаў летніх лагераў, якія праходзяць у іх сценах, а таксама для ўдзельнікаў аб’яднанняў па інтарэсах і проста для аматараў прыроды арганізоўваюць паходы ці экскурсіі, падчас якіх выконваюць пэўныя заданні па экалогіі і краязнаўстве.
Каб гэтыя квесты, іх прыродныя галаваломкі і экалагічныя адкрыцці захаваліся не толькі ў памяці дзяцей, арганізатары акцыі прапанавалі захаваць іх і на відэа. Чакаецца, што выніковым прадуктам стане відэафільм, а самыя актыўныя ўдзельнікі акцыі і таленавітыя відэааператары напрыканцы лета атрымаюць узнагароды.
Дарэчы, гэты фармат — здымкі экавідэаролікаў — ужо стаў візітоўкай устаноў адукацыі Гомельшчыны. Напрыклад, нядаўна тут быў праведзены першы конкурс відэаблогераў, якія дзяліліся кадрамі сваіх валанцёрскіх будняў.
— Многія нашы дзеці займаюцца экалагічным валанцёрствам, але конкурсаў, у якіх яны маглі б падзяліцца сваім вопытам у гэтай сферы, няма, таму мы вырашылі падсвяціць гэтую іх дзейнасць у конкурсе відэаблогераў “У пошуках жывога дабра”. Тэма аказалася вельмі актуальнай — нам даслалі ажно 286 ролікаў, у якіх аўтары паказалі і расказалі, як яны ратуюць свойскіх і дзікіх жывёл і птушак, ствараюць для іх спецыяльныя кармушкі з натуральных матэрыялаў і г.д., — расказала Аксана Цалавальнік.
Сапраўды, важна не толькі дапамагаць прыродзе, але і расказваць і паказваць іншым, як вы гэта робіце. Тады ў вашай камандзе абавязкова дабавіцца аднадумцаў і памочнікаў.
Святлана НІКІФАРАВА
Фота Аксаны ЦАЛАВАЛЬНІК





