Сёння ў нашай хаце свята

- 16:30Нам пішуць

Апошнім часам навучэнцы праяўляюць вялікую цікавасць да свайго мінулага, гісторыі і культуры, народных традыцый. І ў гэтай рабоце важная роля належыць школьным этнаграфічным музеям.

Музей “Беларуская хатка” ў гімназіі № 5 Віцебска быў створаны ў 2003 годзе сумеснымі намаганнямі педагогаў і бацькоў гімназістаў. У ім ёсць шмат розных экспанатаў, прадметаў побыту, якімі карысталіся продкі, а таксама рэчы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (вышыванкі, сурвэткі, вырабы з дрэва, саломы і гліны).

У пачатку навучальнага года мы вырашылі знайсці новыя падыходы па фарміраванні ў вучняў уяўлення аб асаблівасцях беларускай культуры, паказаць багацце фальклорнай спадчыны і народных традыцый. Таму на першым пасяджэнні нашага аб’яднання па інтэрэсах сумесна з вучнямі быў распрацаваны сцэнарый экскурсіі-падарожжа па музеі “Беларуская хатка” “Адкуль мы родам”, прысвечанай Году малой радзімы. Першую экскурсію было вырашана правесці падчас абласнога семінара “Сучасныя падыходы да арганізацыі дзейнасці музея ўстановы адукацыі”. Вучні вельмі хваляваліся. Ім хацелася як мага лепей правесці гэтае мерапрыемства. А якая сустрэча без добрай песні? Таму экскурсія-падарожжа пачалася з песні кампазітара І.Лучанка “Спадчына”. Затым прагучалі вершы вядомых беларускіх паэтаў пра Беларусь, якія з вялікім натхненнем чыталі ўдзельнікі мерапрыемства. Не абышлося і без батлейкі: навучэнцы паказалі п’есу, якая дазволіла заглянуць у адну з беларускіх вёсачак і пазнаёміцца з яе жыхарамі, беларускімі традыцыямі. А яшчэ гучалі прыказкі і прымаўкі, звінелі цымбалы.

Закончылася экскурсія-падарожжа вясёлымі прыпеўкамі, танцамі і, канечне ж, беларускімі пачастункамі. Гасцям вельмі спадабалася наша экскурсія-падарожжа. Яны адзначылі актуальнасць зместу і практычную накіраванасць работы з дзецьмі.

Інеса ПАНІЗОВІЧ,
магістр педагагічных навук.