З верай у вучняў

- 10:11Людзі адукацыі, Суразмоўца, Суразмоўца

Настаўніца геаграфіі гімназіі № 3 імя В.І.Соламавай Гродна Людміла Іосіфаўна Дзямідава ўкладае душу ў сваіх вучняў і вельмі ганарыцца іх поспехамі. Ды і як не ганарыцца: дыплом І ступені на абласным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі атрымаў сямікласнік Арсеній Туровіч.

Як і сённяшні яе вучань Арсеній, з першых школьных урокаў геаграфіі Людміла Іосіфаўна палюбіла гэты цікавы, займальны і вельмі пазнавальны прадмет. Безумоўна, паўплывала на гэта яе настаўніца Марыя Аляксееўна Ленец. Дзяўчынка была зачаравана ёй, аповедамі аб падарожжах, невядомых краінах, незвычайных з’явах. Менавіта тады і з’явілася нават не жаданне, а дарослае рашэнне стаць настаўнікам. І мара здзейснілася. Сёння Людміла Дзямідава ўжо сама расказвае школьнікам пра краіны і кантыненты і сваю любоў да прадмета перадае вучням.

У чым сакрэт педагога? У якім выпадку ўкладзеныя ў вучняў веды прывядуць да перамог і высокіх дасягненняў? На думку Людмілы Іосіфаўны, усё проста:

— Цяпер шмат кажуць пра тое, што сучасны настаўнік павінен валодаць камунікабельнасцю, крэатыўнасцю, верай у кожнае дзіця, педагагічным аптымізмам, здольнасцю да бесперапыннай самаадукацыі і самаўдасканалення, ву­чыць школьнікаў аналізаваць, параўноўваць, супастаўляць, абагульняць, рабіць высновы, думаць крытычна. Быць адным цэлым з вучнямі — гэта мэта, напэўна, кожнага педагога. А дасягнуць яе можна толькі карпатлівай працай. Гэта атрымаецца ў настаўніка, улюбёнага ў сваю прафесію. Калі ў яго ёсць жаданне аддаваць, то ў вучня абавязкова з’явіцца жаданне прымаць. Калі гэтыя два жаданні супадаюць, атрымліваецца выдатны вынік.

Людміла Дзямідава працуе настаўнікам 29 гадоў, мае вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Педагагічную дзейнасць пачала адразу пасля заканчэння Калінінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта. 9 гадоў працавала ў Калінінградзе, а потым у гімназіі № 3 Гродна. Адразу ж пачала займацца з высокаматываванымі навучэнцамі.

 

Чытайце матэрыял Ірыны Анікевіч у нумары ад 31 студзеня 2023 года.