— Летнія канікулы адыгрываюць важную ролю ў развіцці, выхаванні і аздараўленні школьнікаў, — упэўнена загадчыца Брэсцкага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Таццяна Пятроўна Марашчук. — Летні лагер — выдатнае месца для цікавага баўлення часу, нефармальных зносін з сябрамі і педагогамі, якія разам з дзецьмі ўдзельнічаюць у розных мерапрыемствах.
Сёлета на базе Цэнтра турызму і краязнаўства Брэсцкага раёна ўпершыню быў арганізаваны профільны аздараўленчы лагер “Юны знаўца” для высокаматываваных і адораных вучняў. Тут сабраліся хлопчыкі і дзяўчынкі з розных устаноў адукацыі Прыбужжа, каб не толькі цікава адпачыць, але і пашырыць веды ў галіне матэматыкі і англійскай мовы. Для гэтага педагогі на чале з кіраўніком лагера Віктарам Мікалаевічам Утыканскім і метадысты раённага ВМК склалі насычаны план работы лагернай змены, распрацавалі цікавыя мерапрыемствы, запланавалі пазнавальныя экскурсіі.
— Удзельнікам лагера вельмі запомніліся матэматычныя турніры, конкурс “Займальная англійская мова” і работа з інтэрактыўнай дошкай, — расказвае Т.П.Марашчук. — Настаўнік матэматыкі Вячаслаў Іванавіч Бай і настаўніцы англійскай мовы Ніна Віктараўна Бараноўская і Вольга Сяргееўна Табалевіч пастараліся зрабіць заняткі ў групах максімальна карыснымі і разнастайнымі. Незабыўнай атрымалася паездка ў Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт, супрацоўнікі якога правялі для школьнікаў змястоўную экскурсію, азнаёмілі з факультэтамі і спецыяльнасцямі, адказалі на розныя пытанні. Не менш цікавым і пазнавальным стала наведванне Чэрнінскай сярэдняй школы, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі ўбачылі робатаў, вырабленых рукамі сваіх равеснікаў. Надоўга запомніцца ўдзельнікам лагера і паездка ў Тамашоўскую сярэднюю школу. Тут дзеці наведалі музей касманаўтыкі (адзіны ў краіне), аранжарэю і басейн “Зорны”.
За змену ў лагеры адбылося 35 мерапрыемстваў. Выхавальніца Наталля Уладзіміраўна Лук’янюк і педагог-арганізатар Вікторыя Ігараўна Бычук зрабілі ўсё магчымае, каб у лагеры ніхто не сумаваў. Так, школьнікі актыўна ўдзельнічалі ў шматлікіх спартыўных мерапрыемствах, гульнях па футболе і валейболе, эстафетах.
— Лагерная змена складалася з тэматычных дзён, — гаворыць Т.П.Марашчук. — Так, дзень “Свет вакол нас” запомніўся конкурсам малюнкаў, экскурсіяй у Мухавецкі лясгас і віктарынай “Ці ведаеце вы?”. Дзень “Нашы таленты” дазволіў хлопчыкам і дзяўчынкам праявіць творчыя здольнасці і фантазію ў конкурснай праграме “Нам разам весела”. За 9 дзён школьнікі паспелі не толькі шмат даведацца, але і пасябраваць. Хочацца падзякаваць усім супрацоўнікам лагера за прафесійнае майстэрства, педагагічны талент, чуласць і душэўную шчодрасць. Самай высокай ацэнкай работы педагогаў з’яўляюцца словы з дзіцячых выказванняў пра лагер: “хацелася б тут застацца яшчэ”, “з задавальненнем прыеду ў лагер зноў”, “у лагеры я навучыўся сябраваць”, “тут ёсць усё, што мне трэба”, “было вельмі цікава” і інш. Можна не сумнявацца, што ў будучым годзе школьнікі Прыбужжа з задавальненнем сустрэнуцца зноў у лагеры “Юны знаўца”.
Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.