З другога разу…

- 14:53Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Толькі ў канцы мінулага тыдня сталі вядомы канчатковыя вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Перу. Пасля першага тура, які адбыўся 10 красавіка, засталіся два з пяці кандыдатаў, прычым яны абодва ўжо сапернічалі ў 2011 годзе.

Сын яўрэя-эмігранта з Польшчы і францужанкі Пабла Педра Кучынскі (кааліцыя “Перуанцы за змены”), якога ў перуанскім грамадстве даўно называюць ППК, зноў сышоўся ў барацьбе з японкай Кейка Фухіморы, дачкой Альберта Фухіморы, які кіраваў у краіне з 1990 па 2000 год. Канстытуцыя Перу не дазваляе выбірацца два тэрміны запар, а паўнамоцтвы прэзідэнта доўжацца пяць гадоў. Удзел у галасаванні з’яўляецца абавязковым для грамадзян Перу ва ўзросце ад 18 да 70 гадоў. Колькасць зарэгістраваных выбаршчыкаў складае 22,9 млн чалавек.

Першапачаткова на пасаду кіраўніка дзяржавы прэтэндавалі дзесяць чалавек, але рэальна засталіся пяцёра — Кучынскі, Фухіморы, былы прэзідэнт Алан Гарсія (кіраваў у 1985—1990 і 2006—2011 гадах), Альфрэда Барнячэа (кангрэсмен у 1985—1990 гадах ад “Народнага дзеяння”) і Вераніка Мендоза (кангрэсвумен у 2011—2016 гадах, “Шырокі фронт”).

У першым туры Фухіморы заняла першае месца, набраўшы 39,9% галасоў. Кучынскі, атрымаўшы 21%, вымушаны быў пачаць актыўную барацьбу за выбаршчыкаў, якія галасавалі за кандыдатаў, што выйшлі з гонкі. За Фухіморы больш галасавалі паўночна-заходнія правінцыі, людзі больш бедныя, але не індзейцы. Багатыя белыя і метысы былі за Кучынскага, а індзейцы, асабліва кечуа на поўдні, больш галасавалі за Мендозу. У выніку ў другім туры Кучынскі перамог Кейка Фухіморы з вынікам 50,12% супраць 49,88%, апярэдзіўшы сваю саперніцу ўсяго на 41 438 галасоў.

Многія ў краіне разглядалі мінулыя выбары як своеасаблівы рэферэндум аб спадчыне прэзідэнта Фухіморы. Зараз былы прэзідэнт адбывае 25-гадовы тэрмін за парушэнне правоў чалавека і карупцыю. Аднак многія ўдзячны яму за тое, што ён выцягнуў краіну з багны грамадзянскай вайны. Канфлікт з мааісцкай групоўкай “Сендэра Луміноса” — “Асвечаны шлях” — з канца 1960-х гадоў не даваў спакою Перу. За дзесяцігоддзі ўзброенага канфлікту ўрадавых сіл з леварадыкальнымі групоўкамі загінула каля 69 тысяч чалавек. Дзякуючы рашучым дзеянням Фухіморы, колькасць груповак істотна зменшылася, аднак яны да гэтага часу трымаюць пад кантролем шэраг рэгіёнаў, дзе расце кока. У шэрагу месцаў мааісты аб’ядналі сілы з бандамі наркагандляроў.

Акрамя гэтага, Фухіморы правёў некалькі важных рэформ: прыватызаваў многія неэфектыўныя дзяржаўныя кампаніі, правёў лібералізацыю ў больш прадукцыйных сектарах, забяспечыў рост эканомікі ў сярэдзіне 90-х гадоў. Аднак у канцы свайго другога тэрміну Альберта Фухіморы не змог справіцца з наступствамі азіяцкага эканамічнага крызісу, які моцна ўдарыў па эканоміцы Перу, да таго ж пачала ўсплываць інфармацыя пра карупцыю, сувязі з наркакартэлямі, подкуп СМІ і парушэнні правоў чалавека, за што Фухіморы і сеў у рэшце рэшт у турму.

Як высветлілася, амаль палова выбаршчыкаў Перу гатова была ўручыць лёс краіны спадчынніцы клана Фухіморы. Кейка адкрыта заявіла, што ў выпадку выбрання яна выкарыстае права прэзідэнцкага памілавання для свайго бацькі.

Зрэшты, галасы размеркаваліся не на карысць зняволенага дыктатара. Верагодна, праграма Кучынскага пераважыла. Ён прапанаваў знізіць падаткі для стымулявання бізнесу і запусціць некалькі маштабных праектаў па развіцці інфраструктуры, якія, па яго разліках, створаць да 1,5 млн рабочых месцаў і дапамогуць скараціць беднасць. Для павышэння эфектыўнасці работы праваахоўных органаў лідар партыі “Перуанцы — за змены” ў выпадку свайго выбрання мае намер павялічыць зарплаты паліцэйскім.

У выніку Кучынскі стаў самым пажылым кіраўніком дзяржавы ў гісторыі Перу.

Нягледзячы на паражэнне, Кейка Фухіморы ўсё роўна будзе аказваць сур’ёзны ўплыў на палітычны курс краіны. Падчас парламенцкіх выбараў, што прайшлі ў красавіку, яе партыя — “Народная сіла” — атрымала 63 са 130 месцаў у кангрэсе — аднапалатным парламенце. І цалкам магчыма, што наступныя прэзідэнцкія выбары будуць для яе больш паспяховымі.

Алег ВЯРЦІНСКІ.