З агнём таленту

- 12:22Культура

Дзень моладзі традыцыйна адна з самых яркіх падзей фестывальнага Віцебска.

Сёлета ў гонар надыходзячага юбілею саюза моладзі маштабны падзейны марафон прахо­дзіў пад слоганам “БРСМ: 20 гадоў разам!”. Першыя акорды феерыі прагучалі 15 ліпеня на плошчы Свабоды, дзе мо­ладзь правяла прэзентацыю з DJ-сэтамі, і ля канцэртнай залы “Віцебск”, дзе гледачоў сабраў опэн-эйр “Рытмы лета”. А назаўтра з самай раніцы разнастайныя цікавыя маладзёжныя лакацыі разгарнуліся па ўсёй святочнай маладзёжнай сталіцы — 2022. Фармат мерапрыемстваў удасканальваецца і на вачах пашыраецца, але галоўная традыцыя застаецца нязменнай: стартуе Дзень моладзі на плошчы Перамогі з патрыятычнай акцыі “Беларусь памятае. Памятаем кожнага”. У мема­рыяльным комплексе ў гонар савецкіх воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў больш за 1,5 тысячы юнакоў і дзяўчат з усіх рэгіёнаў краіны і Мінска разам з расійскімі сябрамі ўсклалі кветкі да Вечнага агню, расставілі запаленыя лампады ў форме сэрца і мінутай маўчання ўшанавалі па­мяць загінуўшых абаронцаў Айчыны.

Затым вялікае патрыятычнае шэсце ўдзельнікаў з Дзяржаўным сцягам Рэс­публікі Беларусь памерам 6 на 12 м і палотнішчам “Беларусь памятае” накі­равалася па вуліцы Леніна да Цэнтра культуры “Віцебск”, дзе ўсіх чакала афіцыйная цырымонія адкрыцця свята. 

“Невыпадкова Дзень моладзі арганізуецца ў рамках міжнароднага фестывалю мастацтваў, які з’яўляецца той пляцоўкай, што аб’ядноўвае ўсе нашы славянскія народы, усіх ­нашых сяброў, суседзяў, — падзяліўся ўражаннямі Андрэй Іванец.— Упэўнены, кожны знойдзе сваё месца на арганізаваных БРСМ пляцоўках, зможа прадэманстраваць свой талент, навыкі і, вядома, прыняць удзел у адкрытым дыялогу”. 

Падчас урачыстасці мі­ністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пярцоў і першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Аляксандр Лук’янаў уручылі ўзнагароды пераможцам рэспубліканскага конкурсу маладых журналістаў “Прэс-код”. 

Побач з плошчай Перамогі адбылося адкрыццё  “Лічбавай зоркі”. Горад такім чынам далучыўся да аднаго са знакавых гістарычна-патрыятычных праектаў моладзі Беларусі і Расіі. Першы пераход па QR-кодзе на стылізаванай таблічцы зрабіў міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Андрэй Іванец.

Далей у актавай зале ВДУ імя П.М.Машэрава і футбольным манежы ЦСК ФК “Віцебск” пачаліся Нацыянальны конкурс “Агонь маладзёжных талентаў” і адкрыты дыялог “100 пытанняў ад моладзі”, у якім прынялі ўдзел каля тысячы актывістаў БРСМ і лепшых студэнтаў айчынных УВА, а таксама прадстаўнікі Форуму мала­дзёжных арганізацый дзяржаў — удзельніц СНД. Акрамя таго, разам з экспертамі, у ролі якіх выступілі Андрэй Іванец, лідар Бела­рускага рэспубліканскага саюза моладзі Аляксандр Лук’янаў, намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Вячаслаў Дурноў і старшыня Расійскага саюза сельскай моладзі Дзмітрый Пекуроўскі, моладзь абменьвалася ідэямі, гуляла ў джэнгу, здымала ролікі для TikTok і праходзіла квест па беларускай і рускай літара­туры, гісторыі і музыцы. Дарэчы, рэкорд у ім па­ставіў навапалачанін Антон Варабей — 100 адказаў на 100 пытанняў. Знаёмячыся са шматлікімі інтэр­актыўнымі пляцоўкамі, міністр адукацыі заціка­віўся… і стаў за пульт музычнага дыджэя! У праграме свята ўпершыню з’явіўся нетворкінг-інтэнсіў для студэнцкай моладзі Stud Proekt з разнастайнымі тэматычнымі модулямі: “Тайм-мене­джмент”, “Універсітэт як цэнтр рэалізацыі навуковага патэнцыялу студэнтаў”, “100 ідэй для Беларусі: ад навуковай ідэі да рэалізацыі”, “Маладзёжныя супольнасці як рухаючая сіла маштабных тэматычных праектаў і праграм”, “Патэнцыял універсітэцкай супольнасці ў раскрыцці творчых здольнасцей студэнтаў”. Моладзь спасцігала сакрэты сэлф-мене­джменту, вучылася развіваць студэнцкія медыя, працаваць у камандзе, папулярызаваць асабісты брэнд, арганізоўваць валанцёрскую дзейнасць. Завяршылася маладзёжнае свята ўвечары гала-канцэртам на пляцоўцы ля канцэртнай залы “Віцебск” выступленнем зорак рэспубліканскага фестывалю “Арт-вакацыі-2022”, пераможцаў фестывалю-конкурсу “Агонь маладзёжных талентаў”, беларускай эстрады.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара