З невычэрпным энтузіязмам: урокі Караліны Івашка праходзяць займальна і цікава

- 9:00Главная, Образование

Сярэдняя школа № 3 Ашмян стала першым рабочым месцам для маладога педагога Караліны Івашка, якая са сваімі падапечнымі і да алімпіяд рыхтуецца, і здымае ролікі для TikTok, і ў інжынерных класах выкладае. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

У пошуках сябе

Заканчваючы сярэднюю школу № 1 Ашмян імя М.М.Гружэўскага, дзе мама 10 гадоў працуе настаўніцай пачатковых класаў, Караліна Івашка, напэўна, ведала, што будзе педагогам:

— Калі я вучылася ў 8 класе, дырэктар школы Міхаіл Мар’янавіч Гружэўскі сабраў нас для гутаркі і пацікавіўся, хто кім бачыць сябе ў будучыні. Тады ж, пагля­дзеўшы на мяне пільна, ён адзна­чыў, што я дакладна буду настаўніцай. Яго прадказанне спраўдзілася. Але ж тады ў мяне не было ўпэўненасці ў тым, які прадмет мне хацелася б выкла­даць. Літаральна ў апошнія школьныя гады выбрала дакладныя навукі: матэматыку і інфарматыку.

Студэнцкія гады на фізі­ка-матэматычным факультэце БДПУ праходзілі цікава і насычана. Актыўная і ініцыятыўная студэнтка не толькі паспяхова вучылася, але і вяла актыўнае грамадскае жыццё, стаўшы сакратаром пярвічнай ячэйкі БРСМ.

— На працягу кожнага года праводзіўся дзясятак розных конкурсаў, акцый, святочных мерапрыемстваў. З 2 курса кожнае лета я працавала ў лагеры “Гарызонт” пад Радашковічамі. Спачатку была важатай, затым педагогам-арганізатарам, а пасля — старшым педагогам. Там канчаткова пераканалася, што работа з дзецьмі — гэта маё, — успамінае суразмоўніца.

Сёння педагог вядзе матэматыку і інфарматыку ў 5—7 класах, а таксама факультатыў “У свеце тэхнікі і тэхналогіі: выбіраем інжынерную прафесію” ў старшых класах. Да таго ж са сваім 6 “А”, дзе яна з’яўляецца класным кіраўніком, паспявае зды­маць пацешныя і не толькі відэа для TikTok.

Асаблівых цяжкасцей з адаптацыяй на першым працоўным месцы Караліна Паўлаўна не адчувала. Усе пытанні аператыўна дапамагалі вырашаць старэйшыя калегі. І ўжо праз некалькі месяцаў працы яна адчувала сябе як рыба ў вадзе.

Адметнасці адаптацыі

— Дзякуючы кіраўніцтву школы, адаптацыйны перыяд прайшоў лёгка. Ва ўстанове ні адзін малады спецыяліст не застаецца па-за ўвагай, — гаворыць Караліна Івашка. — У нас дзейнічае школа маладога настаўніка, у якой педагогі-пачаткоўцы атрымліваюць метадычную дапамогу. Таксама арганізавана сістэма настаўніцтва: за маладымі спецыя­лістамі замацаваны вопытныя педагогі з вышэйшай і першай кваліфікацыйнай катэгорыяй. А яшчэ праводзяцца тыдні педагагічнага майстэрства для маладых спецыя­лістаў. Метадычную і псіхалагічную дапамогу, індывідуальныя кансультацыі аказваюць педагогі-псіхолагі.

Як заўважае дырэктар сярэдняй школы № 3 Ашмян Уладзімір Войнюш, ва ўстанове адукацыі сёння працуюць пяць маладых спецыялістаў:

— Трое з іх мэтавікі. Прычым усе прадстаўнікі маладога папаўнення — ураджэнцы Ашмян.  Важна адзначыць, што замацаваль­насць спецыялістаў-пачаткоўцаў за апошнія 5 гадоў у нас стапрацэнтная. Маладыя педагогі прымаюць актыўны ўдзел у жыцці школы і раёна, з’яўляюцца членамі БРСМ, пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі. Пад кіраўніцтвам настаўнікаў моладзь удзельнічае ў конкурсах прафесійнага майстэрства. У 2023 годзе нашы калегі-пачаткоўцы сталі пераможцамі раённага злёту маладых спецыялістаў, а ў 2024 годзе прынялі ўдзел у міжнародным фестывалі педагагічных ідэй і рашэнняў “Прызванне — педагог”. Ужо з першых гадоў дзейнасці мы нацэльваем усіх пачаткоўцаў на работу з высокаматываванымі навучэнцамі, на падрыхтоўку іх да ўдзелу ў раённых алімпіядах.

Пра ўдзел ў раённым злёце маладых педагогаў і ў абласным конкурсе-фестывалі “Прызванне — педагог”, дзе канкурсанты — гэта настаўнікі са стажам не больш за 3 гады, Караліна Паўлаўна ўспамінае:

— Фестываль — гэта платформа для абмену вопытам і інавацыйнымі ідэямі ў арганізацыі педагагічнага працэсу ва ўстановах адукацыі. Прадстаўляючы школу і прафесію, удзельнікі дэманструюць творчыя здольнас­ці, камунікатыўныя навыкі. Канкурсанты наведваюць лекцыі, удзель­нічаюць у майстар-класах, дзе вучацца з прымяненнем сучасных адукацыйных тэхналогій. Удзел у гэтым цікавым конкурсе надае ўпэўненасці ў сабе, развівае камунікабельнасць, уменне трымацца на сцэне.

Запатрабаванні часу

Каб урокі праходзілі займальна і цікава, малады педагог загадзя прадумвае выкарыстанне сродкаў ІКТ, карысных інтэрнэт-платформ, якія ў гульнявой форме дапамагаюць замацоў­ваць новыя веды, а таксама право­дзіць праверку, як засвоены матэ­рыял па пройдзенай тэме або раз­дзеле.

— Напрыклад, мне падабаецца выкарыстоўваць платформу quizizz.com. Хлопчыкі і дзяўчынкі размяркоўваюцца па групах і са­дзяцца за камп’ютары. Ім трэба адказваць на пытанні, якія з’яўляюцца на экранах. Пасля кожнага адказу на экране адразу бачна, правільны ён ці не. Так мы праводзілі з шасцікласнікамі ўрок-­абагульненне па тэмах “Дзесятковыя дробы”, “Рацыянальныя лікі”, — зазначае настаўніца.

Пачынаючы з 5 класа Караліна Паўлаўна рыхтуе школьнікаў да ўдзелу ў дыстанцыйнай алімпія­дзе па матэматыцы, якую сярод навучэнцаў 5—7 класаў право­дзіць абласная школа дакладных навук. Рыхтуючы падапечных да інтэлектуальнага спаборніц­тва, настаўніца сустракаецца з імі не менш як два разы на тыдзень. Школьнікі выконваюць рознаўзроўневыя заданні, больш за ўсё ім падабаюцца задачы з раздзела “Лагічнае мысленне”.

Адно з захапленняў сучаснага педагога, якое, дарэчы, дапамагае ёй не адставаць ад часу і быць на адной хвалі са сваімі падапечнымі з 6 “А”, — гэта здымкі відэа для TikTok.

— У школах краіны абмежавана выкарыстанне вучнямі смартфонаў, таму летась з маімі тады яшчэ пяцікласнікамі мы знайшлі зручны для ўсіх і карысны кампраміс, — расказвае пра сумеснае настаўніцка-вучнёўскае хобі педагог. — На вялікім перапынку сталі здымаць на мой мабільны тэлефон кароткія відэа пра школьныя будні. У мінутных роліках можна гаварыць як пра нешта жартоўнае, так і закра­наць сур’ёзныя тэмы, якія абмяркоўваем на адзіных уроках, інфармацыйных і класных гадзінах. Ініцыя­тары камічных відэа часцей за ўсё дзеці. Яны самі па чарзе прыдумваюць тэмы і здымаюцца ў галоўных ролях. Саперніцтва ніякага няма. Так на свет з’явілася каля сотні ролікаў. Найбольш паспяховыя набіралі ад 50 да 641 тысячы праглядаў.

Нацэльваючы на прафесію

У старшакласнікаў з інжынерных груп настаўніца матэматыкі і інфарматыкі вядзе факультатыў “У свеце тэхнікі і тэхналогіі: выбіраем інжынерную прафесію”, на якім знаёміць школьнікаў з асаб­лівасцямі розных напрамкаў інжынернай справы.

У рамках дагавора паміж школай і Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэтам, а таксама Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэтам раз у чвэрць навучэнцы інжынерных класаў адпраўляюцца на экскурсію ва УВА. Таксама падлеткі наведваюць некалькі тэматычных практычных заняткаў, якія для іх праводзяць універсітэцкія выкладчыкі.

— Напрыклад, мы пабывалі на мерапрыемстве “Канікулы ў БНТУ”. Будучыя абітурыенты азнаё­міліся з універсітэтам, сустрэліся з прадстаўнікамі факультэтаў, а таксама наведалі навукова-тэхналагічны парк БНТУ “Палітэхнік”. У БДТУ хлопчыкі і дзяўчынкі ўбачылі эксперыменты па вызначэнні вадароднага паказчыка, або паказчыка кіслотнасці (рН), розных раствораў, эксперыменты з бытавымі кіслотамі і шчолачамі, стварэнне слаймаў, вырошчванне крышталяў, эксперыменты з люмінафорам і іншыя. Яшчэ на адных занятках школьнікі вывучалі віды і ўласцівасці драўніны, спосабы яе нарыхтоўкі. Таксама змаглі пазнаёміцца з асновамі 3D-мадэлявання, — прыводзіць прыклад карыснага ўзаемадзеяння настаўніца.

Таксама старшакласнікі становяцца ўдзельнікамі акцыі “Стань студэнтам на адзін дзень”. А яшчэ наведваюць тэхналагічныя, энергетычныя прадпрыемствы Гро­дзеншчыны і знаёмяцца з работай інжынераў. Вучэбная праг­рама факультатыўных заняткаў разлічана на 70 гадзін: па 2 гадзіны ў тыдзень у 10 класе і ўключае 8 модуляў, а таксама на 68 гадзін у 11 класе і ўключае 9 модуляў.

Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота з архіва гераіні