З натхненнем па жыцці

- 10:08Педагагічная майстэрня

З настаўніцай рускай мовы і літаратуры гімназіі № 40 Мінска Ірынай Яўгенаўнай Жданеняй мне пашчасціла пазнаёміцца гадоў сем назад. Натхнёная і творчая, апантаная любімай працай, Ірына Яўгенаўна перадае захопленасць мовай і літаратурай сваім выхаванцам. Педагог з 2012 года з’яўляецца рэдактарам гімназічнага часопіса “Натхненне”, яна — уладальнік гранта Мінгарвыканкама за распрацоўку адукацыйнага праекта “Школьны часопіс як сродак фарміравання творчай асобы”. Пра тое, як сучасным дзецям прывіць цікавасць да кнігі і далучыць іх да літаратурна-творчай дзейнасці, — наша гутарка з Ірынай ЖДАНЕНЯЙ.

Ірына Жданеня i рэдкалегія часопіса “Натхненне”.

— Ірына Яўгенаўна, чаму вы выбралі прафесію настаўніка? Якія прынцыпы пакладзены ў аснову вашай работы з дзецьмі?

— Прыкладам паслужыла мая мама — настаўніца рускай мовы і літаратуры Антаніна Яфімаўна Казанкова. Усё жыццё яна аддала сваёй прафесіі, карысталася вялікім аўтарытэтам сярод калег і вучняў, заўсёды была натхнёная, я проста не магла не “заразіцца” прафесіяй. Але, як ні дзіўна, мама не ўхваліла мой выбар, і я паступіла ў БДУ на факультэт журналістыкі. Працавала журналістам у Жлобіне, затым з пераездам у Мінск карэктарам, нават піянерважатай, а потым, атрымаўшы другую адукацыю, ужо педагагічную, стала працаваць настаўніцай у Заводскім раёне сталіцы. Я трапіла ў такі выдатны калектыў, што да гэтага часу з цеплынёй успамінаю той час і тых выдатных людзей, з якімі мяне звязала жыццё.

Настаўніцай працую 35 гадоў і ні разу не пашкадавала аб выбраным шляху. Нават сама здзіўляюся, што мяне нішто і ніхто не раздражняе пры такім напружаным графіку работы: кожны дзень па 6 урокаў, не лічачы бясконцых праверак сшыткаў. Думаю, што калі гэта тваё прызванне, то ў рабоце знаходзіш радасць, натхненне.

Галоўнай мэтай любога ўрока сёння становіцца не інфармуючая, а стымулюючая, гэта значыць такая, якая падахвочвае навучэнцаў да самастойнай работы, пошуку ведаў. Дасягнуць такой мэты можна, калі ты сам праяўляеш актыўнасць, прагу да новага, а зносіны з навучэнцамі будуеш на аснове ўзаемнага даверу, шчырасці.

Вучыць маладога чалавека жыць у інфармацыйнай прасторы, быць дасведчаным, думаючым — задача сучаснага настаўніка. І ўсё ж галоўнае — навучыць будаваць жыццё, годнае чалавека, берагчы сваю Ра­дзіму, сваё здароўе, паводзіць сябе маральна.

— На ваш погляд, у чым перадумова паспяховага ўрока?

— “Не павінна быць сляпых да прыгажосці, глухіх да слова і сапраўднай музыкі, чэрствых да дабра, беспамятных да мінулага. А для ўсяго гэтага патрэбны веды, патрэбна інтэлігентнасць, якая даецца гуманітарнымі навукамі… Так, будзьце філолагамі, гэта значыць “аматарамі слова”, бо слова стаіць у пачатку культуры і завяршае яе, выказвае яе”. І кожны раз, увахо­дзячы ў клас і пачынаючы ўрок, я ўспамінаю гэтыя словы Д.С.Ліхачова з яго “Лістоў пра добрае і выдатнае”.

Урок — гэта час жыцця навучэнцаў і настаўніка (45 мінут!), і хочацца пражыць гэтае жыццё, каб “не было мучительно больно за бесцельно прожитые”  мінуты, і не было пачуцця пустаты ні ў дарослага, ні ў дзіцяці. І гэтага можна дасягнуць, калі актывізаваць пазнавальную дзейнасць, прымусіць думаць, спрачацца, задаваць пытанні. І тады адбудзецца тое, што называецца “прадукцыйны ўрок”. Важна, каб веды ператварыліся ў сродак развіцця асобы навучэнцаў. А гэта магчыма толькі пры ўмове творчай і практычнай накіраванасці вучэбнай дзейнасці. Разам з тлумачальна-ілюстрацыйным метадам выкарыстоўваю рэпрадуктыўны метад і метад праблемнага выкладання матэрыялу. Веды, здабытыя ў ходзе актыўнага пошуку, больш трывалыя. Наогул, выбар метаду залежыць ад таго, які моўны матэрыял вывучаецца, на якім этапе вывучэння матэрыялу ты знаходзішся і якія мэты ставіш. Каб забяспечыць фарміраванне ўнутраных матываў творчай дзейнасці навучэнцаў, спрыяць інтэн­сіўнаму развіццю ўвагі, неабходны даследчы метад.

Камп’ютарныя тэхналогіі выкарыстоўваю ўмерана, люблю зносіны, дыялог. Няхай навучэнцы на ўроку каменціруюць, выказваюцца па той ці іншай праблеме, не згаджаюцца ва ўсім са мной, нешта прапаноўваюць — гэта цікава. А вось калі мёртвая цішыня, нейкая агульная “дрымотнасць” на ўроку — гэта не па мне. Я арганізую жывыя ўрокі, вітаю актыўнасць навучэнцаў, чаргую метады і прыёмы работы. Стараюся многіх ацаніць за ўрок, але, калі ў навучэнца нешта не атрымалася, не спяшаюся з выстаўленнем нізкага бала, даю магчымасць дапрацаваць на наступным уроку. Вядома, бываю і катэгарычнай, але ўсё залежыць ад канкрэтнай сітуацыі. Галоўны прынцып, якім карыстаюся, як і ў дактароў, — не нашкодзь.

Ведаеце, я прылічваю сябе да настаўнікаў савецкай школы. Хоць апошнія і адчуваюць крытыку за аўтарытарнасць, урокі са строгім парадкам, выканальніцкай дысцыплінай навучэнцаў, якія падпарадкоўваюцца настаўніку, але гэта былі асобы, ваша высакароднасць Настаўнік. Упэўнена, многія людзі майго пакалення з глыбокай павагай, як і я, успамі­наюць сваіх школьных настаўнікаў. Мая настаўніца рускай мовы і літаратуры Яўгенія Якаўлеўна Ліпкіна магла абудзіць жаданне вучыцца ў кожнага, яе ўрокі былі вельмі цікавымі без камп’ютара і тэлевізара.

Свае першыя крокі ў прафесіі настаўніка я рабіла, працуючы ў Заводскім раёне сталіцы ў сярэдняй школе № 106 побач з такімі выдатнымі педагогамі, як Віталь Паўлавіч Хрыстараждзественскі, Жанна Аляксандраўна Цітова, Марыя Паўлаўна Мядзведзева. Яны мае куміры і па сёння. Я думаю, пераемнасць, настаўніцтва — гэта тое, што мы, на жаль, згубілі.

— Як у сучасных школьнікаў сфарміраваць цікавасць да чытання?

— Праблема чытання падрастаю­чым пакаленнем даўно абмяркоўваецца, але я не сказала б, што ўсё так крытычна. У апошні час стала заў­важаць, што нярэдка на ўроку рускай літаратуры ў навучэнца на парце ляжаць дзве кнігі: праграмны твор і кніга, напісаная ў жанры фэнтэзі. І вось з гэтай другой кнігай навучэнец не расстаецца, пакуль не дачытае. І настаўніку трэба прымаць гэты факт спакойна. Мы ж у свой час чыталі творы не толькі са спіса на лета, якія даваў настаўнік, але і тое, што траплялася, часта і пасрэдныя літаратурныя творы. Галоўнае ж у тым, што ідзе адбор, фарміруецца чытацкі багаж, мастацкі густ, пашыраецца агульнакультурны кругагляд. Як казаў сучасны расійскі пісьменнік Барыс Мінаеў, “не заўсёды тое, што абстрактна “добра напісана” — важна і каштоўна для дзіцяці”. У гэтым пераконваешся, калі праводзіш урокі па класічных творах рускай літаратуры. Для таго каб выказаныя класікамі думкі сталі зразумелымі навучэнцам і перайшлі ў разрад каштоўнасцей, трэба папрацаваць і настаўніку, і навучэнцам. Ёсць шмат прыёмаў, якія спрыяюць актыўнаму чытанню і далучэнню да абмеркавання прачытанага. Гэта можа быць конкурс на лепшую канцоўку твора. Напрыклад, перапісаць фінальныя сцэны п’есы М.Астроўскага “Беспасажніца”, выключыўшы гібель галоўнай гераіні. З цікавасцю прымаюць навучэнцы заданне, звязанае са складаннем працягу якога-небудзь твора ў стылістыцы аўтара, стварэннем сучаснай вокладкі кнігі, буктрэйлера. Лепшыя работы размяшчаюцца ў гімназічным часопісе “Натхненне”. Навучэнцы любяць рабіць інсцэніроўкі, самі пішуць сцэнарыі.

Зразумела, што культура чытання асобы і культура грамадства цесна звязаны, і чытанне асобнага чалавека фарміруецца пад уздзеяннем адносін навакольных да кнігі і чытання. Калі ў сям’і прынята чытаць, абмяркоўваць прачытанае, то і праблем не будзе. А калі бацькі не лічаць патрэбным чытанне, любоў да кнігі, то і дзіця прыхо­дзіць у школу з такім жа стаўленнем. Тады настаўніку складана прывіць культуру чытання, але магчыма.

— Ірына Яўгенаўна, вы — галоўны рэдактар электроннага літаратурна-мастацкага гімназічнага часопіса “Натхненне”. Як захапіліся гэтай дзейнасцю? Як прывіваеце навучэнцам любоў да літаратурнай творчасці?

— Выпуск школьнай газеты або часопіса паралельна з выкладаннем  стаў для мяне натуральным з першых гадоў работы ў школе — у сярэдняй школе № 106 Мінска (цяпер у гэтым будынку знаходзіцца гімназія № 25). Спачатку гэта была насценная газета, злепленая з некалькіх лістоў ватману. Затым, перайшоўшы працаваць у сярэднюю школу № 143 імя М.Аўэзава, я падтрымала ідэю дырэктара Д.В.Бачарова і намесніка па вучэбнай рабоце А.В.Гляковай выпускаць веснік школьнага жыцця “СТИХиЯ”. Трэба сказаць, што веснік быў сапраўдным рупарам школьнага жыцця, якое аб’яднала ўсіх: і навучэнцаў, і настаўнікаў, і бацькоў. У 2012 годзе ў новай установе адукацыі, гімназіі № 40, куды я перайшла працаваць, дырэктар І.А.Бабкоў, чалавек дальнабачны і творчы, адразу прапанаваў выпускаць электронны літаратурна-мастацкі часопіс.

Часопіс можна прачытаць, зайшоўшы на сайт гімназіі (gymn40 minsk.edu.by). Эпіграфам да кожнага выпуску сталі словы П.Вяземскага: “Дзе асвета, там дабро”. Выпуск часопіса забяспечвае вучню магчымасць для самавыяўлення, самапазнання, развіцця здольнасцей і задавальнення сваімі дасягненнямі. Немалаважная роля выдання не толькі ў дапрофільнай падрыхтоўцы, але і ў фарміраванні духоўна-маральных якасцей асобы. Леў Касіль пісаў: “Бо ўсё ў дзецях: і іх думкі, і іх уяўленні аб свеце, і іх лёсы — гэта рэха, якім будучыня адгукнецца на нашу агульную сённяшнюю справу”.

Толькі ўрокі ў поўнай меры не вырашаюць пастаўленых задач развіцця ўсіх сутнасных чалавечых сіл школьніка: інтэлекту, уяўлення, эмоцый, асацыятыўнага мыслення, волі, самарэгуляцыі. Таму мы знайшлі выхад праз пазакласную работу і развіццё творчых здольнасцей праз школьныя сродкі масавай інфармацыі. Агульнашкольны часопіс садзейнічае асобаснаму развіццю вучняў, фарміруе светапогляд, камунікатыўную культуру, дапамагае ў прафесійным выбары. Больш за тое, часопіс спрыяе захаванню культурнага  асяроддзя.

Выйшлі 23 нумары часопіса. Аб’ём кожнага нумара вар’іруецца ад 40 да 100 старонак. Рубрыкі часопіса разнастайныя (“Граніт навукі”, “Раскажу пра сябе”, “Для цікаўных”, “Нашы бацькі”, “Са святам Перамогі”, “Літаратурныя вопыты”, “Інтэрв’ю”, “Пачатковая школа” і інш.) і даюць навучэнцу магчымасць выбару тэмы будучага артыкула ў адпаведнасці са сваімі інтарэсамі, літаратурнымі густамі.

Варта заўважыць, што неабходнасць работы на вучэбных занятках з тэкстамі розных стыляў, тыпаў і жанраў маўлення, якія змяшчаюць фактычны і моўны матэрыял, спры яе стварэнню ўласных артыкулаў. На ўроку можа з’явіцца газета з цікавымі замалёўкамі, лепшыя з якіх будуць апублікаваны ў гімназічным часопісе “Натхненне”. Гэта павышае вучэбную матывацыю, актыўнасць, развівае творчыя здольнасці вучняў.

Дзякуючы выпуску літаратурна-мастацкага часопіса, падтрымліваецца пастаянная ўвага да моўных ведаў, якія ўплываюць на паспяховае фарміраванне практычных маўленчых уменняў: адэкватна выказваць сваё стаўленне да фактаў і з’яў навакольнай рэчаіснасці, да прачытанага, пачутага, ўбачанага; ацэньваць сваё і чужое маўленне з улікам дакладнага і выразнага словаўжывання; валодаць нормамі літаратурнай мовы, арфаграфічнай і пунктуацыйнай пісьменнасцю. Сэнс заняткаў літаратурнай творчасцю ў тым, што дзіця пачынае бачыць прыгожае і дрэннае ў рэальным жыцці, яно пачынае разумець сябе самога, яго вера ў сябе развіваецца і расце.

Часопіс “Натхненне” стаў адкрыццём і прыемным сюрпрызам для бацькоў. Многія і не здагадваліся, што іх дзеці здольныя так прыгожа выказваць свае думкі, пачуцці словамі. На старонках часопіса баць­кі, бабулі і дзядулі расказваюць аб сваіх прафесіях, захапленнях, успамінаюць школьныя гады.

Я большую частку жыцця сумяшчала работу настаўніка і журналіста, не ўяўляю сябе ў адной іпастасі. Гэтая інтэграцыя дазваляе мне быць у пастаянным руху, пошуку новага, крэатыўнага. Я ўвесь час вучу і вучуся сама, і ў гэтым бачу сэнс. Зносіны з навучэнцамі не толькі на ўроку, але і ў пазаўрочны час дазваляюць больш зразумець сучасную моладзь, іх памкненні, ідэалы, а гэта шмат дае пры правядзенні вучэбных заняткаў: усталёўваецца давер, паразуменне. Калі я прыходжу на ўрок і бачу перад сабой вельмі розных дзяцей, галоўнае, што я раблю,  — настройваю на даверлівы тон. Інтанацыя ўрока — гэта вельмі важна, жаданне цябе пачуць павінна быць у кожнага. І калі гэта ёсць, тады заняткі прыносяць задавальненне, радасць як настаўніку, так і навучэнцам.

Публікуючы пробы пяра навучэнцаў, мы заахвочваем іх у імкненні пісаць добра. А гэта значыць, добра думаць, добра адчуваць, добра перадаваць. Мне падабаецца, што К.Паўстоўскі гаварыў пра пісьмен­ства як пра “адзін з магутных фактараў, якія ствараюць чалавечае шчасце”. Я бачу радасць навучэнцаў, калі іх матэрыял апублікаваны ў часопісе. І яны непакояцца, калі іх артыкул апублікаваны не адразу.

— Падзяліцеся, калі ласка, сваімі прафесійнымі планамі.

— На жаль, я ні разу не давала інтэграванага ўрока, хоць цікавілася методыкай яго правядзення. У сучасным свеце пераважаюць тэндэнцыі да эканамічнай, палітычнай, культурнай, інфармацыйнай інтэграцыі, а ўрок у школе ў ідэале — інтэграваны. Менавіта такія вучэбныя заняткі забяспечваюць высокую пазнавальную актыўнасць навучэнцаў, уменне творча думаць, вырашаць праблемы, абапіраючыся на сістэматызаваную і інтэграваную інфармацыю. Патрабуюцца міжпрадметныя сувязі, якія аб’яднаюць веды розных навук для раскрыцця таго ці іншага пытання. Думаю, у такога падыходу могуць быць і розныя вынікі. Па-першае, нараджэнне абсалютна новых прадметаў (курсаў), узнікненне новых спецкурсаў, якія абнаўляюць змест унутры аднаго або некалькіх сумежных прадметаў. Па-трэцяе, з’яўленне цыклаў (блокаў) урокаў, якія аб’ядноўваюць матэрыял аднаго або шэрага прадметаў з захаваннем іх незалежнага існавання.

У планах — выпусціць зборнік творчых работ “Памяць аб кожным з вас”. Гэта гісторыі блізкіх для маладых аўтараў людзей, апавяданні пра тых, каму выпала жыць у гады Вялікай Айчыннай вайны, і не толькі ваяваць, але і гадаваць дзяцей, ча­каць вестак з фронту, спадзявацца. Гэты зборнік складзены па матэрыя­лах публікацый у гімназічным часопісе “Натхненне”. Многія аўтары былі дыпламантамі розных творчых конкурсаў, але самае галоўнае, што памяць унукаў і праўнукаў захавала гэтыя гісторыі.

— Дзякуй за размову, і поспехаў вам у рэалізацыі планаў!

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.