З павагай і ўдзячнасцю

- 14:15Актуально, Апошнія запісы, Рознае

У сераду ў Міністэрстве адукацыі адбылося ўшанаванне спецыялістаў сістэмы адукацыі, дзякуючы якім на прафесійным узроўні былі праведзены два маштабныя для беларускай адукацыі мерапрыемствы — Рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства “Настаўнік года — 2014” і III з’езд настаўнікаў і работнікаў адукацыі дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел міністр адукацыі Сяргей Маскевіч і яго намеснік Васіль Будкевіч.

Як адзначыў Сяргей Аляксандравіч, дзякуючы прафесіяналізму спецыялістаў сістэмы айчыннай адукацыі абодва мерапрыемствы прайшлі на высокім узроўні. Нагадаем, што Рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства педагогаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2014” быў дзясятым па ліку і новым па змесце. Адметнай асаблівасцю конкурсу стала ўвядзенне прадметных намінацый. Іх было сем. Адпаведна кожную вобласць на рэспубліканскім конкурсе прадстаўлялі сем чалавек. Усяго ўдзельнікамі заключнага этапу сталі 49 педагагічных работнікаў. А пераможцам — Віктар Жук, настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 11 Маладзечна.
Пасля конкурсу актыўная частка педагагічнай супольнасці стала ўдзельнікамі III з’езда настаўнікаў і работнікаў адукацыі дзяржаў — удзельніц СНД. Наша краіна ўпершыню прымала такі форум, таму ў падрыхтоўцы важнай была кожная дробязь. І мы справіліся, што і падкрэсліў міністр адукацыі ў сваім віншавальным звароце да прысутных, пасля чаго распачаў цырымонію ўзнагароджання.
У прыватнасці, Ганаровую грамату Міністэрства адукацыі атрымала Таццяна Кажамякіна, начальнік Цэнтра развіцця дадатковай адукацыі дарослых Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Таццяна Іванаўна была адзначана за забеспячэнне высокага ўзроўню арганізацыі і правядзення мерапрыемстваў у рамках III з’езда настаўнікаў і работнікаў адукацыі дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў.
А падзяка міністра, напрыклад, была аб’яўлена дырэктару гімназіі № 4 Мінска Юрыю Бандарэнку, дырэктару НЦМТДіМ Надзеі Васільчанка, старшаму выкладчыку кафедры паслядыпломнай моўнай адукацыі Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Інесе Зубрылінай, а таксама многім іншым выкладчыкам, педагогам, прадстаўнікам рэгіянальных органаў кіравання адукацыяй.
За навукова-метадычнае і арганізацыйнае забеспячэнне Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2014“ граматы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь атрымалі прадстаўнікі міністэрства, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, у прыватнасці, начальнік упраўлення вучэбна-метадычнай работы АПА Ірына Багачова.
А падзяку міністра атрымалі прадстаўнікі АПА, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і інш. Сярод іх рэктар МДЛУ Наталля Баранава, рэктар БДПУ імя Максіма Танка Аляксандр Жук, прарэктар па навукова-метадычнай рабоце АПА Галіна Нікалаенка, прарэктар па навукова-метадычнай рабоце Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Марына Краснова, метадыст аддзела кіруючых кадраў і інавацыйнай адукацыі Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Любоў Віленчык.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.