З навуковым акцэнтам

- 6:42Адукацыйная прастора, Навука і інавацыі

Як атрымаць беларускую прапіску горнай лавандзе, афрыканскаму ківана і азіяцкім шыітаке? Як паставіць дыягназ хворым дрэвам і як іх лячыць? Як вырасціць экалагічна чысты ўраджай? Гэтыя і мноства іншых задач паставілі перад сабой і бліскуча вырашылі юныя эколагі.

Сёлета фінал XXXІІІ Рэспубліканскага конкурсу навуковых біёлага-экалагічных работ (праектаў) навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі аб’яднаў больш за 120 удзельнікаў — пераможцаў абласных і Мінскага гарадскога этапаў. Пераможцы былі вызначаны ў 10 намінацыях. Гэта даследаванні і захаванне раслін і жывёл, паветра і глебавых рэсурсаў, водных экасістэм і гарадскіх тэрыторый і інш.

Сярод пераможцаў — 10-класнік Уладзіслаў Семяняка з гімназіі-каледжа мастацтваў Маладзечна. Ён ужо 7 гадоў прысвяціў экалогіі. Большасць сваіх навуковых даследаванняў правёў на мясцовай рацэ Ушы. Гэтым разам у акуляр яго мікраскопа трапілі рачныя малюскі. “Малюскі вельмі адчувальныя нават да нязначных змяненняў асяроддзя, па іх разнастайнасці можна вызначыць экалагічны стан самой ракі. І маё адкрыцце было, на жаль, не суцяшальным. Іх разнастайнасць з кожным годам збядняецца. Многія віды, якія жылі нават 10 гадоў назад, ужо зніклі. Гэта і гаворыць пра сумны экалагічны стан ракі”.

Уладзіслаў разам са сваім кіраўніком, настаўнікам біялогіі Д.М.Ганецкім, знайшоў і прычыны гэтага, і шляхі іх вырашэння. Хлопец марыць стаць хімікам-біёлагам і ў далейшым паляпшаць экалогію роднага краю. А пакуль ён святкуе перамогу ў конкурсе за гэтае даследаванне.

Навучэнка Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Ганна Харытончык таксама ўдастоена 1-га месца за свой праект. Яна распрацавала спосаб атрымання высокаэфектыўнага экаўгнаення з трыхадэрмы, якую выдзеліла з грыба губы, лісця і інш. Гэта ўжо трэці па ліку ўдзел у конкурсе, і кожны раз дзяўчына сярод пераможцаў.

“Я спадзяюся, што некалі нашы распрацоўкі не проста прынясуць перамогу нам, аўтарам, але і практычную карысць для ўсіх. І такія прыклады ўжо ёсць. Напрыклад, у нас наладжана вытворчасць біяпрэпаратаў, якія распрацавалі мае равеснікі”, — гаворыць Ганна.

Практычную карысць могуць ацаніць і тыя канкурсанты, якія зрабілі стаўку на пашырэнне асартыменту раслін у сваіх садах і агародах. Так, у Чачэрску хутка з’явіцца куточак правансу — у гімназіі “прыручылі” лаванду, даказаўшы што пры правільным падыходзе гэтая фіялетавая прыгажуня зусім не капрызная. Ківана, ці афрыканскі агурок, упадабаў градкі пры Асавецкім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Драгічынскага раёна. Гэты экзатычны фрукт з круглымі калючкамі на нашых прылаўках рэдкасць, але вырасціць яго, як аказалася, даволі проста. Марына Мацюшэнка, 11-класніца гомельскай гімназіі № 56 імя А.А.Вішнеўскага, заручыўшыся падтрымкай і дапамогай супрацоўнікаў Інстытута лесу НАН Беларусі, знайшла спосаб утылізаваць адходы лесагаспадаркі — з карысцю для гаспадара і гурмана. На дубовым і альховым пілавінні яна вырошчвае грыбы шыітаке. Навучэнцам сярэдняй школе № 2 Ляхавіч ужо мала проста пакаштаваць буякі — яны, дзякуючы доследнаму падбору арганічных кіслот для павышэння кіслотнасці глебы, дабіваюцца шыкоўных ураджаеў.

Уладзімір Родзькін, загадчык кафедры “Інжынерная экалогія” БНТУ, старшыня журы: “Канкурсанты прадставілі даволі сур’ёзныя праекты, якія маюць цікавасць не толькі на школьным узроўні, але і з пункту погляду аховы навакольнага асяроддзя. Галоўнае — не складваць іх на паліцу, а прэзентаваць шырэй, шукаць інвестараў і рэалізоўваць”. 

Некалькі праектаў былі накіраваны на захаванне дзікай і паўдзікай прыроды ў гарадах. Так, школьнікаў непакоіць стан дуброў у Бабруйску, вечназялёных насаджэнняў у парках і скверах сталіцы. Так, юныя фітапатолагі з сярэдняй школы № 114 імя Сімона Балівара Мінска адзначаюць, што карлікавыя віды блакітных елак дызайнеры ўдала ўпісваюць у ландшафтныя кампазіцыі, а іх вялікія формы — у паркі і скверы, але ненадоўга. Вельмі хутка хвойнікі страчваюць свой знешні выгляд, і санітарны стан іх пасадак выклікае вялікую трывогу. Школьнікі змаглі паставіць дыягназ лесапаркавай зоне Сляпянскай воднай сістэмы і прапісалі неабходнае лячэнне.

Удзельнікі намінацыі “Экалогія жывёл і выкарыстанне рэсурсаў жывёльнага свету” вывучалі чмялёў, баброў, вавёрак, птушак, рэдкіх стракоз і інш. Перамогу тут журы аддало Яўгену Осіпаву з сярэдняй школы № 24 Барысава. Хлопец даследаваў праблему імклівага размнажэння чорнагаловага слімака (інвазіўны чужародны від), які запаланіў ужо ўсю тэрыторыю Беларусі і заняў лідзіруючыя пазіцыі ў фаўне гарадоў, выцясняючы сабой абарыгенныя віды.

Пераможцай у намінацыі “Паветранае асяроддзе і змяненне клімату” стала Ганна Савіч, 11-класніца гімназіі Жодзіна. У сваёй рабоце яна паставіла пытанне “Ці вінавата карова ў глабальным пацяпленні?” і дала на яго адказ. У выніку праведзеных даследаванняў дзяўчына тэарэтычна абгрунтавала і разлікова пацвердзіла высокую патэнцыяльную эфектыўнасць прымянення ў Беларусі біягазавых установак, якія дазволяць палепшыць экалагічнае становішча, паменшыць эмісію парніковых газаў і скараціць расходы выкапнёвага паліва для вытворчасці электраэнергіі.

Акрамя таго, што юныя вучоныя прадставілі свае праекты, яны яшчэ і азнаёміліся з распрацоўкамі дарослых калег. Яны завіталі ў Інстытут генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, ацанілі экспазіцыю “Дасягненні навукі — вытворчасці” ў музеі гісторыі НАН Беларусі. Сярод канкурсантаў было шмат тых, хто марыць пра працяг экалагічнай адукацыі. Таму ім было карысна пабываць у заалагічным музеі біялагічнага факультэта і музеі землязнаўства факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ. Але самае каштоўнае — зносіны з журы — выбітнымі прадстаўнікамі беларускай навукі.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара.