Міністэрствам адукацыі зацверджаны вучэбныя праграмы новых факультатыўных заняткаў для школьнікаў — «Святыні роднага краю» і «Духоўная спадчына Беларусі (IX ст. — 1569 г.)». Пастанова ведамства апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Вучэбная праграма «Святыні роднага краю» разлічана на два гады і арыентавана на вучняў 9—10-х класаў устаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі. Яна прадугледжвае паглыбленне і сістэматызацыю ведаў пра свой край, рэгіён, краіну, фарміраванне і асэнсаванне асноўных каштоўнасных арыенціраў, садзейнічанне развіццю духоўнай культуры школьнікаў. Плануецца, што падчас заняткаў будуць разгледжаны тэмы «Спадчына роднага краю», «Помнікі матэрыяльнай культуры», «Славутыя землякі», «Страчаная спадчына», «Беларускія святыні» і інш.
Праграма накіравана на фарміраванне ў вучняў патрэбы да самаадукацыі і самавыхавання, умення арыентавацца ў полікультурным асяроддзі, прывіццё даследчых навыкаў, пашырэнне і паглыбленне інтэлектуальных і пазнавальных магчымасцей. Яна выступае ў якасці своеасаблівага навігатара па набыцці ведаў, практыка-арыентаваных уменняў, а таксама па перапрацоўцы інфармацыі.
Праграма «Духоўная спадчына Беларусі (IX ст. — 1569 г.)» прызначана для 6-га класа ўстаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі, і накіравана на павышэнне эфектыўнасці работы па грамадзянскім, патрыятычным і духоўна-маральным выхаванні вучняў.
Сярод задач новага факультатыўнага курса — пашырэнне ведаў школьнікаў аб асаблівасцях духоўнага развіцця беларускага народа на працягу IX ст. — 1569 г., фарміраванне каштоўнасных адносін да сваёй Радзімы. У цэнтры ўвагі будуць такія тэмы, як «Гістарычныя крыніцы аб духоўным жыцці насельніцтва Беларусі ў IX — сярэдзіне XIII ст.», «Духоўны подзвіг першых хрысціянскіх асветнікаў на беларускіх землях», «Геральдыка беларускіх гарадоў», «Захаванне гістарычнай памяці аб асобах і падзеях беларускай мінуўшчыны» і інш.
У выніку засваення праграмы факультатыву вучням неабходна усвядоміць сваю ідэнтычнасць як грамадзяніна Беларусі на аснове ведаў па гісторыі і асноў культурнай спадчыны беларускага народа; асэнсаваць сацыяльна-маральны вопыт папярэдніх пакаленняў, мець здольнасць да вызначэння сваёй пазіцыі і адказных паводзін у сучасным грамадстве праз вывучэнне такіх гістарычных сітуацый, як захаванне гістарычнай памяці аб асобах і падзеях беларускай мінуўшчыны. А таксама сфарміраваць павагу да светапогляду, гісторыі, культуры, рэлігіі, традыцый і каштоўнасцей свайго народу, авалодаць цэласнымі ўяўленнямі пра гістарычны шлях беларускага народа на працягу IX ст. — 1569 г., разумець асновы фарміравання грамадскіх адносін на беларускіх землях у названы перыяд.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара





