Па выніках работы за мінулы год яслі-сад № 74 Гродна прызнаны лепшай дашкольнай установай горада. Аб тым, як арганізавана работа, аб сваім калектыве, супрацоўніцтве з бацькамі мы папрасілі расказаць загадчыцу сада Т.Я.ЧЭРНІКАВУ і намесніка загадчыцы па асноўнай дзейнасці А.Ф.ПОПІН.
Таццяна Яўгенаўна Чэрнікава. Дыплом, які сведчыць аб нашай перамозе ў гарадскім аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю работы сярод устаноў дашкольнай адукацыі, вывесілі на бачнае месца ў фае, каб не толькі члены калектыву, але і бацькі нашых выхаванцаў яго ўбачылі. Гэты поспех — вынік актыўнай і добрасумленнай работы кожнага. І дасягнулі яго мы работай за доўгі час. У 2017 годзе ў такім аглядзе-конкурсе занялі 2-е месца. Канечне, хацелася не пагоршыць вынікі ў 2018 годзе. І як было прыемна бачыць рэакцыю нашых супрацоўнікаў — нават слёзы ў некаторых з’явіліся, калі былі аб’яўлены вынікі работы за мінулы год!
У нашым дзіцячым садзе працуе вельмі добры калектыў. У нас людзі звальняюцца вельмі рэдка. Сярэдні ўзрост работнікаў — 35 гадоў. 87 працэнтаў выхавальнікаў маюць вышэйшую адукацыю, 53,6 працэнта — першую і вышэйшую катэгорыю. Заахвочваем педагогаў на атрыманне спецыяльнай дашкольнай адукацыі. Так, напрыклад, супрацоўнікі, якія мелі вышэйшую педагагічную адукацыю, атрымалі сярэднюю спецыяльную адукацыю па профілі дашкольнага выхавання ў гуманітарным каледжы ГрДУ імя Янкі Купалы.
У нас увесь калектыў працуе на вынік, а галоўным прынцыпам сваёй работы лічым індывідуальны падыход да кожнага з 285 нашых выхаванцаў і актыўную работу з бацькамі. Прывяду такі прыклад. Некаторы час назад выклікаў трывогу стан захворванняў дзяцей, а сёння гэты паказчык складае 1,4. Прааналізаваўшы сітуацыю, вырашылі больш актыўна выкарыстоўваць такі рэсурс, як загартоўванне дзяцей. А ўмовы для гэтага ў садку ёсць — уласны басейн. І сутыкнуліся з некаторымі асцярогамі бацькоў. Трэба было весці вялікую тлумачальную работу, а галоўнае, вельмі ўважліва ставіцца да арганізацыі заняткаў у басейне. І вось маем добры вынік.
Алена Францаўна Попін. Яшчэ адна адметная рыса нашага калектыву — актыўнасць. Мы стараемся ўдзельнічаць ва ўсіх конкурсах і мерапрыемствах. Калі ў гэтым годзе аб’явілі аб правядзенні фестывалю творчых ідэй педагогаў Кастрычніцкага раёна Гродна, дык адразу 5 супрацоўнікаў выказалі жаданне ў ім удзельнічаць, заявіўшы, што ім ёсць што паказаць калегам. За апошнія гады 12 нашых супрацоўнікаў адзначаны граматамі і дыпломамі за якасную работу і ўдзел у розных мерапрыемствах.
Вельмі актыўна супрацоўнічаем з Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях — у мінулым годзе былі адзначаны граматай Гродзенскага гарадскога аддзела па надзвычайных сітуацыях за актыўнае ўзаемадзеянне ў галіне павышэння культуры бяспекі жыццядзейнасці дзяцей.
Акрамя выхаваўчай работы па гарантаванні бяспечнай жыццядзейнасці выконваем і матэрыяльную частку гэтай работы — у яслях-садзе ўстаноўлены тры камеры відэаназірання, дамафонная сістэма на двух уваходах, трывожная кнопка.
Вялікую ўвагу надаём удасканаленню работы педагогаў. За маладымі супрацоўнікамі заўсёды замацаваны вопытныя выхавальнікі. Практыкуем узаеманаведванне заняткаў, правядзенне метадычных тыдняў для пачынаючых педагогаў “Педагагічная кругасветка”, семінары-практыкумы з праглядам элементаў заняткаў. Дзейнічае мабільны кансультатыўны цэнтр, у складзе якога высокакваліфікаваныя педагогі.
Зыходзячы з нашага прынцыпу аб індывідуальным падыходзе да кожнага дзіцяці, арганізуем шмат дадатковых заняткаў. Нашы дзеткі маюць магчымасць вучыць англійскую мову. А ў чацвер праходзіць беларускамоўны дзень — удзельнічаюць у ім і самыя маленькія нашы выхаванцы.
Таццяна Яўгенаўна Чэрнікава. Актыўна прыцягваем бацькоў да правядзення ўсіх мерапрыемстваў. Рэгулярна арганізоўваем у групах круглыя сталы “Лепшы сямейны вопыт”, праводзім мерапрыемствы з удзелам прадстаўнікоў праваслаўнай царквы, інспектара па справах непаўналетніх. Для кансультацыі бацькоў выкарыстоўваецца электронная пошта.
Усе важныя пытанні дзейнасці дашкольнай установы абмяркоўваем з членамі папячыцельскага савета. Так, напрыклад, было прынята рашэнне аб усталяванні дамафонных званкоў, набыцці гульнявой мэблі, новых штор у музычную залу.
Апытанне бацькоў праз анкетаванне дае магчымасць бачыць кірункі, у якіх трэба працаваць і развівацца. Вось зараз на сайце размясцілі дзве анкеты — аб арганізацыі работы ўстановы, якая ўтрымлівае 16 пытанняў, і аб арганізацыі дзіцячага харчавання — у ёй 10 пытанняў.
Адкрытасць, актыўнасць і супрацоўніцтва з бацькамі і ўсімі зацікаўленымі структурамі дапамагаюць нам працаваць і дасягаць высокіх вынікаў.
Падрыхтавала Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.