З падстрэшша рук Скарынавых…

- 11:58Адукацыйная прастора

Напрыканцы мая завяршыўся Адкрыты вочна-дыстанцыйны фестываль творчых праектаў “Францыск Скарына — друкар, мысляр, творца”, накіраваны на развіццё цікавасці да гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі і папулярызацыю вучэбнага прадмета “Працоўнае навучанне”. Мерапрыемства дало магчымасць дашкольнікам, навучэнцам школ, гімназій і ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, выхаванцам устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і іх педагогам прадставіць творчую інтэрпрэтацыю гістарычнага мінулага. Арганізатарам мерапрыемства выступіў Нацыянальны інстытут адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Можа, камусьці здасца дзіўным, якім чынам да творчага фестывалю і асобы Францыска Скарыны мае дачыненне вучэбны прадмет “Працоўнае навучанне”. Але тлумачыцца ўсё даволі проста: Ф.Скарына быў не толькі чалавекам вялікага розуму, але і меў залатыя рукі. Кнігі першадрукара — гэта ўнікальны ўзор мастацтва, аздоблены гравюрамі, якія ён вырабляў уласнымі рукамі. Таму на фестывалі творчых праектаў быў прадстаўлены плён не толькі разумовай, але і фізічнай працы сучасных нашчадкаў Скарыны.

Удзельнікі дыстанцыйнага этапу конкурсу мелі магчымасць рыхтаваць свае праекты на працягу двух месяцаў. Было даслана больш за 600 работ з розных рэгіёнаў Беларусі.

Конкурсныя работы былі падзелены па шасці намінацыях. У намінацыі “Спадар Скарына” дэманстравалася традыцыйная беларуская цацка — вырабы з саломкі, тканіны, бісеру, драўляных пацерак, гліны, дрэва, воўны, бяросты, скуры і іншых матэрыялаў. Да ўдзелу ў намінацыі “Кніжнае свята” канкурсанты рыхтавалі ўласныя інтэрпрэтацыі вокладак і старонак першых друкаваных кніг. Работы былі выраблены ў розных тэхніках (мастацкі роспіс, ткацтва, разьба па дрэве, набіванка, вышыўка, скрапбукінг і інш.), аздоблены арнаментам, малюнкамі. Альбом памятных месцаў, даведнікаў па мясцінах жыцця і друкарскай дзейнасці Ф.Скарыны, па краязнаўчых маршрутах і музеях складалі ўдзельнікі намінацыі “Шляхамі першадрукара”. Сюжэтныя кампазіцыі, прысвечаныя постаці Ф.Скарыны, яго жыццю і дзейнасці, выкананыя ў розных жанрах выяўленчага мастацтва былі сабраны ў намінацыі “Спадчына ў нашай памяці”. У “Калекцыянер.net” былі прадстаўлены выкананыя ў розных тэхніках эскізы памятных марак, юбілейных манет і медалёў, прысвечаных знамянальным датам (500-годдзю беларускага кнігадрукавання, заснаванню першай беларускай бібліятэкі ў Полацку, Дню беларускага пісьменства і інш.).

Найбольш творчых работ (каля 200) было даслана ў намінацыю літаратурнай накіраванасці “Эпоха творцы”. Гэта былі вершы, апавяданні, сачыненні, эсэ і іншыя творы слоўнага мастацтва, у якіх удзельнікі адлюстравалі свой погляд на жыццёвы і творчы шлях Скарыны. Некалькі з прадстаўленых твораў сталі для членаў журы сапраўднымі літаратурнымі адкрыццямі. Напрыклад, апавяданне, у якім літаратурны герой трапляў у эпоху Скарыны і першадрукар перадаваў яму веды. Гэтыя веды дазволілі герою, вярнуўшыся ў XXI стагоддзе, паспяхова здаць экзамен па гісторыі Беларусі. Ці сюжэт апавядання, дзе дзяўчына дзякуючы гравюрам Францыска Скарыны разгадала, дзе схавана знакамітая Полацкая бібліятэка, якая бясследна знікла некалькі стагоддзяў назад. Дзівілі членаў журы работы і сваёй незвычайнай формай. Так, яны мелі магчымасць пазнаёміцца з таўтаграмай — вершам, у якім усе словы пачынаюцца з адной і той жа літары. Адна з удзельніц фестывалю напісала карону сінквейнаў. “Цікава было сачыць не толькі за літаратурным майстэрствам удзельнікаў фестывалю, але і за тымі думкамі, якія скразілі ў іх работах. У прыватнасці, лейтматывам усяго нашага фестывалю можна лічыць думку, якая агучана ў адным з дасланых на конкурс вершаў: “Ці магчыма пражыць 500 гадоў? Магчыма, калі ты Францыск Скарына”, — адзначыла метадыст упраўлення дыстанцыйных адукацыйных паслуг Адукацыйнага цэнтра Нацыянальнага інстытута адукацыі Іна Аляксееўна Пінгаль.

Толькі трыццаці ўнікальным праектам з мноства дасланых прадставілася магчымасць стаць пераможцамі дыстанцыйнага этапу і быць выстаўленымі на вочным этапе фестывалю ў зале Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра імя Ёханеса Рау. Настаўнікі выяўленчага мастацтва і працоўнага навучання разам са сваімі вучнямі прыехалі з усіх куткоў краіны, каб прадэманстраваць сваё майстэрства і абмяняцца вопытам з калегамі.

На фестывалі працавалі некалькі інтэрактыўных пляцовак “Разам з прафесіяналам”, дзе праходзілі конкурсныя спаборніцтвы вочнага этапу. Пераможцы дыстанцыйнага этапу з дапамогай разнастайных інструментаў працавалі над новымі творчымі прадуктамі. За 30 хвілін яны падрыхтавалі і прадставілі работы, зробленыя сваімі рукамі.

Разам з вочным конкурсным этапам праходзіла выстава работ удзельнікаў і гасцей фестывалю. Экспазіцыя была прадстаўлена не толькі лепшымі работамі пераможцаў дыстанцыйнага этапу фестывалю, але і творчымі праектамі настаўнікаў Мінска і Мінскай вобласці. Кветкі з матэрыялу фаамірану, шыкоўная драўляная мэбля, дзіцячыя цацкі, выкананыя з мяккіх парод дрэва, гравюры з пластычных матэрыялаў, лялькі ў касцюмах эпохі Скарыны, вышыванкі, нават 3D-прынтар і шмат чаго іншага — кожная з прадстаўленых работ унікальная. З некаторымі тэхнікамі выканання і матэрыяламі госці фестывалю і яго экспертнае журы пазнаёміліся ўпершыню.

Фестывальная праграма аказалася ўдвая карыснай для настаўнікаў працоўнага навучання, якія не толькі змаглі паспрабаваць у дзеянні самыя сучасныя інструменты і электрапрыборы, але і ўбачыць новыя перспектывы адукацыйнай дзейнасці. Спецыяліст аддзела электрапрыбораў і аснасткі канцэрна “Роберт Бош” (канцэрн выступіў генеральным спонсарам фестывалю) Раман Богдан прадставіў магчымасці выкарыстання электрапрыбораў сваёй кампаніі на ўроках працоўнага навучання. “У рамках праграмы “Адукацыя” наша кампанія супрацоўнічае з Мінскім дзяржаўным каледжам будаўнікоў імя У.Г.Каменскага, пастаянна праводзіць курсы павышэння кваліфікацыі настаўнікаў працоўнага навучання. У гэтым годзе мы распрацавалі вучэбны дапаможнік і рабочы сшытак “Шматфункцыянальныя інструменты Dremel”. Дапаможнікі прызначаны для педагагічных работнікаў адукацыйных устаноў рознага тыпу, якія ажыццяўляюць прафесійную падрыхтоўку, і для навучэнцаў, — расказаў Раман Богдан. — З наступнага навучальнага года плануецца адкрыццё Dremel-класаў на базе сярэдняй школы № 26 Мінска”.

Завяршыўся фестываль творчых праектаў узнагароджаннем пераможцаў, самымі малодшымі з якіх аказаліся выхаванка старшай групы Субацкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Ваўкавыскага раёна Настасся Лясота і вучань 2 класа сярэдняй школы № 3 Пінска Аляксандр Палаўко.

Намеснік дырэктара па рэдакцыйна-выдавецкай рабоце Нацыянальнага інстытута адукацыі Святлана Сцяпанаўна Вашкевіч звярнулася да гасцей фестывалю са словамі падзякі: “Я хачу выказаць шчырае захапленне настаўнікамі, якія падтрымліваюць нашых канкурсантаў, дапамагаюць ім. Вы вучыце дзяцей не сядзець у гаджэтах, не спажываць гатовае, а думаць, ствараць, атрымліваць творчыя прадукты самім. Гэта бясцэнна!”

Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота аўтара.