11 лістапада для нашай краіны гэта звычайны дзень, а вось для Польшчы — важнае дзяржаўнае свята — Дзень Незалежнасці. У рамках інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання крос-культурных кампетэнцый вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі”, мэта якога — дапамагчы дзецям больш даведацца пра культуру іншых народаў і выхаваць у іх талерантныя адносіны, у тым ліку да прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцей, у сярэдняй школе № 8 Гродна былі праведзены мерапрыемствы, прысвечаныя польскай культуры.
На вялікім перапынку школьнікі змаглі больш даведацца пра польскі народ, яго нацыянальныя рысы, святы і традыцыі, а таксама пачуць польскую мову. Вучні 6 “Б” класа Аляксандра Кашчэй і Арсеній Казакевіч прачыталі вершы па-польску.
Для 10 “А” і 6 “Б” класаў, якія на працягу года самастойна знаёмяцца з польскай культурай, была праведзена віктарына “Вітаем, Польшча!” на базе школьнага гісторыка-краязнаўчага музея Дружбы народаў. Галоўная задача мерапрыемства — глыбей пазнаёміцца са звычаямі, традыцыямі і норавамі палякаў. Віктарына складалася з 6 намінацый (мова; традыцыі; кухня; агульныя пытанні; даты; Беларусь — Польшча) — па 5 пытанняў у кожнай. Удзельнікі выдатна справіліся з заданнямі віктарыны і былі ўзнагароджаны граматай за актыўны ўдзел.
Для вучняў пачатковых класаў быў арганізаваны конкурс малюнкаў, прысвечаны Польшчы. Актыўнымі ўдзельнікамі конкурсу сталі вучні 4 “А” і 4 “Б” класаў.
Трэба адзначыць, што вучні нашай школы з задавальненнем і энтузіязмам знаёмяцца з культурай іншых народаў.
Таццяна ЛОЙША,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 8 Гродна.