З арыентацыяй на электронную школу

- 12:11Гродзеншчына, Прэс-тур

“Тэхналогіі ніколі не заменяць настаўніка. Але настаўнік, які эфектыўна прымяняе тэхналогіі для развіцця сваіх вучняў, заменіць таго, хто імі не валодае”, — гэтыя словы Шэрыла Нусбаума-Біча можна ў поўнай ступені назваць дэвізам работы Васілішкаўскай сярэдняй школы Шчучынскага раёна і рэсурснага цэнтра “Выкарыстанне воблачных тэхналогій у адукацыйным працэсе”, які дзейнічае на базе гэтай установы адукацыі.

— Вучэбнае асяроддзе сёння змянілася. Традыцыйна яно разглядалася як фізічная прастора ў вучэбным класе, дзе настаўнік — “за кафедрай”, а вучань — “за партай”, — гаворыць дырэктар Васілішкаўскай сярэдняй школы Ларыса Фяцісава. — Сёння прастора, дзе школьнікі вучацца, пашыраецца, і яны займаюцца, узаемадзейнічаюць, супрацоўнічаюць адно з адным і з педагогамі віртуальна. У выніку сучасны педагог павінен выступаць не толькі ў ролі носьбіта ведаў, а і ў ролі арганізатара вучэбна-пазнавальнай, вучэбна-пошукавай, праектнай дзейнасці з выкарыстаннем ІКТ. Таму павышэнне і ўдасканаленне ІТ-кампетэнтнасці педагогаў з’яўляецца адной з важных задач, што стаяць перад намі.

Рабоце з кадрамі ў школе сапраўды ўдзяляецца вялікая ўвага. З 42 педагогаў, якія ажыццяўляюць адукацыйны працэс, 25 маюць сертыфікаты карыстальнікаў інфар-мацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Многія настаўнікі школы вядуць уласныя блогі.

Сваю кваліфікацыю педагогі маюць магчымасць павысіць на базе школы — раённага рэсурснага цэнтра “Выкарыстанне воблачных тэхналогій у адукацыйным працэсе”, які заваяваў дыплом ІІ ступені на ХІ Рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”. Кіруе рэсурсным цэнтрам настаўніца пачатковых класаў, настаўнік-метадыст, фіналіст Рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года — 2014” Святлана Ханько. Педагог выкарыстоўвае такую форму павышэння кваліфікацыі, як дыстанцыйныя курсы, — атрымала 26 сертыфікатаў. Яна дзеліцца сваім вопытам не толькі з настаўнікамі школы, але і дае адкрытыя ўрокі і майстар-класы для педагогаў раёна і вобласці.

Святлана Антонаўна стварыла свой дыстанцыйны курс “Школа ХХІ стагоддзя”, у якім прымаюць удзел педагогі Беларусі, Расіі і пасля заканчэння якога атрымліваюць сертыфікаты Гродзенскага абласнога ІРА. Удзел у праекце дазваляе настаўнікам у далейшым больш эфектыўна выкарыстоўваць сэрвісы Web 2.0 у навучанні. Падчас работы педагогі адказваюць на шэраг пытанняў: якія сэрвісы Web 2.0 найбольш эфектыўныя, як іх вынікова выкарыстоўваць у спалучэнні з рознымі адукацыйнымі тэхналогіямі, якія сэрвісы могуць дапамагчы ў выхаваўчай рабоце і інш.

Для навучэнцаў пачатковай школы Святлана Антонаўна распрацавала і вядзе блог “Школа-інтэлект “Хачу ўсё ведаць”, дзякуючы якому вучні могуць павышаць свой інтэлектуальны ўзровень і рыхтавацца да алімпіяд. Ідэя стварэння дыстанцыйнай школы для малодшых школьнікаў і іх бацькоў узнікла зусім невыпадкова. Па-першае, у раёне працуе школа “Інтэлект” для старшых школьнікаў, а вось пачаткоўцам дабірацца ў Шчучын было не зусім зручна. Па-другое, педагогу вельмі хацелася падзяліцца сваімі ўменнямі і навыкамі ў рабоце з сэрвісамі Web 2.0. Працуючы ў дыстанцыйным курсе, малодшыя школьнікі асвойваюць асновы работы ў розных праграмах для ажыццяўлення сеткавага ўзаемадзеяння, вучацца ствараць Flash-анімацыі, анлайн-прэзентацыі, карыстацца анлайн-перакладчыкамі, знаёмяцца з выдавецкімі сістэмамі. Падчас навучання пачаткоўцы прымаюць удзел у шматлікіх конкурсах, вучацца ўзаемадзейнічаць у камандзе, ствараюць свае творчыя камп’ютарныя праекты.

Летась Святлана Ханько арганізавала работу цыкла прадметных анлайн-алімпіяд для навучэнцаў Шчучынскага раёна. Вучні настаўніцы — актыўныя ўдзельнікі розных конкурсаў. Так, быў зняты экаўрок на міжнародны конкурс “Мабільныя тэхналогіі для экалогіі”, 13 чацвёртакласнікаў прынялі ўдзел у адкрытай Маскоўскай анлайн-алімпіядзе па матэматыцы, 16 — у міжнародным конкурсе “Бяспечны свет”. 9 навучэнцаў заваявалі дыпломы ў міжнародным конкурсе “Бабёр”. У фінале Рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” праект па стварэнні дыстанцыйнай школы заняў 1-е месца.

У многім павышэнню ІТ-кампетэнтнасці педагогаў садзейнічае інавацыйная дзейнасць. Летась у школе была паспяхова завершана рэалізацыя інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі навучання з выкарыстаннем індывідуальных электронных прылад ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі”. Педагогі не толькі выкарыстоўвалі ЭСН, прапанаваныя Міністэрствам адукацыі, а і тэхналогіі Google, сэрвісы Web 2.0.

Актыўна выкарыстоўвае сэрвісы Web 2.0. настаўніца пачатковых класаў Хрысціна Дабрылка. Праз свае блогі “Вясёлка” і “Непаседы” педагог каардынуе выкананне школьнікамі заданняў. Добрых вынікаў у рабоце дасягнула і настаўніца пачатковых класаў Зоя Машкала. Яе блог “Сонейка” рэгулярна абнаўляецца, а выхаванцы ўмеюць выконваць заданні, створаныя з дапамогай сэрвісаў Web 2.0. Настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Алена Барысевіч стварыла блог “Крэатыў”, які забяспечвае сеткавае ўзаемадзеянне з навучэнцамі, дазваляе размяшчаць графічную, тэкставую і відэаінфармацыю, якую навучэнцы могуць вывучаць у даступным для іх тэмпе і ў зручны час. Колькасць блогаў, створаных настаўнікамі-наватарамі, узрасла ў некалькі разоў. Ужо другі год дзейнічае блог намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяны Цюсінай, што дазваляе развіць дыстанцыйную работу з педагогамі. Сістэма маніторынгу якасці адукацыі грунтуецца на выкарыстанні інфармацыйных тэхналогій.

У сёлетнім навучальным годзе ў школе пачата рэалізацыя інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі арганізацыі пазаўрочнай праектнай дзейнасці навучэнцаў І і ІІ ступеней агульнай сярэдняй адукацыі з выкарыстаннем асяроддзя праграмавання Scratch” (удзельнікі праекта — настаўнікі С.А.Ханько, Х.Ю.Дабрылка і дырэктар школы Л.А.Фяцісава). Вучням вельмі падабаецца наведваць гэтыя заняткі, у чым мы пераканаліся, зайшоўшы ў кабінет С.А.Ханько.

— Са стварэннем паўнавартаснага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя школа можа стаць зусім іншай, — заўважае Ларыса Фяцісава. — Магчыма, мы забудзем пра папяровыя падручнікі (яны будуць мультымедыйныя і інтэрактыўныя), пра 45 хвілін класна-ўрочнай сістэмы, але мы ніколі не павінны забываць аб сацыялізацыі, звычайных зносінах, аб тым, што для правільнай самаарганізацыі дзіцяці патрэбна дапамога педагога, настаўніка, аўтарытэтнага для навучэнцаў. Менавіта ён задае матывацыю да навучання і правільна арганізоўвае вучэбны працэс, менавіта ён павінен прывіць дзецям навыкі саманавучання. Толькі тады мы зможам падрыхтаваць навучэнцаў да жыцця ў хутка зменлівым тэхналагічным і сацыяльным асяроддзі. Электронная школа робіць вучэбны працэс сучасным і гібкім. Лічу, што менавіта гэта асноўны вектар, па якім павінна рухацца адукацыя.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Ігара ГРЭЧКІ.