З пэндзлем да Мэт

- 8:45Апошнія запісы

У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка прайшоў Рэспубліканскі маладзёжны форум “МУР: да 16 і старэй”.

Ён сабраў выхаванцаў дзіцячых садоў, школьнікаў, студэнтаў і педагогаў, аб’яднаных адной мэтай. Дакладней, 17 устойлівымі мэтамі.

Як расказала Інеса Зубрыліна, начальнік каардынацыйнага цэнтра “Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця” БДПУ, гэты форум — фінальная сустрэча ў шэрагу мерапрыемстваў, звязаных з дэкадай “Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця для ўсіх”, якая была запушчана ў верасні мінулага года. І сярод гэтых мерапрыемстваў быў конкурс “Дзеці пра МУР”. Яго ўдзельнікамі сталі больш за 450 дзяцей — навучэнцаў больш як 150 устаноў краіны — ад дзіцячых садоў і школ да ўстаноў дадатковай адукацыі. Свае работы яны прадставілі ў трох намінацыях: “Літаратурная творчасць”, “Медыяпрадукт” і “Выяўленчае мастацтва”. Апошняя была самай папулярнай — ажно 336 мастацкіх праектаў! Аўтары лепшых 47 работ сталі галоўнымі ўдзельнікамі форуму, а самі іх работы можна было ўбачыць на арганізаванай ва ўніверсітэце інтэрактыўнай выставе.

Гран-пры конкурсу атрымаў калектыў студыі выяўленчага мастацтва “ВКрасках” гімназіі № 10 Маладзечна за серыю крафтавых пакетаў “Рабі, як я!”. Сюжэтамі для афармлення іх пакетаў сталі асацыятыўныя пано да кожнай з 17 Мэт.

“Мэты ўстойлівага развіцця — не абстрагаваныя, з імі мы сустракаемся пастаянна ў штодзённым жыцці. Нам заставалася толькі крэатыўна іх падаць, прыдумаўшы асацыяцыі. Так, адной з самых цікавых нам падаецца тэма пацяплення клімату. Гэтую праблему мы прадставілі праз пінгвіна, які стаіць на ледавіку, а той смажыцца на патэльні”, — гаворыць навучэнка студыі “ВКрасках” Арына Еўдакімава.

Акрамя падвядзення вынікаў творчага конкурсу, у межах форуму была арганізавана работа трох тэматычных пляцовак. На пляцоўцы “Першыя крокі да ўстойлівасці” разам з валанцёрамі МУР БДПУ самыя юныя госці форуму (5—10 гадоў) змаглі азнаёміцца ў даступнай форме з усімі 17 Мэтамі ўстойлівага развіцця, знайсці для іх асацыяцыі і ў імправізаванай майстэрні стварыць 3D-калаж “Дзеці пра МУР”, сабраць тэматычныя пазлы падчас конкурсу “Эўрыка” і прыняць удзел у віктарыне “Пакінь свой след”.

Удзельнікам пляцоўкі “Устойлівая майстэрня” (11—17 гадоў) спецыялістамі каардынацыйнага цэнтра АУР была прапанавана серыя інтэрактыўных гульняў (“Гендарныя стэрэатыпы”, “МУР: Што? Дзе? Калі?”, “Соображариум”, “Імправізацыя”), якія дапамаглі школьнікам праверыць свае веды па праблематыцы ўстойлівага развіцця.

“Нашы актыўнасці праходзілі ў выглядзе каруселі, дзе ў інтэлектуальных спаборніцтвах падлеткі змаглі выпрабаваць сябе, даведацца шмат новага, пазнаёміцца і пасябраваць. Бо 17-я Мэта — “партнёрства”, а ключавая задача нашага форуму — аб’яднаць намаганні розных устаноў адукацыі ў гэтым кірунку”, — патлумачыла задуму Інеса Уладзіміраўна.

Для педагогаў была арганізавана пляцоўка “Навучаем. Прасоўваем. Дзейнічаем”. Гэта была прэзентацыя вопыту розных устаноў адукацыі краіны, якія працуюць ва ўстойлівым кірунку. Яе ўдзельнікі азнаёміліся з “устойлівымі” ініцыятывамі БДПУ ад Green Office, каардынацыйнага цэнтра “Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця”, факультэтаў дашкольнай і пачатковай адукацыі. Пра свае ўжо рэалізаваныя і яшчэ толькі запланаваныя праекты расказалі і прадстаўнікі рэсурснага цэнтра па АУР гімназіі № 19 Мінска, Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства, Рэспубліканскага маладзёжнага цэнтра і інш.

“Прыемна бачыць, што настаўнікі разумеюць значэнне “Адукацыі ў інтарэсах ўстойлівага развіцця”, бо без уключэння педагога немагчыма рухацца далей, — адзначыла І.У.Зубрыліна. — Каб дзіця адлюстравала свае думкі, сваё бачанне на аркушы, стварыла свой медыяпрадукт ці напісала верш, яго да гэтага трэба падрыхтаваць. І таму мы рады, што гэты рух, звязаны з адаптацыяй ідэй АУР да традыцыйнага вучэбнага працэсу, да тэорый і методыкі выкладання розных школьных прадметаў і арганізацыі выхаваўчай работы, знайшоў сваё месца. Настаўнікі ўжо дакладна ведаюць, як гаварыць пра гэтыя складаныя рэчы, глыбокія сэнсы дзецям простымі словамі”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.