Міжнародны чэмпіянат WorldSkills Shanghai плануецца правесці ў канцы 2022 года. Хаця да чэмпіянату застаецца даволі шмат часу, але падрыхтоўчы перыяд да яго зацішшам не назавеш. У кожнай навучальнай установе, навучэнцы якой увайшлі ў нацыянальную зборную, вядзецца іх інтэнсіўная падрыхтоўка. У адну з такіх устаноў мы сёння заглянем.
Знаёмая дарога, знаёмы будынак Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа швейнай вытворчасці. Шмат разоў мы сустракаліся з яго навучэнкай Вольгай Закрэўскай і яе педагогамі, пакуль ішла падрыхтоўка да Міжнароднага чэмпіянату WorldSkills 2015, які праходзіў у бразільскім Сан-Паўлу і стаў першым для нашай краіны. Вольга стала гераіняй спаборніцтва, пра яе даведаўся ўвесь свет. У кампетэнцыі “Дызайн адзення” навучэнка заваявала медаль за вышэйшае прафесійнае майстэрства, і гэта было лепшым вынікам сярод краін Еўропы. Цяпер Вольга працуе майстрам вытворчага навучання ў сваім родным каледжы. У 2018 годзе навучэнка Дар’я Хілько прадстаўляла нашу краіну на спаборніцтвах WorldSkills у Кітаі, дзе атрымала медаль вышэйшага майстэрства. Прадаўжальніцамі пераможных традыцый каледжа сталі ўжо іншыя навучэнкі. Сярод іх — Таццяна Цішкавец, якая ў кампетэнцыі “Тэхналогія моды” на мінулым Рэспубліканскім чэмпіянаце WorldSkills Belarus заваявала “серабро”.
— Я колькі сябе памятаю, столькі шыю, — смяецца Таццяна. — Яшчэ ў самым маленстве апранала ў новае ўбранне сваіх лялек і нават спрабавала сама ствараць фасоны адзення. З кожным разам мае рукі станавіліся спрытнейшымі, іголка іх шкадавала і мала калолася. Мае мадэлі станавіліся больш мудралегістымі, з мноствам упрыгажэнняў. Фантазіі не было канца. Спачатку я шыла ўручную, а потым мне мама падарыла швейную машынку, і ў 10 гадоў я сама ўжо страчыла. Добра памятаю свой першы сур’ёзны выраб — спадніцу, якую пашыла для сябе. У той час мне здавалася, што я змагла стварыць неймаверны па складасці выраб, і вельмі ганарылася сабой. А сёння, калі гляджу на сваю першую спадніцу (а я захоўваю на памяць усе свае вырабы), для мяне яна дзіцячы лепет — простая па фасоне і лёгкая ў пашыве. Цяпер я шыю вырабы намнога больш складаныя.
Быць швачкай Таццяне наканавана лёсам. Гэта ў іх сямейная дынастыя. Яе мама, Жанна Аляксандраўна, таксама вучылася ў гэтым каледжы, паспяхова скончыла яго і зараз займаецца швейнай справай. Менавіта яна параіла дачцэ ісці вучыцца ў гэтую навучальную ўстанову, якая мае багатую гісторыю і заўсёды славілася сваімі поспехамі ў прафесійнай падрыхтоўцы кадраў для швейнай вытворчасці.
Прызванне да швейнага мастацтва, цяга да творчасці вызначылі далейшы лёс Таццяны. Яна паступіла ў каледж і з задавальненнем пачала там вучыцца.
— На 1 курсе я яшчэ больш упэўнілася, што мой выбар невыпадковы, што я не памылілася і ўсвядомлена вырашыла стаць швачкай, — расказвае Таццяна. — Яшчэ больш упэўніцца ў гэтым мне дапамагла мой першы майстар вытворчага навучання Жанна Чаславаўна Парфяновіч. Яна змагла раскрыць мае здольнасці ў поўную сілу, я зразумела, што знаходжуся на правільным шляху. Асабліва прыдаў матывацыі вучыцца і засвойваць навыкі гэтай прафесіі ўдзел у руху WorldSkills, у іншых прафесійных конкурсах, у алімпіядах па працоўным навучанні.
За кошт спаборніцтваў дзяўчына нарошчвала сваё майстэрства, авалодвала новымі швейнымі тэхналогіямі, яна навучылася яшчэ лепш макетаваць, канструяваць, творча мысліць. Таццяна адчула на конкурсах міжнароднага ўзроўню подых інавацый у швейнай сферы, даведалася, наколькі яе навыкі сугучны з міжнароднымі патрабаваннямі. А калі ўдаецца праявіць сябе на конкурснай пляцоўцы, парадаваць педагогаў сваімі творчымі здабыткамі, то як быццам вырастаюць крылы. Натхненне не пакідае цябе.
У хуткім часе Таццяна плануе здзівіць сваімі касмічнымі мадэлямі пад назвай “Пяты элемент” на Рэспубліканскім фестывалі-конкурсе моды і фота “Млын моды”. А далей — удзел у Міжнародным чэмпіянаце WorldSkills Shanghai 2022. Працоўную кар’еру Таццяна хоча працягваць у сваім каледжы майстрам вытворчага навучання.
Прыкладам для яе сёння з’яўляецца майстар — залатыя рукі, натхняльнік новых ідэй, творчы, ініцыятыўны педагог Таццяна Анатольеўна Раманюк. Свайму каледжу яна аддала шмат гадоў працы, выпусціла ў жыццё сотні выхаванцаў і мае вялікі аўтарытэт у асяроддзі калег і навучэнцаў. Высокі прафесіяналізм Таццяны Анатольеўны дастойна ацэнены і на ўзроўні руху WorldSkills — ёй было даручана весці трэнерскую работу ўдзельнікаў нацыянальнай зборнай у кампетэнцыі “Тэхналогія моды”.
— Хачу сказаць, што ў кожнай справе поспех вызначаецца тым, наколькі ты любіш сваю прафесію, — адзначае Таццяна Анатольеўна.— Швейная справа — гэта вялікае цярпенне, высокі палёт творчай думкі, фантазіі, гэта майстэрства без меж. Таму кожны раз, калі я прыходжу ў сваю групу, стаўлю задачу адпрацоўваць кожны вузел, кожны штрых, карпець над кожнай дэталлю, строчкай, каб выраб быў, як кажуць, з іголачкі. Цяпер, у час высокіх тэхналогій, укаранення перадавых метадаў апрацоўкі, выкарыстання сучаснага інавацыйнага абсталявання, міжнародных стандартаў, імкнуся навучыць усяму гэтаму сваіх выхаванцаў.
Таццяна Анатольеўна раскрывае свой сакрэт, як знаходзіць дастойных канкурсантаў для спаборніцтваў. Для ўдзелу ў конкурсе мала адных толькі прафесійных навыкаў. Трэба мець цвёрды характар, байцоўскі дух і імкненне да перамогі. Такія конкурсы, як WorldSkills, гадуюць прафесіяналаў, у якіх спалучаюцца прафесійнае майстэрства і выдатныя чалавечыя якасці.
Ірына Анатольеўна Рагалевіч шмат гадоў працуе ў каледжы метадыстам і, па сутнасці, стаяла ля вытокаў руху WorldSkills. Яна шмат дапамагае педагогам і навучэнцам у метадычным суправаджэнні і проста па-чалавечы. Высокі прафесіяналізм, добразычлівы характар Ірыны Анатольеўны прыцягваюць да сябе калег і выхаванцаў навучальнай установы. Ірына Анатольеўна расказала, што ў каледжы вядзецца інавацыйная дзейнасць па тэме “Навукова-метадычнае забеспячэнне прафесійна-тэхнічнай адукацыі па спецыяльнасці “Тэхналогія вытворчасці швейных вырабаў” на аснове стандартаў WorldSkills”, мэтай якой з’яўляецца распрацоўка, удасканаленне і ўкараненне ў адукацыйны працэс навукова-метадычнага забеспячэння як асновы павышэння якасці падрыхтоўкі канкурэнтнага рабочага на рынку працы. Сучасная вытворчасць мае патрэбу ў высокакваліфікаваных рабочых і спецыялістах швейнай вытворчасці, якія праяўляюць ініцыятыву, самастойнасць, творчы падыход да справы.
Асноўнай пляцоўкай для развіцця высокіх прафесійных стандартаў з’яўляецца міжнародны рух WorldSkills, які прадастаўляе для яго ўдзельнікаў унікальныя педагагічныя ўмовы эфектыўнага навучання, набыцця прафесійнага вопыту ва ўмовах конкурснага адбору. Мэтанакіравана арганізаванае асяроддзе прафесійнага конкурсу дазваляе будучаму рабочаму сфарміраваць прафесійна-творчыя кампетэнтнасці на аснове патрабаванняў сусветных стандартаў, дзейнічаць у нестандартнай сітуацыі, быць гатовым да выканання творчых задач, да самаразвіцця, павышэння сваёй кваліфікацыі і майстэрства, ацаніць свае вартасці і недахопы і акрэсліць шляхі прафесійнага развіцця. Конкурсы WorldSkills выступаюць часткай індустрыі лёгкай прамысловасці, моды і дызайну адзення, дзе сканцэнтраваны працэсы адаптацыі маладога спецыяліста да будучай працоўнай дзейнасці і адлюстраваны, як у люстэрку, мадэлі развіцця грамадства па напрамках навукі, тэхнікі, тэхналогій, эканомікі і адукацыі.
У рамках навукова-метадычнай дзейнасці ўкаранёны воблачныя тэхналогіі навучання — аўтарскія блогі выкладчыкаў. У адукацыйных блогах размяшчаюцца метадычныя рэкамендацыі па выкананні практычных работ, вучэбныя і інфармацыйныя матэрыялы для навучэнцаў, відэафільмы, прэзентацыі па тэмах вучэбнай праграмы, метадычныя матэрыялы для педагогаў, створана галерэя лепшых творчых работ і калекцый мадэлей адзення. Каледж мае сучасную матэрыяльна-тэхнічную базу. На працягу апошніх гадоў набыты мультымедыйны комплекс (мультыборд і манаблокі), для самастойнай работы на вучэбных занятках навучэнцам прадастаўлены планшэты. Вучэбныя планы і праграмы, у адпаведнасці з міжнародным рухам WorldSkills, дапоўнены вучэбнымі прадметамі на выбар “Мадэляванне адзення метадам наколвання”, “Сістэма аўтаматызаванага праектавання адзення”. Павялічана колькасць гадзін вучэбнага прадмета “Вытворчае навучанне” па тэме вучэбнай праграмы “Падрыхтоўка вырабаў да прымеркі” з вывучэннем тэм вучэбных заняткаў “Макетаванне вырабаў”.
Выкладчыкі каледжа актыўна працуюць над стварэннем структурных элементаў вучэбна-метадычных комплексаў вучэбных прадметаў, якія былі неаднаразова прадстаўлены на гарадскіх, рэспубліканскіх і міжнародных семінарах і аўтары якіх атрымалі заслужаныя ўзнагароды. У мінулым годзе быў выдадзены вучэбны дапаможнік “Макетаванне. Мадэляванне адзення метадам наколвання” пад грыфам Міністэрства адукацыі, аўтар — выкладчык Т.А.Кірэева. У каледжы ідзе апрабацыя двух эксперыментальных вучэбных планаў па спецыяльнасці “Тэхналогія вытворчасці швейных вырабаў”, кваліфікацыя “аператар аўтаматызаванага раскройнага комплексу”, кваліфікацыя “аператар сістэмы аўтаматызаванага вырабу лякал”, якія былі распрацаваны творчай групай пад кіраўніцтвам І.Д.Чарнільшчыкавай, намесніка дырэктара каледжа. Кваліфікацыі ўнесены ў АКРБ.
Сёння каледж з’яўляецца рэспубліканскай пляцоўкай інавацыйнай дзейнасці па тэме “Укараненне мультымадальных тэхналогій навучання ў адукацыйны працэс устаноў прафесійнай адукацыі”.
У рамках інавацыйнай дзейнасці педагогамі каледжа распрацаваны электронныя сродкі навучання па вучэбных прадметах прафесійнага кампанента. Сем з іх размешчаны на сайце РІПА для выкарыстання ў адукацыйным працэсе ўстановамі прафесійнай адукацыі.
Адзін з апошніх ЭСН па вучэбным прадмеце “Канструяванне адзення”, распрацаваны аўтарам І.М.Ігнатовіч, уключае ў сябе як праграмны прадукт, так і відэафайл з запісам галасавога тлумачэння выкладчыка (аўдыясуправаджэнне), прадстаўлены ў выглядзе акна з відэаздымкай самога выкладчыка на кожнай старонцы ЭСН, што дае магчымасць ажыццяўлення аддаленага навучання. Выкладчыкі актыўна выкарыстоўваюць мультымадальныя тэхналогіі навучання на вучэбных занятках, ствараюць ЭСН для працы на планшэтах. Хочацца адзначыць маладога педагога Н.У.Саладуху, якая распрацавала тэсты для кантролю ведаў (у абалонцы Mytest — афлайн-тэст, у Googlе-форме — анлайн), гульні для кантролю ведаў у абалонцы LearningApps, якія дазваляюць павысіць вучэбна-пазнавальную матывацыю навучэнцаў, цікавасць да прафесіі.
Дырэктар каледжа С.П.Максімовіч, вопытны і творчы кіраўнік, з’яўляецца ініцыятарам многіх праектаў, якія скіраваны на павышэнне якасці навучання і прафесійнага майстэрства педагагічнага калектыву. Каледж адным з першых далучыўся да руху WorldSkills і прадэманстраваў сучасныя падыходы да падрыхтоўкі канкурсантаў, што ў далейшым было пацверджана іх высокімі вынікамі на спаборніцтвах. У каледжы адкрыты рэсурсны цэнтр “Сучасныя швейныя тэхналогіі”, загадчыцай якога з’яўляецца В.В.Шаўнева. У сувязі з імклівым развіццём швейнай вытворчасці патрабуецца працаваць над пастаянным абнаўленнем матэрыяльнай базы рэсурснага цэнтра. Самае апошняе абнаўленне закранула камп’ютарнае абсталяванне цэнтра і сістэм аўтаматызаванага праектавання адзення, у прыватнасці, рабочай і вучэбных версій САПР “Аўтакрой”, што значна скарачае тэрміны распрацоўкі канструкцыі і выканання раскладак лякал швейных вырабаў. У далейшым плануецца набыццё парапаветраных манекенаў для апрацоўкі плечавога і паяснога адзення, абсталявання для друку па тканіне, абнаўленне вышывальных аўтаматаў і праграм для распрацоўкі малюнкаў вышыўкі, а ў больш далёкай перспектыве — набыццё 3D-прынтара для распрацоўкі аўтарскай фурнітуры — гузікаў і спражак. Выкладчыкі і майстры вытворчага навучання пастаянна павышаюць сваю кваліфікацыю, асвойваюць новыя напрамкі, а таксама займаюцца рацыяналізатарскай і даследчай дзейнасцю. Так, у рамках цэнтра вядзецца работа па рацыянальным выкарыстанні адходаў швейнай вытворчасці, распрацоўцы трансфармуемых шматфункцыянальных швейных вырабаў, вывучэнні традыцый беларускай швейнай школы ад нацыянальнага касцюма да нашых дзён. Сёння спецыялісты рэсурснага цэнтра прыглядаюцца да сістэм трохмернага праектавання адзення, у тым ліку ў дачыненні да віртуальных касцюмаў для герояў камп’ютарных гульняў і трохмерных аватараў. Ідзе напрацоўка практычнага вопыту ў галіне тэхнік рукадзелля, якія дазваляюць стандартныя швейныя вырабы ператварыць у сапраўдныя творы мастацтва.
Вопыт інавацыйнай дзейнасці педагогаў каледжа абагульняецца і прадстаўляецца на гарадскіх, рэспубліканскіх семінарах і конкурсах. Лепшыя майстры вытворчага навучання і выкладчыкі каледжа прымаюць актыўны ўдзел у гарадскім конкурсе “Вопыт і ініцыятыва педагогаў — рэсурс адукацыі сталіцы” і заваёўваюць прызавыя месцы. Пераможны марафон для каледжа працягваецца.
Ала КЛЮЙКО.