Белы цуд

- 14:53Нам пішуць

Снег… Гэты белы цуд, падораны чалавецтву прыродай, не можа не выклікаць захапленне. Фігурныя, быццам выразаныя, сняжынкі, серабрысты іней, шматкі, падобныя на пух лебядзіны, масіўныя гурбы — снег такі розны, але бязмерна чароўны і жаданы. Жаданы настолькі, што яму прысвяцілі цэлае свята. 20 студзеня адзначаўся Сусветны дзень снегу, або Міжнародны дзень зімовых відаў спорту. Да свята далучыліся і вучні Вераб’евіцкага дзіцячага сада — базавай школы Навагрудскага раёна.

Традыцыйным у гэты дзень з’яўляецца правядзенне розных займальных спаборніцтваў, цікавых паказальных выступленняў і снежных фестываляў. Таксама арганізоўваюцца забавы і гульні, якія даюць магчымасць парадавацца “беламу цуду”, атрымаць асалоду і захаваць уражанні ў памяці да наступнай зімы.

Дзеці з завальненнем прымалі ўдзел у снежных гульнях, конкурсах, весела танчылі, вадзілі карагоды, ляпілі забаўныя фігуркі са снегу, размалёўвалі іх рознакаляровымі фарбамі. Кожнай фігурцы давалі прозвішча. Асабліва прыгожая атрымалася Снежная Баба-Ёжка, каля якой дзеці расказвалі вершы пра зіму, сняжынкі, загадвалі загадкі, спявалі песні.

Шмат радасці падарылі вучням спартыўныя спаборніцтвы: дзве каманды змагаліся за званне “Снежны пераможца”. Свята працягнулася конкурсам малюнкаў на снезе і лыжнай эстафетай. Дзень атрымаўся насычаны і вясёлы. Дзеці пакінулі школу з бадзёрым настроем, даказаўшы самім сабе наяўнасць таленту і волі да перамогі.

Таццяна БОРЫС,
настаўніца гісторыі Вераб’евіцкага дзіцячага сада — базавай школы Навагрудскага раёна.