Кіраўнік Беларускага фонду міру Максім Місько – пра пашырэнне ў краіне сеткі Школ міру

- 13:03Интервью, Школа мира

Пра пашырэнне ў краіне сеткі Школ міру, сумесны беларуска­-расійскі конкурс для школьнікаў “Мой любімы горад-­пабрацім” і іншыя праекты, прымеркаваныя да Года міру і стварэння, расказвае кіраўнік Беларускага фонду міру Максім Місько.

— Максім Уладзіміравіч, у краіне актыўна разгортваецца сетка Школ міру. І гэты праект фонду, які падтрымлівае Міністэрства адукацыі, мае значны розгалас. А з чаго ўсё пачыналася?

— Калі я прыйшоў сюды праца­ваць у 2015 годзе, то ведаў: ёсць сетка Школ міру ў Расіі, а ў Беларусі мелі такі статус гомельская 27-я ды мінская 97-я. У іх былі спецыяльныя дыпломы, іх падпісваў Валерый Гергель. Шмат гадоў Валерый Ула­дзіміравіч, якога нядаўна не стала, натхняў рух юных міратворцаў і Школ міру ў Расіі. Сама ідэя Школ міру нам спадабалася. Гэта ж так цікава: маладую прыгажосць і сілу школьнікаў скіраваць на міратворчасць! У такіх школах і лепшы сусветны міратворчы вопыт можна вывучаць: скажам, Жэнеўскія канвенцыі. Важна было ства­рыць канкурэнтнае асяроддзе ў школах, каб Фонд міру мог абапірацца на лепшыя з іх як на паплечнікаў у працы. Конкурсы право­дзіць, праекты разам ажыццяўляць, нейкія заданні школьнікам даваць — і мець вынік. І праз усё гэта развіваць у дзецях, падлетках такія важныя міратворчыя складнікі юнай асобы, яе душы, як уменне сябра­ваць, пазітыўны погляд на свет, неканфліктнасць, міласэрнасць… І чым больш дзяцей будзе ў міратворчым руху — тым лягчэй (з іх дапамогай і ўдзелам!) наводзіць новыя масты сяброўства і паразумення паміж народамі, краінамі. А пачынаць важна з сябе: навучыцца спачатку зберагаць мір у сваёй душы, потым — у сям’і, далей — у роднай краіне, ну і нарэшце — мір на Зямлі. З рознымі партнёрамі спрабавалі мы пачаць справу, але не ўсё адразу атрымалася.

— Вам даводзілася раней брацца за падобныя праекты?

— Так, у сістэме кадэцкай адукацыі мне з паплечнікамі ўдалося рэалізаваць некаторыя задумы. Вось і ў школах планаваў разгарнуць міратворчую работу сістэмна: каб вучні, педагогі мелі больш зацікаўленасці ў сумеснай дзейнасці з намі. А ў нас шмат клопатаў, дзе патрэбна іх дапамога: сустрэчы розных дэлегацый, мітынгі, акцыі, ускладанне кветак на святы ці ў дні смутку, работа з ветэранамі. А яшчэ добраўпарадкаванне помнікаў, абеліскаў, падтрыманне парадку ў мемарыяльных месцах, пасадка дрэў… Паступова выспявала ідэя нацыянальнага праекта. Бо я заўважыў: што робіш унутры краіны — і атрымліваецца добра. У народзе нездарма пра такое ка­жуць: робіш як для сябе.

27-я сярэдняя школа Гомеля атрымала пасведчанне Школы міру 21 верасня 2012 года — з Музея міратворчых аперацый (Масква) за актыўны ўдзел у Міждысцыплінарнай міжнароднай праграме, якую ажыццяўляў тады Інфацэнтр ААН. З верасня 2013 года ў школе адкрыўся музейны пакой “Школы міру”, дзе ёсць матэрыялы аб міжнародным супрацоўніцтве, міратворчых акцыях і розных імпрэзах, у якіх задзейнічана школа.

— Але штосьці, відаць, не атрымлівалася спачатку са школамі?..

— Справа зацягвалася, гады два я ўсё з партнёрамі ўзгадняў-дапрацоўваў… І ўрэшце пайшоў да міністра адукацыі Ігара Карпенкі, мы хутка знайшлі паразуменне і ўсё ўзгаднілі. Вось глядзіце: Палажэнне аб праекце “Сетка Школ міру ў Рэспубліцы Беларусь” з ім узгоднена, зацверджана ў канцы жніўня 2021 года. Хоць дэ-факта, як ка­жуць юрысты, ужо школ 10 у гэтым кірунку працавалі. Палажэнне праз сістэму адукацыі пайшло ў школы, адтуль — заяўкі да нас. Вызначыліся: будзем па адной школе ў раёне “пасвячаць у міратворцы”. А заявак значна больш! Нам важна мець на выхадзе якасны міратворчы прадукт, і колькасць — не заўсёды на карысць справе. Аднак, думаю, у Год міру і стварэння сетка школ павялічыцца, бо стрымліваць высакародныя парывы душ педагогаў і юных міратворцаў ніяк нельга. Планавалі 100, ужо ёсць каля 120, але калі будзе школ 200 па краіне, то таксама добра! Ведаеце, у беларусаў дух мірнас­ці, міратворчасць, як кажуць, у крыві. “Беларусь — гэта краіна-міратворац, у якой за мір змагаюцца ўсе: ад школьніка да Прэзідэнта”. Здорава сказана! Такі запавет нам усім пакінуў Марат Ягораў, ветэран вайны, уладальнік звання Ambassadors for Peace (“Амбасадар свету”). Гэта мой папярэднік, які ўзначальваў Беларускі фонд міру больш за 40 гадоў. Мы гатовы да самай цеснай сумеснай работы з усімі школамі, педагогамі, вучнямі, якія хочуць падключыцца да нашых гуманітарных, дабрачынных праектаў. Работы хопіць усім! Школы міру ганарацца сваім статусам, бо сёння быць у міратворчым руху для школьнікаў — гэта, як ка­жуць, у трэндзе.

— Вы асабіста Школы міру адкрывалі?

— Так, быў на ўрачыстасцях з гэтай нагоды ў Маларыцкім раёне, у Жодзіне, Оршы, іншых рэгіёнах. А колькі любові, цеплыні было ў кожнай сустрэчы! Там надзвычай цэняць нашу ўвагу. Помняцца Макраны пад Маларытай, на Брэстчыне, школа невялікая, святочная імпрэза ў цёплы вераснёвы дзень, і непадалёку храм: прыгожае месца. Дарэчы, у Макранскай школе вучыцца Багдан Шэлег: летась у лютым, калі здарыўся пажар у яго доме, хлопец не разгубіўся, змог выбрацца з агню і выратаваць сястрычак, сямі і трох гадоў. Багдан уступіў у атрад міратворцаў. Я ўручыў хлопцу юбілейны медаль фонду, пры гэтым сказаў: мы ўпэўнены, што кожны з вас на яго месцы зрабіў бы гэтак жа, праявіў муж­насць. Таму ваша школа заслугоўвае такога высокага статусу.

Жэнеўскія канвенцыі і дадатковыя пратаколы да іх складаюць ядро міжнароднага гуманітарнага права — галіны міжнароднага права, якая рэгулюе вядзенне ўзброеных канфліктаў і імкнецца неяк абмежаваць іх наступствы. Яны, у прыватнасці, абараняюць людзей, якія не прымаюць удзел у ваенных дзеяннях (грамадзянскіх асоб, урачоў і медсясцёр, гуманітарных работнікаў), або тых, хто перастаў прымаць удзел у ваенных дзеяннях — напрыклад, параненых, хворых і салдат, якія пацярпелі караблекрушэнне, а таксама ваеннапалонных.

— У Палажэнні аб Школах міру зак­ладзены сярод іншых ідэі развіцця дзіцячай дыпламатыі. Прытым Фонд міру гатовы паспрыяць наладжванню сувязяў са школамі міру ў іншых краінах. Ёсць ужо набыткі на гэтым шляху?

— Так. Мы пачалі з Савецкім фондам міру працаваць у гэтым кірунку, з Пасольствам Расіі ў Беларусі, з Пастаянным камітэтам Саюзнай дзяржавы. Гэта будзе сёлета сумесны праект “па трылогіі”, як мы гаворым: прапануем школьнікам абедзвюх краін пісаць невялікія празаічныя творы, вершы ці рабіць малюнкі. Тэма для творчасці такая: “Мой любімы горад-пабрацім”. Беларусы працуюць з расійскай тэматыкай і наадварот. Школьнікам трэба падключаць сваё ўяўленне, быць даследчыкамі, крэатыўна падысці да справы. Адшукаць нітачкі, якія з’ядноўваюць нашы гарады, народы, краіны, а ўрэшце і нашы сэрцы. Конкурс пройдзе ў школах Беларусі і Расіі.

— А за межы Саюзнай дзяржавы дзіцячая дыпламатыя Школ міру вый­дзе?

— Абавязкова! Мы спрыяем таму, каб школы беларускія наладжвалі сувязі са школамі ў замежжы: як блізкім, так і далёкім. Нядаўна дапамаглі знайсці кантакт 110-й школе Ташкента (яна там знаходзіцца на вуліцы Якуба Коласа, у ёй створаны невялікі мемарыяльны музей песняра) з 34-й мінскай школай імя Героя Савецкага Саюза Гуляма Якубава — ураджэнца Узбекістана, які ў вайну загінуў пры вызваленні Беларусі. Прайшла ўжо відэаканферэнцыя паміж школамі.

— Думаю, падключацца да такой работы і актывісты беларускай дыяспары ў розных краінах…

— Будзем рады выкарыстоўваць і патэнцыял дыяспары, гатовы асобна пра тое пагаварыць у рэжыме анлайн-канферэнцыі з запрашэннем усіх зацікаўленых. Гэта ж важна, каб з іншых краін юныя міратворцы па каналах дзіцячай дыпламатыі да нас ехалі, а нашы да іх. Калі юныя беларусы будуць мець сяброў па ўсім свеце, то і ворагаў паменшае. Хаця, калі шчыра, я ведаю, што ўсе людзі — браты і сёстры. Прыклад аб прамых нашых родзічах яскрава сведчыць пра гэта. Матэматыкі пралічылі: у кожнага з нас, калі ўзяць родавыя карані да 21-га калена, — больш за 2 мільёны (!) блізкіх родзічаў. Так, яны не ўсе побач з намі цяпер, але гэта ўражвае! І верагоднасць таго, што і мы з вамі радня, велізарная! Усе маем агульных продкаў. Гавораць у храмах: браты і сёстры. Гэта матэматычна даказана, мы ўсе належым да адной сям’і.

— Яшчэ мудрацы старажытнай Індыі гэта сцвярджалі, выклалі свае ідэі ў Веданце…

— Ну вось: і дакладныя навукі з імі ў згодзе! У нас ёсць задума школы-пабрацімы з міратворчым акцэнтам мець у Кітаі, Германіі, Польшчы, Італіі, Францыі… Каб нітачкі сяброўства былі з усім светам. Кітайскую мову вывучаюць дзеці ў школе ў Беларусі, то няхай у яе будуць пабрацімы ў Кітаі. Усіх запрашаем — і просім! — паў­дзельнічаць у такіх праектах. Давайце дапаможам дзецям навучыцца сябраваць, быць адкрытымі свету — і ў гэты свет несці нашы спрадвечныя беларускія каштоўнасці, сярод якіх і міралюбства, і памяркоў­насць, і дабрыню.

Іван ЖДАНОВІЧ