Чым адметная сёлетняя прыёмная кампанія ва ўстановы прафесійнай адукацыі сталіцы, якія новыя прафесіі прапаноўваюцца абітурыентам — з гэтымі пытаннямі мы звярнуліся да загадчыцы сектара прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Алены Іванаўны ЧАРНЫХ.
— У 2021/2022 навучальным годзе адукацыйны працэс у Мінску будуць ажыццяўляць 22 установы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, якія падпарадкоўваюцца камітэту па адукацыі Мінгарвыканкама. Сярод іх 12 прафесійна-тэхнічных каледжаў, 7 прафесійных ліцэяў і 3 дзяржаўныя каледжы ўзроўню сярэдняй спецыяльнай адукацыі — Мінскі дзяржаўны каледж сферы абслугоўвання, Мінскі дзяржаўны каледж электронікі, Мінскі гарадскі педагагічны каледж.
Навучанне ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі на ўзроўні ПТА ажыццяўляецца па 7 профілях адукацыі (“Мастацтва і дызайн”, “Камунікацыі. Права, эканоміка, кіраванне. Эканоміка і арганізацыя вытворчасці”, “Тэхніка і тэхналогія”, “Архітэктура і будаўніцтва”, “Сельская і лясная гаспадарка, садова-паркавае будаўніцтва”,“Грамадскае харчаванне. Бытавое абслугоўванне”, “Служба бяспекі”), а на ўзроўні ССА на аснове ПТА — таксама па 7 (“Педагогіка”, “Мастацтва і дызайн”, “Камунікацыі. Права, эканоміка, кіраванне. Эканоміка і арганізацыя вытворчасці”, “Тэхніка і тэхналогія”, “Архітэктура і будаўніцтва”, “Грамадскае харчаванне. Бытавое абслугоўванне”, “Сацыяльная абарона”).
Уступная кампанія гэтага года на ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі праходзіць з 15 чэрвеня і скончыцца 25 жніўня.
Прыём дакументаў пачаўся 15 чэрвеня і скончыцца 20 жніўня.
Унутраныя ўступныя выпрабаванні будуць доўжыцца па 24 жніўня. Залічэнне завяршыцца 25 жніўня.
Кантрольныя лічбы прыёму складаюць 4356 чалавек (у 2020 годзе — 4734 чалавекі). З іх на базе 9 класаў — 3066 (у 2020 годзе — 3077 чалавек), на базе 11 класаў — 1254 (у 2020 годзе —1633 чалавекі). З ліку выпускнікоў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця плануецца прыняць 36 чалавек (у мінулым годзе — 24).
У адпаведнасці з патрэбамі арганізацый — заказчыкаў кадраў штогод карэкціруецца кваліфікацыйная структура рыхтуемых кадраў як у рамках кожнай асобнай установы адукацыі, так і ў рамках горада ў цэлым.
Кваліфікацыйная структура набору 2021 года, згодна з зацверджанымі кантрольнымі лічбамі прыёму, падразумявае падрыхтоўку навучэнцаў па 48 спецыяльнасцях узроўню ПТА, якія ўключаюць 114 кваліфікацый рабочых, узроўню ССА — 26 кваліфікацый па 26 спецыяльнасцях. Варта адзначыць, што адукацыю на ўзроўні ССА можна атрымліваць у дзённай і завочнай формах навучання.
Штогод карэкціруюцца інтэграцыя кваліфікацый, тэрміны навучання на аснове агульнай базавай або агульнай сярэдняй адукацыі, а таксама спектр падрыхтоўкі кадраў для асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
З верасня 2021 года плануецца набор па 3 новых для горада кваліфікацыях узроўню ПТА: “слесар-электрык па рамонце электраабсталявання” (МДПЛ № 9 аўтамабілебудавання),“памочнік машыніста дызель-цягніка” і “складальнік цягнікоў” (МДПТК чыгуначнага транспарту).
Будзе адноўлена падрыхтоўка па наступных кваліфікацыях: “электраманцёр па абслугоўванні і рамонце прылад сігналізацыі, цэнтралізацыі, блакіроўкі”, “аглядчык-рамонтнік вагонаў” (МДПТК чыгуначнага транспарту), “вытворца мастацкіх вырабаў з керамікі” (ПТК ДПМ), “дазіроўшчык медыцынскіх прэпаратаў” і “апаратчык шырокага профілю вытворчасці хіміка-фармацэўтычных прэпаратаў” (Мінскі механіка-тэхналагічны ПТК),“прыёмшчык заказаў” спецыяльнасці “Цырульніцкае мастацтва і дэкаратыўная касметыка” (МДПТК швейнай вытворчасці), “страхар па рулонных дахах і па дахах са штучных матэрыялаў” (МДПТК будаўнікоў).
Прыпынена падрыхтоўка (сёлета набор не будзе ажыццяўляцца) па 9 кваліфікацыях: “рэстаўратар дэкаратыўна-мастацкіх афарбовак” (МДПЛ № 7 будаўніцтва), “оптык” і “слесар па абслугоўванні сістэм вентыляцыі і кандыцыяніравання” (МДПЛ № 9 аўтамабілебудавання), “праходчык на паверхневых работах”(МДПЛ № 5 транспартнага будаўніцтва), “раскройшчык матэрыялаў” (МДПТК лёгкай прамысловасці і бытавога абслугоўвання насельніцтва), “абвальшчык мяса” (Мінскі дзяржаўны механіка-тэхналагічны ПТК), “слесар па зборцы металаканструкцый” (МДПТК мантажных і пад’ёмна-транспартных работ), “апрацоўшчык дэталей, паўфабрыкатаў і вырабаў” (МДПТК швейнай вытворчасці), “бетоншчык” (МДПЛ № 10 будаўніцтва).
У 2021/2022 навучальным годзе падрыхтоўка навучэнцаў з АПФР будзе праходзіць у 3 установах ПТА (МДПЛ № 7 будаўніцтва, МДПТК лёгкай прамысловасці і комплекснай лагістыкі, МДПЛ № 10 будаўніцтва) па 4 кваліфікацыях ПТА. Мінскі дзяржаўны каледж электронікі ажыццяўляе набор навучэнцаў з АПФР на ўзровень ССА па 2 спецыяльнасцях. З 1 верасня 2021 года пачнецца навучанне на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі асоб з парушэннямі апорна-рухальнага апарату па спецыяльнасці “Фатаграфія” на аснове агульнай сярэдняй адукацыі.
Падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.