У свеце ёсць многа разнастайных гульняў, якія развіваюць у дзяцей знаходлівасць, хуткасць, спрытнасць. А ёсць гульні, якія развіваюць мысленне, кемлівасць, уяўленне. Да такіх гульняў і адносіцца канструктар Legо, які ўжо не першы год у адукацыйным працэсе прымяняе настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 67 Мінска Вольга Канстанцінаўна Волкава. Legо дазваляе вучням адчуваць сябе сапраўднымі вынаходнікамі, развіваць логіку і фантазію, паспяхова ўдзельнічаць у розных конкурсах. За абагульненне вопыту па тэме “Выкарыстанне адукацыйнага канструктара як сродку фарміравання ключавых кампетэнцый навучэнцаў 1—4 класаў” настаўніца адзначана прэміяй Мінгарвыканкама.
Як прызналася Вольга Канстанцінаўна, любоў да прафесіі перадалася ёй у спадчыну ад мамы, настаўніцы рускай мовы і літаратуры, і роднай цёткі, настаўніцы пачатковых класаў. “Я — філолаг па адукацыі, закончыла факультэт рускай філалогіі БДПУ імя Максіма Танка, — расказвае настаўніца. — Аднак так склаліся абставіны, што вакансіі настаўніка-русіста не было ў школе, а вось педагогаў-пачаткоўцаў не хапала. Дырэктар школы прапанавала паспрабаваць працаваць у пачатковых класах і я, прайшоўшы курсы перападрыхтоўкі, ужо сем гадоў працую з малодшымі школьнікамі. Зараз добра разумею, што пачатковая школа ўжо нікуды не адпусціць”.
Сваю галоўную задачу настаўніца бачыць у фарміраванні ў вучняў такіх ведаў, уменняў і навыкаў, каб яны адчувалі сябе камфортна і ўпэўнена ў 5 класе, каб у іх была дастатковая база для працягвання навучання і каб пераходны момант прайшоў бязбольна. Сярод прынцыпаў, якімі кіруецца Вольга Канстанцінаўна, — прынцыпы навуковасці і даступнасці (педагог падбірае вучэбны матэрыял у адпаведнасці з узроставымі асаблівасцямі дзяцей), сістэматычнасці і паслядоўнасці.
Педагог пераканана, што для кожнага дзіцяці неабходна стварыць на занятках сітуацыю поспеху, бо яна акрыляе, дае стымул да далейшай дзейнасці. У настаўніцы распрацавана цэлая сістэма заахвочвання, бо дзіця павінна разумець, што яно справіцца з тым ці іншым заданнем. Так, на ўроках чытання дзецям прапаноўваюцца смайлікі (дарэчы, кожнае дзіця і яго бацькі могуць адсочваць колькасць заробленых смайлікаў, што размяшчаюцца каля дошкі). Зразумела, у дзяцей, якія ўмеюць чытаць, іх значна больш. Тыя, хто чытаць не ўмее, атрымліваюць смайлікі за знаёмства з новай літарай, за чытанне складоў або складовай табліцы: адным словам, любы рух наперад, прыкладзеныя намаганні дзіцяці не застаюцца не заўважанымі настаўніцай. І гэта стымулюе дзяцей.
З першых дзён знаходжання дзіцяці ў школе Вольга Канстанцінаўна імкнецца наладзіць цесны кантакт з бацькамі, зрабіць іх сваімі саюзнікамі. Так, першы ўрок у гэтым навучальным годзе прайшоў з удзелам бацькоў. Увогуле, настаўніца не супраць прысутнасці бацькоў на ўроку. Для зваротнай сувязі з імі В.К.Волкава распрацавала і ўласны сайт. “Сайт — гэта вельмі культурны сегмент, з дапамогай якога можна працаваць з бацькамі. На ім можна адлюстраваць шмат таго, што адбываецца ў класе і чаго не прадставіш на стэндах. Тут і метадычная інфармацыя ў дапамогу дзіцяці пры падрыхтоўцы ўрокаў (відэаўрокі, самастойныя работы і інш.), і мерапрыемствы, і поспехі вучняў, і падзякі бацькам. Старонка “Зваротная сувязь” дае магчымасць задаць пытанне настаўніку, рубрыка “Бацькоўскі сход” змяшчае матэрыял бацькоўскіх сходаў, з якім могуць пазнаёміцца тыя, хто па нейкіх прычынах не змог прыйсці ў школу і папрысутнічаць, — заўважае В.К.Волкава. — Калі ў вайберы бацькі могуць стварыць бацькоўскую групу, абмеркаваць пэўныя рэчы, якія часам павінны адысці ад вачэй настаўніка, то менавіта на сайце вельмі эфектыўнае ўзаемадзеянне “настаўнік — бацькі”.
“Настаўнік з крэйдай у руках плюс дошка, плюс камп’ютар — роўна сітуацыя поспеху” — формула эфектыўнага ўрока Вольгі Канстанцінаўны. Настаўніца ўпэўнена, што сёння без выкарыстання інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій проста не абысціся. Відэаўрок, прэзентацыя, трэнажоры, фрагмент тэлеперадачы — гэта жывая наглядная інфармацыя, якая не пакідае абыякавымі і запамінаецца. Да таго ж дазваляе падтрымліваць дысцыпліну, павышае матывацыю да навучання.
У аснове работы В.К.Волкавай з малодшымі школьнікамі ляжыць гульня. Дзеці, прыйшоўшы ў 1 клас з дзіцячага сада, — маленькія, інфантыльныя, дзесьці няўважлівыя, часам рассеяныя, і прыцягнуць іх у гульню прасцей за ўсё. Гульнявыя тэхналогіі дазваляюць знайсці з дзіцем агульную мову і дасягнуць пэўнага выніку.
“Лега-тэхналогія — гэта добры момант пераемнасці ад дзіцячага сада да пачатковай школы, — заўважае настаўніца. — Укараненне канструктара LEGO Creator і LEGO Education WeDo дазваляе вырашаць вялікае кола вучэбна-гульнявых задач: адпрацоўваць прасторавыя паняцці, развіваць дробную маторыку, маўленне, сацыяльныя навыкі, атрымліваць першыя веды пра жыццё чалавечага грамадства, жывёл, работу механізмаў, аб прычынах і наступствах розных з’яў. У любым выпадку гэта адбываецца ў працэсе гульні. Гэта тое, што родніць дзіця з цацкай, не адварочвае іх і не пужае, бо калі дзеці прыходзяць у першы клас, то ў адаптацыйны перыяд некаторыя нават плачуць”.
Адукацыйны канструктар Вольга Канстанцінаўна пачала выкарыстоўваць пры навучанні ўласных дзяцей і заўважыла, што гэта павышае матывацыю да атрымання новых ведаў. А ў 2013 годзе ў школе па ініцыятыве адміністрацыі быў адкрыты лега-клас, у якім яна стала класным кіраўніком.
Кожныя вучэбныя заняткі педагог імкнецца рабіць крэатыўнымі і новымі. У многім гэтаму дапамагае кніга Ю.Волчак “LEGO. Кніга ідэй. Новае жыццё старых дэталей”. Вольга Канстанцінаўна выкарыстоўвае магчымасці канструктара на розных прадметах. Так, упор на дробную маторыку, што з’яўляецца самым важным і неабходным элементам для пісьма, маўлення дзіцяці, дазваляе дасягнуць вучэбнай мэты на ўроку развіцця мовы. Графічныя дыктанты на клетачцы па матэматыцы, прадмеце “Чалавек і свет” — для фарміравання прасторавых навыкаў. Ненаціскныя галосныя ў корані слова вучні распазнаюць з дапамогай Lego на ўроках мовы пры вывучэнні невымоўных зычных, парных зычных. Канструктар дае магчымасць праверыць веды вучняў на прадмет выяўлення складаных выпадкаў напісання пры вывучэнні неправяральных зычных і галосных гукаў. Матэматыка таксама сябруе з канструктарам. Асвоіць табліцу множання ў 3 класе слабапаспяваючым дзецям вельмі цяжка. А з дапамогай канструктара павысіць матывацыю да яе засваення намнога прасцей, бо, гуляючы, дзеці вывучаюць яе. Задачкі па матэматыцы таксама рашаюцца з дапамогай канструктара.
Lego прымяняецца настаўніцай на розных этапах вучэбных заняткаў. Так, праверку дамашняга задання настаўніца ажыццяўляе ў выглядзе тэста ці апытальніка. Навучэнцы пры адказе на пытанні будуюць вежу з канструктара ў адпаведнасці з зададзеным колерам (гульня “ТакНетка” — калі адказ “так”, то вучань выбірае кубік сіняга колеру, “не” — чырвонага). На этапе рэфлексіі, якая праходзіць у форме гульні “Добры настрой”, вучням патрэбны тры кубікі сіняга, зялёнага і жоўтага колеру. У каго дрэнны настрой — той выбірае сіні кубік, у каго добры — зялёны, а хто няўпэўнена сябе адчувае, выкарыстоўвае жоўты кубік.
Ды і на класнай гадзіне на тэму “Дысцыпліна і праца ў нашым класе” выкарыстанне канструктара дае магчымасць правесці тэсціраванне і праверыць ступень стараннасці, працавітасці, адносін да сябе, школы.
Убачыўшы вялікую цікаваасць навучэнцаў да канструявання, якое выйшла за межы вучэбнай праграмы, настаўніца прайшла навучанне ў МГІРА па курсе “Адукацыйная робататэхніка”, пасля чаго стала весці гурток “Робататэхніка”. У праграму ўваходзіць вывучэнне 3D-мадэлявання, праграмавання, алгарытмікі, механікі, асноў электронікі і мікрапрацэсарных сістэм, устройства камп’ютара і праграмнага забеспячэння. Малодшыя школьнікі вучацца канструяваць і праграмаваць па ўзоры, прадстаўляць свае мадэлі. Элементы робататэхнікі выкарыстоўваюцца і на ўроках. На этапе актуалізацыі ведаў на ўроку па курсе “Чалавек і свет” настаўніца выкарыстоўвае загадзя падрыхтаваную лега-карцінку, з дапамогай якой задае навадныя пытанні. Аднак, паколькі гаворка ідзе аб робатах, прапаноўвае вучням адказаць на пытанне: “Якую неабходна пабудаваць праграму, каб персанаж рухаўся?” Паколькі матор стаіць у цаццы, патрэбна ў праграме ўстанаўліваць матор. Калі фігура робіць рухі ўверх і ўніз, варта з дапамогай матора стрэлкамі паказаць гэты рух. Значок “час матора” дазволіць устанавіць працягласць работы матора. Настаўнік дэманструе схему на дошцы і каменціруе яе.
Правядзенне вучэбных заняткаў з выкарыстаннем Lego патрабуе стварэння пэўных умоў. Настаўніца выкарыстоўвае калектыўна-творчую рассадку, што спрыяльна адбіваецца на эмацыянальным настроі, бо навучэнцы ўжо не баяцца новай сітуацыі і не адчуваюць сябе адзінока. Наадварот, з’яўляецца адчуванне разняволенасці, што садзейнічае магчымасці актыўна выказваць свае думкі, аналізаваць, слухаць іншых, удзель-нічаць у дыскусіі, канструяваць разам. Пры рабоце з канструктарам LEGO Education WeDo найбольш паспяхова выкарыстоўваецца парная і групавая работа. Гэта дазваляе сэканоміць час для зборкі канструкцыі і дае магчымасць сфарміраваць ключавыя кампетэнцыі навучэнцаў.
— Гульня дазваляе адчуваць сябе вучням свабодна і ўпэўнена, у той жа час фарміруе пэўную мадэль паводзін і адказнасць за вынік. І таму нельга да гэтага віду дзейнасці адносіцца лаяльна. У той жа час вучні без асаблівых намаганняў менавіта ў гульні могуць праявіць сябе адкрыта і сумленна. Навучэнец працуе з канструктарам у практычнай дзейнасці, што прыводзіць да атрымання прадукту. А калі прадукт выкананы сваімі рукамі, то пачуццё гонару, поспеху і ўпэўненасці прыходзіць само сабой і ўжо не пакідае. Усе цяжкія праблемы вучэбнага працэсу пераўтвараюцца ў даступны матэрыял, а ўсе праблемныя сітуацыі пераходзяць у фазу вырашэння шляхам вопыту, які набываецца, — адзначае Вольга Канстанцінаўна.
Практыка паказвае, што пры сістэматычным выкарыстанні канструктара на розных этапах вучэбных заняткаў і ў пазаўрочнай дзейнасці навучэнцы набываюць веды, уменні і навыкі, якія потым можна прымяніць у іншай жыццёвай сітуацыі.
Арганічна спалучае В.К.Волкава лега-тэхналогію з праектнай дзейнасцю вучняў. “Новае пакаленне думае па-іншаму. Сучасныя дзеці жывуць у стагоддзе развіцця новых тэхналогій. Яны хутка шукаюць інфармацыю, могуць больш даведацца за кароткі прамежак часу. Робяць акцэнт на дэталі, імкнуцца ўсё гэта сістэматызаваць і зрабіць пэўныя высновы. І ўсім гэтым патрабаванням адпавядае метад праектаў, — падкрэслівае настаўніца. — Ён цікавы вучням, бо акунае дзіцячую псіхіку ў новае зменлівае асяроддзе. Гэта не дае школьніку сумаваць і гультайнічаць, бо матэрыял пастаянна новы. Метад праектаў узнімае вучня на новы якасны ўзровень, таму што часцей за ўсё вучэбны матэрыял выходзіць за межы школьнай праграмы”.
У школе ўжо каторы год працуе “Таварыства юных даследчыкаў”, якое накіравана на выяўленне дзяцей з высокай матывацыяй да ведаў. У межах яго вучні ствараюць свае праекты і займаюць прызавыя месцы на конкурсах рознага ўзроўню. Так, дыпломам І ступені быў адзначаны праект “Кафедральны сабор вачыма дзяцей” на гарадскім конкурсе даследчых работ “Пазнанне і творчасць”. Ажыццяўляючы работу над праектам “Касмічная звалка”, вучні задумаліся над глабальнымі праблемамі сучаснасці і сабралі касмічны шатл для ўтылізацыі смецця ў космасе. Пры рабоце над праектам “Выратуйце вусача-цесляра” малодшыя школьнікі вывучылі звесткі з Чырвонай кнігі Беларусі, пабудавалі жука, які рухаецца, і расказалі, чаму ён вымірае.
— Lego — вельмі зручны адукацыйны сродак, але гэта не панацэя. У любым выпадку ўсё залежыць ад індывідуальных асаблівасцей навучэнца, наколькі ўсвядомлена і сур’ёзна ён адносіцца да школы, наколькі кантралююць яго бацькі, наколькі ён прыслухоўваецца да настаўніка, наколькі змог арганізаваць свой вольны час і рэжым дня. Поспех будзе ў цесным узаемадзеянні “дзіця — вучань — бацькі”, — пераканана педагог.
Жыццёвы прынцып В.К.Волкавай: ніколі не спыняцца на дасягнутым. А таму ў найбліжэйшай перспектыве педагога — развіццё лагічнага мыслення вучняў з дапамогай спецыялізаванай адукацыйнай платформы Logic.by.
Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара і з архіва педагога.