Юныя сябры прыроды

- 10:46Адукацыйная прастора

У горадзе над Бугам прайшоў абласны злёт юных эколагаў. Арганізатарамі двухдзённага мерапрыемства, у якім удзельнічалі 30 вучняў 8—9 класаў, выступілі ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкі абласны цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі.

— Злёт праводзіўся з мэтай фарміравання ў вучняў экалагічнай дасведчанасці, выяўлення і замацавання іх цікавасці да эколага-біялагічных даследаванняў, авалодання практычнымі ўменнямі і навыкамі работы ў палявых умовах, — расказала загадчыца аддзела экалагічнай работы Брэсцкага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Г.І.Уварава. — Удзельнікамі мерапрыемства сталі пераможцы і прызёры абласных алімпіяд па біялогіі і геаграфіі.

Вучні выконвалі тэсты па пытаннях агульнай экалогіі і аховы прыроды, праводзілі падчас палявога практыкуму даследаванні ў галіне гідрабіялогіі, геабатанікі, арніталогіі, энтамалогіі і глебазнаўства, спаборнічалі ў конкурсе на веданне пытанняў з агульнай экалогіі, глебазнаўства, гідрабіялогіі, заалогіі, батанікі і аховы прыроды, сустракаліся са спецыялістамі-эколагамі і выкладчыкамі БрДУ імя А.С.Пушкіна і БрДТУ. Удзельнікі злёту павінны былі добра разбірацца ў асноўных экалагічных тэрмінах, паняццях і правілах, асаблівасцях тыповых экасістэм краіны, рэдкіх відах раслін і жывёл, асаблівасцях іх аховы, асноўных экалагічных і прыродаахоўных праблемах Беларусі.

Дыпломы І, ІІ, ІІІ ступені атрымалі Дзмітрый Матач з гімназіі № 1 Баранавіч, Канстанцін Машчук з гімназіі № 1 Брэста, Марыя Удавідчык з Малоткавіцкай сярэдняй школы Пінскага раёна, Юлія Гладкоўская з сярэдняй школы № 1 Бярозы, Ірына Кушнерык з гімназіі Іванава і Сяргей Банцэвіч з сярэдняй школы № 14 Пінска.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.