Віншуем беларускую каманду, якая здолела на 47-й Міжнароднай алімпіядзе школьнікаў па фізіцы заваяваць медалі. На нашым рахунку і “золата”, і “серабро”, і “бронза”.
Міжнародная алімпіяда школьнікаў па фізіцы праходзіла з 10 па 17 ліпеня бягучага года ў Цюрыху. У ёй прынялі ўдзел каманды 84 краін з розных кантынентаў. Гэтае прэстыжнае інтэлектуальнае спаборніцтва ва ўменні рашаць складаныя задачы па фізіцы сабрала больш за 400 удзельнікаў.
Адметна, што інтэлектуальныя спаборніцтвы праходзілі на базе Цюрыхскага ўніверсітэта, дзе працаваў і абараняўся сам Альберт Эйнштэйн! У горнай Швейцарыі нашу краіну прадстаўлялі пяць школьнікаў, якія паказалі найлепшыя вынікі за апошні год. Пра гэта сведчаць іх пераможныя дыпломы на Рэспубліканскай алімпіядзе па фізіцы і поспехі падчас падрыхтоўчых збораў, якія традыцыйна ў некалькі этапаў праводзяцца напярэдадні міжнароднай алімпіяды.
У склад беларускай каманды ўвайшлі Ян Лагоўскі, Андрэй Крыштопік з Ліцэя БДУ, Эрык Камлык з Гродзенскай гарадской гімназіі, Віталь Вістуноў, прадстаўнік сярэдняй школы № 16 Полацка, Павел Цай са сталічнай гімназіі № 29.
У ролі кіраўнікоў каманды выступілі загадчык кафедры агульнай фізікі фізічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта кандыдат фізіка-матэматычных навук Анатоль Іванавіч Слабадзянюк і загадчык кафедры фізікі Ліцэя БДУ Леанід Рыгоравіч Марковіч. Гэта вядомыя і апантаныя людзі, прафесійныя трэнеры і выдатныя знаўцы фізікі.
— Пасля прыгожага адкрыцця, дзе швейцарцы здзівілі ўсіх ігрой на нацыянальнай музычнай трубе даўжынёй больш за 3 метры, школьнікі сталі ўдзельнікамі двух тураў.
Першы тур алімпіяды быў эксперыментальным. Хлопцы на працягу 5 гадзін рашалі дзве эксперыментальныя задачы “Электрычная праводнасць двухмерных сістэм” і “Зярняты, якія падскакваюць”.
Варта адзначыць, што для абедзвюх задач выкарыстоўваўся камплект сучаснага абсталявання, вырабленага сіламі арганізатараў. За дзве задачы ў першым туры можна было зарабіць 20 балаў.
З 2013 года ў нашай краіне пастаўляюцца сучасныя сродкі навучання для кабінетаў фізікі. Да канца 2016 года такімі сродкамі будзе аснашчана каля 600 устаноў адукацыі. У 2015 годзе пачалася закупка абсталявання для кабінетаў хіміі, а ў 2017 годзе плануецца пачаць пастаўкі для кабінетаў біялогіі.
Другі (тэарэтычны) тур алімпіяды, які таксама доўжыўся 5 гадзін, адбыўся праз дзень. Тут удзельнікам прапаноўваліся тры аб’ёмныя тэарэтычныя задачы: “Дзве задачы па механіцы”, “Нелінейная дынаміка ў электрычных ланцугах” і “Вялікі Адронны Калайдар”, за якія можна было зарабіць 30 балаў.
“Па выніках двух тураў нашы “юныя Ньютаны” паказалі выдатныя вынікі, заваяваўшы медалі ўсіх вартасцей”, — адзначылі кіраўнікі беларускай каманды.
І вось яны, нашы героі:
Эрык Камлык — залаты медаль (42,2 бала);
Ян Лагоўскі — сярэбраны медаль (31,5 бала);
Віталь Вістуноў — бронзавы медаль (26,0 бала);
Павел Цай — бронзавы медаль (23,3 бала);
Андрэй Крыштопік — пахвальны водгук (18,8 бала).
Абсалютным пераможцам алімпіяды стаў кітайскі школьнік Маа Чэнкай (48,1 бала). У камандным заліку сярод краін былога СССР паспяхова выступілі зборныя Расіі, Украіны, Літвы, Арменіі, Грузіі.
На працягу алімпіяды нашы юнакі не толькі напружана працавалі, але і здзейснілі займальнае падарожжа ў княства Ліхтэнштэйн, наведалі сталіцу Швейцарыі — Жэневу, падняліся на гару Рыгі (1797 м) і прагуляліся на караблі па возеры Люцэрн. Была арганізавана экскурсія ў Інстытут Паўля Шэрэра і ў знакаміты навуковы цэнтр ЦЕРН, які працуе на пярэднім краі фізікі элементарных часціц.
— Трэба адзначыць, што арганізатарам удалося стварыць на алімпіядзе дзіўную атмасферу сяброўства, узаемаразумення і ўзаемапавагі для ўсіх удзельнікаў, незалежна ад рэлігіі, колеру скуры і месца пражывання. Мы прывезлі дадому не толькі медалі, але і адрасы новых сяброў і творчыя планы на будучыню, — заўважыў у канцы нашай сустрэчы Леанід Рыгоравіч Марковіч.
Яшчэ раз віншуем з поспехам нашых школьнікаў і іх бацькоў, а таксама педагогаў і трэнераў, якія змаглі падрыхтаваць алімпіяднікаў сусветнага ўзроўню.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.