Практыкум па замежнай мове

- 10:17Нам пішуць

Семінары-практыкумы для настаўнікаў замежных моў па тэмах “Уводзіны і трэніроўка моўнага матэрыялу” і “Language activities for teenagers” адбыліся на базе Навагрудскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

У семінарах-практыкумах узялі ўдзел 20 педагогаў замежных моў з 13 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Мерапрыемствы былі праведзены Наталляй Іванаўнай Валчковай, педагогам замежнай мовы навучальнага цэнтра “Адукацыйныя тэхналогіі” г. Мінска з мэтай азнаямлення з сучаснымі метадамі і тэхналогіямі навучання замежным мовам.

Дзякуючы займальным заданням, праз дзейнасць у парах і групах педагогі атрымалі практычны вопыт па рабоце з навучэнцамі. Семінары забяспечылі выкладчыкаў уменнямі і навыкамі, якія павышаюць эфектыўнасць і выніковасць вучэбнага працэсу. Педагогі разглядалі заданні, якія маюць камунікатыўную накіраванасць. Іх можна выкарыстоўваць на розных этапах урока для адпрацоўкі лексічных і граматычных навыкаў гаварэння.

Настаўнікі замежных моў Навагрудскага раёна ўзялі актыўны ўдзел у абмеркаванні прапанаваных заданняў. Усім удзельнікам семінара ўручаны сертыфікаты, а самыя актыўныя — Ірына Рыгораўна Лазоўская і Кацярына Эдуардаўна Жук з гімназіі № 1 Навагрудка, Алена Сяргееўна Літавар і Святлана Генадзьеўна Савасцюк з СШ № 5 Навагрудка, Таццяна Яўгенаўна Крылавец (Уселюбскі дзіцячы сад — сярэдняя школа) — атрымалі спецыяльныя прызы.

Яўгенія ЛІНДА,
метадыст Навагрудскага вучэбна-метадычнага кабінета.