Сістэма адукацыі краіны цалкам гатова да пачатку навучальнага года. Пра гэта на абласной канферэнцыі педагагічных работнікаў Мінскай вобласці “Час патрыётаў: ад традыцый да сучаснасці” ў Маладзечне сказаў міністр адукацыі Андрэй Іванец.
Педагагічныя традыцыі
Актуальным для ўсіх рэгіёнаў застаецца пытанне замацавання маладых спецыялістаў. Сёлета ў Мінскую вобласць прыехалі працаваць 1114 педагогаў.
“Сёння, падчас правядзення абласной педагагічнай канферэнцыі, хочацца адзначыць, што гэта выдатная традыцыя — не проста збіраць у нефармальнай атмасферы нашых педагогаў, але і ўшаноўваць тых, хто не адзін дзясятак гадоў аддаў сістэме адукацыі: гэта тыя людзі, якія адпрацавалі ў нашай сферы фактычна ўсё сваё жыццё, — выказаў меркаванне А.Іванец. — Што тычыцца маладых педагогаў, кожны з іх убачыў, што прафесіі настаўніка сёння ўдзяляецца павышаная ўвага як з боку дзяржавы, так і з боку кіраўнікоў рэгіёнаў. Я ўпэўнены, што мы справімся з усімі задачамі, якія стаяць перад сённяшнім настаўнікам. Сапраўдны настаўнік ва ўсе часы павінен любіць дзяцей і сваю прафесію”.
Падчас канферэнцыі на сцэну Палаца культуры Маладзечна выйшлі педагогі, якім за бездакорную і адданую работу міністр адукацыі ўручыў нагрудныя знакі Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі”, — а гэта 19 настаўнікаў вобласці. Дарэчы, упершыню адпаведныя ўзнагароды атрымала такая колькасць педагогаў: у мінулыя гады іх было значна менш.
Так, сярод узнагароджаных настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 3 Вілейкі Таццяна Бруева, дырэктар гімназіі № 1 Старых Дарог Святлана Валчэцкая, настаўніца рускай мовы і літаратуры Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна Вікторыя Яцэнка, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Кухчыцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Клецкага раёна Данута Валасевіч, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Барысаўскага дзяржаўнага каледжа Алена Гаўрыловіч, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 8 Жодзіна Ірына Дуванава і інш.
“Наша сістэма адукацыі — гэта не толькі выдатнікі і не проста адзнакі, якія атрымліваюць дзеці, — заўважыў міністр адукацыі. — Гэта яшчэ і той стрыжань, які знаходзіцца ўнутры кожнага з нас. Менавіта задача фарміравання асобы дзіцяці з’яўляецца першачарговай. Я ўпэўнены, што такая работа павінна пачынацца з дзіцячага сада. Таму мы па-асабліваму глядзім на людзей, якія працуюць з нашымі самымі маленькімі дзецьмі, — на выхавальнікаў дашкольных устаноў адукацыі і іх памочнікаў. З 1 верасня мы парадуем іх павышэннем заработнай платы”.
Настаўнік будучыні
Менавіта педагогі вызначаюць, якім стане наша грамадства і, адпаведна, краіна, падкрэсліў старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Турчын.
“Мы заўсёды гаворым пра тое, што школа — гэта другая сям’я, — сказаў А.Турчын. — У наш імклівы час так і склалася: менавіта школа становіцца першым домам для дзяцей. Таму на вас, педагогаў, у многім ускладаюцца вялікія надзеі. Менавіта ад вас залежыць, кім вырастуць дзеці, якімі яны выйдуць за парог дзіцячага сада і школы і якія каштоўнасці стануць для іх вызначальнымі на жыццёвым шляху”.
Сістэме адукацыі Мінскай вобласці ёсць чым ганарыцца: яе педагогі адпавядаюць высокім прафесійным стандартам і валодаюць багатым творчым патэнцыялам.
“Педагогі не проста дапамагаюць дзецям набываць веды, але і выхоўваюць падрастаючае пакаленне, прывіваюць яму лепшыя чалавечыя якасці і ўкладаюць у сваіх выхаванцаў і вучняў найважнейшыя маральныя пастулаты, — акцэнтаваў А.Турчын. — Настаўнікам адводзіцца асаблівая місія: стаць для дзяцей праваднікамі, якія дапамогуць ім усвядоміць і адчуць усю каштоўнасць таго, што мае наш народ. Гэта вялікая адказнасць, якая патрабуе ад кожнага педагагічнага работніка найвышэйшага прафесіяналізму і адданасці выбранай справе, любові да дзяцей і сваёй краіны, мудрасці і цярпення”.
За высокія дасягненні ў сферы адукацыі Аляксадр Турчын узнагародзіў педагогаў вобласці ганаровымі граматамі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта і падзякамі старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта. Ганаровыя граматы атрымалі Жанна Брэчка, загадчыца ясляў-сада № 1 Смілавіч, Вольга Дворак, майстар вытворчага навучання Барысаўскага дзяржаўнага каледжа, Таццяна Кабанава, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Нясвіжскай гімназіі, і інш.
Атрымаць падзякі старшыні Мінскага аблвыканкама на сцэну былі запрошаны Іна Віннік, настаўніца рускай мовы і літаратуры Сноўскай сярэдняй школы Нясвіжскага раёна, Галіна Гапанькова, начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Дзяржынскага райвыканкама, Таццяна Цвірко, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Колас, Марына Цвірко, настаўніца геаграфіі гімназіі № 1 Слуцка, і інш.
Гонар адукацыі
У Мінскай вобласці робіцца ўсё магчымае для стварэння такіх умоў, якія будуць садзейнічаць усебаковаму развіццю дзяцей.
Так, у найбліжэйшы час будуць адкрыты новая сярэдняя школа № 5 у Смалявічах, дзіцячыя сады ў Фаніпалі і Любані. У найбліжэйшых планах — будаўніцтва дзіцячых садоў у Смілавічах, Смалявічах, Лагойску, а таксама сярэдніх школ у Сеніцы, Фаніпалі, Жодзіне.
Акрамя гэтага, у Мінскай вобласці вядзецца пастаянная работа па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі. А найважнейшым паказчыкам эфектыўнасці дзейнасці сістэмы адукацыі з’яўляецца яе выніковасць.
“Сёння мы павінны рыхтаваць дзіця да жыцця заўтра, — выказаў меркаванне начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага аблвыканкама Мікалай Башко. — Рынак патрабуе канкурэнтаздольнага спецыяліста, і ў гэтым напрамку ў нашых школах вядзецца добрая работа. У вобласці назіраецца станоўчая дынаміка рэалізацыі інавацыйных і эксперыментальных праектаў, развіваецца робататэхніка, Scratch-праграмаванне. Большасць навучэнцаў паспяхова авалодалі прадметнымі кампетэнцыямі, павялічылася колькасць выпускнікоў, якія атрымалі на экзаменах адзнакі дастатковага і высокага ўзроўню”.
Сёлета навучэнцы Мінскай вобласці падчас удзелу ў міжнародных конкурсах заваявалі 25 узнагарод, а 35 выпускнікоў школ набралі максімальныя 100 балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні. Тым не менш вынікі адукацыі не абмяжоўваюцца лічбамі паспяховасці і баламі ЦТ. Гаварыць пра паспяховасць можна тады, калі дзіця будзе здольна прымяніць атрыманыя веды і рэалізаваць сябе ў прафесіі.
“Неабходна надаць новы імпульс рабоце педагагічных кадраў з высокаматываванымі навучэнцамі, — упэўнены М.Башко. — У вобласці створана мадэль профільнага навучання, актыўна развіваецца сістэма прафесійнай арыентацыі навучэнцаў. Але праблема адтоку выпускнікоў па-ранейшаму застаецца актуальнай. Таму нам трэба будаваць сістэму прывабнасці нацыянальнай сістэмы адукацыі, а таксама фарміраваць цікавасць выпускнікоў да запатрабаваных спецыяльнасцей інжынерна-тэхнічнага і прыродазнаўча-навуковага профіляў. Безумоўна, трэба ўдасканальваць прафарыентацыйную работу, накіраваную на атрыманне мэтавых накіраванняў выпускнікамі профільных класаў педагагічнай, аграрнай, спартыўна-педагагічнай, ваенна-патрыятычнай накіраванасці. Таксама будзем працаваць на тое, каб забяспечыць узаемадзеянне з вядучымі сельскагаспадарчымі арганізацыямі і дамовіцца аб абавязковым наведванні навучэнцамі аграрных класаў лепшых сельгаспрадпрыемстваў вобласці”.
На працягу новага навучальнага года мы не толькі замацуем нашы дасягненні, але і выйдзем на новыя параметры развіцця. Пастаўлены канкрэтныя задачы. Упэўнены, што разам мы з імі справімся.
Мікалай Башко
Звяртаючы ўвагу на развіццё сістэмы адукацыі ў рэгіёне, Мікалай Башко адзначыў, што асноўная задача — забеспячэнне якасці падрыхтоўкі і канкурэнтаздольнасці выпускнікоў. Так, сёння створана і дзейнічае сістэма ўзаемадзеяння з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў. У мінулым навучальным годзе ў вобласці было падрыхтавана больш за 3,6 тысячы рабочых і спецыялістаў, забяспечана 100%-нае размеркаванне выпускнікоў у адпаведнасці з атрыманай кваліфікацыяй.
“На рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах прафесійнага майстэрства навучэнцы Мінскай вобласці атрымалі 20 медалёў і 45 дыпломаў, — нагадаў Мікалай Башко. — Што тычыцца найбліжэйшых планаў, у цэнтры ўвагі ўпраўленняў па адукацыі — адкрыццё профільных педагагічных класаў і ранняя прафарыентацыя школьнікаў на атрыманне прафесіі настаўніка, работа з выпускнікамі па заключэнні з імі дагавораў па мэтавым прыёме на педагагічныя спецыяльнасці”.
Не толькі жаданне атрымліваць веды матывуе дзяцей ісці ў школу. Вялікае значэнне мае спрыяльная псіхалагічная атмасфера.
“У нас падрыхтаваны спецыялісты, якія працуюць з сітуацыяй крызісу, пашырана сетка пакояў апытання, дружалюбных да дзяцей, актыўна развіваецца служба медыяцыі, — пералічыў начальнік галоўнага ўпраўлення. — Тым не менш неабходна працягваць сумесна з сям’ёй працаваць над праблемай захавання псіхалагічнага і фізічнага здароўя дзяцей, іх жыцця і дабрабыту”.
Школа павінна стаць другім домам для дзяцей. Яна павінна быць прывабнай як знутры, так і знешне. Менавіта для гэтага і з мэтай фарміравання экалагічнай культуры, выхавання любові да Радзімы галоўнае ўпраўленне па адукацыі Мінскага аблвыканкама арганізавала агляд-конкурс на лепшае добраўпарадкаванне і азеляненне тэрыторый устаноў адукацыі. Па выніках анлайн-галасавання ў намінацыі “Лепшае добраўпарадкаванне тэрыторыі” дыпломы і грашовыя сертыфікаты атрымалі Лошніцкая гімназія Барысаўскага раёна (дыплом ІІІ ступені і сертыфікат на суму 1000 рублёў), Сноўскі яслі-сад Нясвіжскага раёна (дыплом ІІ ступені і грашовы сертыфікат на 2000 рублёў) і гімназія Дзяржынска (дыплом І ступені і сертыфікат на 3000 рублёў).
У намінацыі “Лепшая альтанка на тэрыторыі” перамаглі Капыльскі дзяржаўны каледж (3-е месца), Мар’інагорскі ордэна “Знак Пашаны” аграрна-тэхнічны каледж імя У.Е.Лабанка (2-е месца) і Салігорскі дзяржаўны каледж (1-е месца).
Наталля САХНО.