З экскурсіяй — на завод: прамысловы турызм папулярны сярод навучэнцаў сярэдняй школы № 34 Магілёва

- 15:16Образование

Прамысловы турызм набывае ўсё большую папулярнасць сярод навучэнцаў сярэдняй школы № 34 Магілёва. За апошні час вучні пачатковых класаў пад кіраўніцтвам сваіх педагогаў пабывалі на ААТ “Бабуліна крынка”, “Дамачай” і “БелАЗ”.

Падчас наведвання холдынга “Бабуліна крынка” навучэнцы азнаёміліся са структурай малочнай кампаніі, лінейкай мясцовай прадукцыі, а таксама даведаліся аб вытворчых магутнасцях і пабачылі абсталяванне, на якім працуе прадпрыемства. Акрамя таго, удзельнікам экскурсіі ўдалося паназіраць за працэсам вырабу марожанага. Дзецям было вельмі цікава паслухаць аповед пра асаблівасці вытворчасці гэтага ласунку, убачыць на свае вочы ўвесь працэс ад пачатку і да канца, адразу з канвеера адчуць смак і водар марожанага.

Не менш займальнай і запамінальнай аказалася і экскурсія на ААТ “Булачна-кандытарская кампанія “Дамачай”. З першых хвілін знаходжання на прадпрыемстве дзеці акунуліся ў чароўны свет хлебапячэння. Вучні даведаліся, якія асноўныя інгрэдыенты патрэбны для таго, каб згатаваць хлеб, убачылі працэс яго вырабу ад замесу цеста да пакавання, пакаштавалі гарачай духмянай здобы, даведаліся, колькі відаў хлебабулачных вырабаў бывае і чым яны адрозніваюцца паміж сабой.

Яшчэ больш захапляльным было падарожжа дзяцей на завод, дзе нараджаецца легенда машынабудавання, — ААТ “БелАЗ”. Вучні і педагогі пабывалі ў музеі, наведалі зборачны цэх і нават змаглі ўзабрацца на самы вялікі самазвал у свеце — 450-тонны цягач! Дзяцей вельмі ўразілі памеры прадпрыемства, па якім яны перамяшчаліся не пешшу, а на аўтобусе, памеры выпускаемай тэхнікі, геаграфія паставак гэтых вялікіх машын у іншыя краіны.

У кожнай паездцы навучэнцы атрымалі не толькі новыя веды, але падарункі і сувеніры. Прамысловы турызм дазволіў нашым вучням лепш спазнаць родную Беларусь, больш даведацца пра важныя прадпрыемствы і прафесіі, з якімі звязана вытворчасць брэндавых для краіны харчовых і прамысловых тавараў.

Марына НОВІКАВА,
настаўніца пачатковых класаў
сярэдняй школы № 34 Магілёва