З цікавасцю да праблем экалогіі і біялогіі

- 11:31Адукацыйная прастора

У горадзе над Бугам падвялі вынікі ХХV Абласнога конкурсу навуковых біёлага-экалагічных работ школьнікаў.

У спаборніцтве, арганізаваным абласным упраўленнем адукацыі і Брэсцкім абласным цэнтрам турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі, удзельнічалі 70 вучняў, якія займаюцца ў школьных навуковых таварыствах, гуртках, секцыях і іншых аб’яднаннях па інтарэсах эколага-біялагічнага профілю.

— Конкурс праводзіўся з мэтай развіцця навукова-даследчай дзейнасці і творчых здольнасцей вучняў 9—11 класаў, — расказала загадчыца аддзела экалагічнай работы Брэсцкага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Г.І.Уварава. — Школьнікі прэзентавалі работы, якія з’яўляюцца вынікам уласных даследаванняў па вывучэнні і захаванні біялагічнай разнастайнасці, прыродных біяцэнозаў, вырашэнні лакальных і рэгіянальных экалагічных праблем, распрацоўцы і ўкараненні перспектыўных біялагічных і экалагічных тэхналогій, метадаў практычнага выкарыстання. У цэнтры ўвагі юных даследчыкаў былі актуальныя праблемы сучаснай біялогіі і экалогіі, новыя біялагічныя дысцыпліны і напрамкі сумежных навук.

Абарона конкурсных работ праходзіла ў 5 секцыях: “Эксперыментальная біялогія (лабараторны і палявы эксперымент)”, “Экалогія раслін”, “Экалогія жывёл”, “Экалогія ўрбанізаваных тэрыторый і рэсурсазберажэнне” і “Прыкладная экалогія і водныя экасістэмы”. Пры ацэньванні работ журы з ліку выкладчыкаў БрДУ імя А.С.Пушкіна і БрДТУ ўлічвала метадычную і навуковую каштоўнасць матэрыялаў, арыгінальнасць ідэі, якасць вырашэння пастаўленых задач, значнасць атрыманых вынікаў, іх сувязь з практыкай і перспектыўнасць. Члены журы адзначылі высокі ўзровень сёлетніх конкурсных даследаванняў.
Дыпломы І ступені атрымалі Паліна Харламава з сярэдняй школы № 16 Баранавіч (“Асаблівасці экалогіі і біялогіі дзённых лускакрылых Баранавіцкага раёна”), Ганна Ясакава з Ланской сярэдняй школы Маларыцкага раёна (“Санітарна-экалагічны стан старога парку вёскі Вялікарыты”), Соф’я Санюк з сярэдняй школы № 2 Жабінкі (“Цукровабурачныя жамерыны як альтэрнатыўная крыніца атрымання энергіі”), Яўген Пруднікаў з сярэдняй школы № 2 Лунінца (“Разлік каэфіцыента пераходу радыенукліду цэзію-137 з глебы ў сельгаскультуры праз вызначэнне яго ўдзельнай актыўнасці з дапамогай гама-радыёметра Atomtex”) і Міхаіл Палівода з гімназіі № 5 Брэста (“Некаторыя пытанні функцыянавання сістэмы абводных каналаў Брэсцкай крэпасці”).

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.