З вёскі ў горад. Аляксандр Шышадскі — дырэктар самай вялікай школы ў Веткаўскім раёне

- 14:30Образование

Кар’ерны ўзлёт дырэктара 1­-й веткаўскай сярэдняй школы імя Андрэя Грамыкі быў, можа падацца, занадта імклівым. Так і гаварылі на Веткаўшчыне, калі кіраўніка з невялічкай Пералёўскай сярэдняй школы прызначылі дырэктарам самай вялікай школы ў раёне. Але ж нездарма кажуць: нішто ў нашым жыцці не выпадкова…

Раскажам пра тое, як гамяльчанін, вялікі аматар падарожжаў, настаўнік геаграфіі Аляксандр Шышадскі па глыбінцы прайшоў частку педагагічнага маршруту, перш чым атрымаў дырэктарскую іпастась у райцэнтры, і чым цяпер адметны яго стыль кіраўніцтва.

За кіламетр ад мяжы

“У гэтай школе я працую дырэктарам з 2021 года, — гаво­рыць Аляксандр Валер’евіч. — Родам з Гомеля, вучыўся ў 51-й гімназіі: гэта цяпер адна з лепшых устаноў адукацыі ў вобласці. Скончыў ГДУ імя Францыска Скарыны. І лёс мяне звязаў, так склалася, з Веткаўшчынай. Працаваў настаўнікам, потым выконваў абавязкі дырэктара сярэдняй школы ў вёсцы Пералёўцы, гэта за кіламетр да расійскай мяжы. Дзе Свяцілавічы, Стаўбун і яшчэ далей — карацей, край беларускай зямлі…”

Два гады працаваў гамяльчанін у глыбінцы як малады спе­цыяліст — і замацаваўся там. Аграгаспадарка мясцовая прадаставіла кватэру ў двухпавярховым шасці­кватэрніку: “І там жылі мы як у інтэрнаце. Дровы пілавалі-нарыхтоўвалі на зіму самі, бо для ацяплення быў кацёл на цвёрдым паліве. А калі здараліся перабоі з вадой, то насілі яе ў вёдрах. Разам з іншымі маладымі спецыялістамі, а яны ў асноўным з Гомеля, асвойвалі сельскі побыт. Жылі дружна і цікава, тыя часы ўспамінаю з цеплынёй”.

Вельмі карысным быў вясковы час для настаўніка, каб лепш асво­іць беларускую мову. Дарэчы, ёй у яго сям’і не карысталіся, хлопчык упершыню загаварыў па-беларуску ў дзіцячым садзе. І дома тады ж казаў бацькам: “Я беларус!” Потым вучыўся з 1994 года ў беларускамоўнай школе.

“Родная мова ніколі не бу­дзе лішняя! — упэўнены Аляксандр Шышадскі. — Святы абавязак для кожнага яе ведаць, паважаць, да таго ж і ўмець размаўляць на ёй, бо без практыкі ўсё губляеш. А ў Пералёўцы была так званая трасянка, свой дыялект. Я ўпершыню пачуў там слова “шыбіна”: так называ­юць аконнае шкло. Ровар, картопля… І я пачаў слоўцы тыя ўжы­ваць. У горад прыязджаў, яны ў мяне праскоквалі, то знаёмыя казалі: “О, наб­раўся слоў”… А якія абрады ў глыбінцы! Адно “Пахаванне стралы” чаго вартае! Праца ў Пералёўцы — неацэнная навука для мяне”.

“Аляксандр Валер’евіч у свой час быў і трэнерам абласной каманды па геаграфіі, — па ходзе гутаркі падказвае старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Васіль Самкоў. — Па гэтым прадмеце яны з вучнямі заваёўвалі дыпломы і на апошнім этапе рэспуб­ліканскай алімпіяды”.

Аляксандр Шышадскі ўдакладняе, што адзін раз было ў каманды 6 дыпломаў, другі — 7. І трэнера ўшанавалі дыпломам, прызам абласнога ўпраўлення адукацыі. Так арганізацыйны патэнцыял настаўніка высвеціўся.

Калі Аляксандр Валер’евіч пачаў працаваць у Пералёўцы, у школе было 75 вучняў, класы па 13—15 чалавек. Паступова станавілася ўсё менш. Школа, як цяпер кажуць, аптымізавана: у інтэрнэце ёсць абвестка, што будынак у 1250 квад­ратных метраў выстаўлены на таргі…

З вёскі ў горад

У 1-й веткаўскай школе 690 вучняў, па тры класы-камплекты ў кожнай паралелі. Яна самая вялікая ў раёне, і заняткі ла­дзяцца ў дзве змены.

“Вядома ж, і дырэктару тут больш складана працаваць, чым у вёсцы, — разважае Васіль Самкоў.— Тут настаўнікі рознай кваліфікацыі, характары ў іх розныя, манера выкладання, увогуле падыходы да жыцця, да кіраўніц­тва і арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу. А дырэктар, як бачыце, малады… Мы з начальнікам райаддзела адукацыі Таццянай Аляксандраўнай Помазавай прыглядваліся ўважліва, як ён у Пералёўцы працуе. Вырашылі: справіцца, бо ён у мінулым настаўнік, як кажуць, абласнога ўзроўню — вопыт застаецца, і мы гэта цэнім. Цяпер тут задача павысіць якасць адукацыі, каб усё было бачна па выніках работы. Аляксандр Валер’евіч у няпростай сітуацыі сарыентаваўся, змог згуртаваць вакол сябе калектыў, і ўнутраны стрыжань у яго моцны. Вельмі правільна, што ў рабоце робіць стаўку на педагога, знаходзіць кантакт з людзьмі. Спадзяёмся, школа пераадолее часовыя цяжкасці, верне сабе лідарскія пазіцыі”.

А дзе ў настаўніка больш магчымасцей, каб рэалізаваць таленты: у вясковай школе ці двухзменнай гарадской?

“Гэта залежыць найперш ад самога настаўніка, — лічыць Аляксандр Шышадскі. — Дарэчы, па тэхніцы, мультымедыйных сродках і вясковыя школы цяпер не саступаюць гарадскім. Скажам, у Пералёўскай быў мультыборд і вялікі тэлевізар, які адзін і тут на ўсю школу. Але, праўда, тут яшчэ ёсць мультымедыйны цір з рознай электроннай зброяй у камплекце: аўтаматы, вінтоўкі, пісталет. Кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Андрэй Віктаравіч Марозаў там право­дзіць заняткі… Дык вось, тэхсродкі не галоўнае, шмат залежыць ад настаўніка. І дзеці вяс­ковыя ў інтэлектуальным плане нічым не саступаюць гарадскім. Якраз ад настаўніка залежыць, зможа ён раскрыць іх патэнцыял ці не. У горадзе, вядома ж, больш вучняў, настаўніку складаней дай­сці да кожнага. Бо відавочна: калі на ўроку 5—6, а то і 1—2 вучні, то гэта не 25, як тут”.

Здаровы кампраміс

У камандзе маладога дырэктара 70 настаўнікаў і 30 чалавек тэхперсаналу. У школе свая сталовая, харчаблок.

“Самі гатуем, кормім вучняў у дзве змены, — акрэслівае кола клопатаў Аляксандр Шышадскі. — Ёсць і групы прадоўжанага дня, на першай і на другой змене, іх таксама кормім. На базе школы прахо­дзяць розныя раённыя спартыўныя спаборніц­твы, прыязджаюць вучні з іншых школ — арганізуем ім харчаванне. У нейкім сэнсе 1-я школа — своеасаблівы цэнтр адукацыі ўсяго раёна: самыя вялікія мерапрыемствы, спаборніцтвы праходзяць тут”.

Як жа дырэктар наладжвае зносіны з калегамі? На што ў першую чаргу звяртае ўвагу?

“Кожнаму настаўніку ці вучню ўдзяляю увагу, — дзеліцца вопытам Аляксандр Шышадскі. — У нас ёсць графік дзяжурстваў прадстаўнікоў адміністрацыі. Мой дзень — чацвер, і я з раніцы ўсіх сустракаю пры ўваходзе ў школу. Заадно бачу, ці адпавядае стыль адзення нашаму рэгламенту. Амаль кожны вітаецца, і не складана для мяне разоў трыста сказаць “Добры дзень!”. А некаторыя кажуць “Добры дзень, дырэктар!”, дзеці з малодшых класаў называюць мяне Аляксандр Валер’евіч. І гэта выхаванне павагі да старэйшага за іх чалавека. Вітанне лю­дзям узаемна прыемнае: ідзе абмен станоўчай энергіяй. Мае дзверы заўсёды адчынены для ўсіх — ад намесніка дырэктара да тэхработніка. Прымаю прапановы, скаргі выслухоўваю, імк­нуся аператыўна рэагаваць на іх. У кіраванні прытрымліваюся кампрамісу: каб інтарэсы дзяржаўныя, сістэмы адукацыі гарманізаваліся з інтарэсамі канкрэтных людзей. А каб не было рэзкіх канф­ліктаў інтарэсаў, аператыўна імкнёмся прымаць меры, каб іх пазбегнуць і ў выніку ўсе былі задаволены”.

Прэстыж школы

Аляксандр Шышадскі расказ­вае пра поспехі вучняў школы ў прадметных алімпіядах: за час яго дырэктарства былі два дыпломы на абласным этапе. Вынікова працуюць вучні-даследчыкі пад кіраўніцтвам настаўніцы Анжэлы Ніколінай: даследаванне пра партызанскі рух на пачатку вайны ў Веткаўскім раёне адзначана дыпломам на абласной канферэнцыі навукова-даследчых работ “Пошук”. Ёсць дыпломы на вобласці за работы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва — у гэтым заслуга педагога Ірыны Дадычынай…

“Мы развіваемся! — аптымістычна заўважае Аляксандр Валер’евіч у адказ на пытанне пра планы. — Уступілі, скажам, у Асацыяцыю школ Беларусі і Расіі — разгортваем работу ў гэтым кірунку. Да таго ж актыўна развіваем школьны Тelegram-канал: навіны размяшчаем амаль што­дзень”.

У Telegram-канале педагогі, вучні пішуць пра жыццё школы, яе клопаты, імпрэзы, адкрытыя ўрокі. Расказваюць пра дасягненні, акцыі, перамогі ў конкурсах.

“Мы выкладваем і дыпломы, віншуем пераможцаў конкурсаў і спаборніц­тваў, — прадаўжае дырэктар. — І калі наш настаўнік атрымлівае вышэйшую катэгорыю — пішам, віншуем. А ў нас атэ­стацыйны ўзровень педагогаў павышаецца. Скажам, за 2024-ы 8 з іх атрымалі вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Мы такія захады стымулюем. Ёсць і сайт школы, вядуцца электронныя журналы і дзённікі — гэта ўсё актыўна ўкараняем. У настаўніцкай — два камп’ютары, пасля ўрокаў можна перанесці адзнакі з папяровага журнала на электронныя носьбіты”.

Для настаўнікаў дырэктар ставіць як мэту: дапамагаць усім вучням развіваць здольнасці ў розных кірунках, і самых здольных увесь час трымаць у тонусе, бо іх поспехі, дасягненні працу­юць на прэстыж школы:

“Я і на агульнашкольных лінейках усім кажу: трэба імкнуцца павышаць прэстыж школы, мець у сэрцы павагу да яе традыцый, да роднага краю. Па вуліцы ідуць нашы вучні, дык трымаюць сябе дастойна. Ва ўсіх — адметны значок школы, гальштук з эмблемай — мы гэта заказвалі як тэрманаклейкі. Глядзіцца прыгожа, і дзецям ганарова”.

З гордасцю расказвае дырэктар, што ў 1-й школе працуе выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь — настаўнік фізкультуры Яўген Аляксандравіч Бяляцкі: “Ён выб­раў для сябе, для развіцця ў школе спартыўнае скалалажанне. І свой скаладром ёсць: яго настаўнік сам зрабіў, мы туды ўкладваем пэўныя сродкі, марым пра больш сучаснае абсталяванне. Яўген Аляксандравіч падарожнічае з выхаванцамі па Беларусі, водныя паходы ў іх у пашане. Я ж і сам вялікі падарожнік, абышоў і аб’ехаў з сябрамі ў студэнцтве ўсю Беларусь, і за яе межамі мы вандравалі. Добра ведаю: для выхавання асобы паходы вельмі карысныя. Там гартуюцца фізічныя сілы, характары і камандны дух развіваецца. У секцыю да Бяляцкага ходзяць дзеці з дзвюх веткаўскіх школ і гімназіі, яны штогод займаюць прызавыя месцы на абласным узроўні ў розных відах спартыўнага скалалажання”.

З тэхнікай на ты

1-я веткаўская школа стала базавай пляцоўкай раённай сістэмы адукацыі па выкарыстанні, асваенні сучаснай мультымедыйнай тэхнікі.

“У нас працуюць у класах, у музеі, актавай зале розныя праектары, ёсць мультыборд з вялікім экранам, выкарыстоўваем на ўроках, мерапрыемствах дэманстацыю аўдыя- і відэакантэнту, — расказвае Аляксандр Шышадскі. — Ёсць у многіх класах тэлетэхніка, падключаная да камп’ютараў. Плюс музычнае абсталяванне, вялікія блютуз-калонкі, якія даюць добры гук”.

З усім гэтым, вядома ж, трэба ўмець абыходзіцца, разумна выкарыстоўваць.

“Усё пачалі да мяне, цяпер мы гэты комплекс актыўна развіваем, — гаворыць дырэктар. — Настаўнікі ў тэхнічным плане ў нас адукаваныя. Скажам, педагог-арганізатар ці мой намеснік па выхаваўчай рабоце самі пры неабходнасці падключаюць апаратуру. У нас ёсць пасада інжынера-праграміста. Вольга Ігараўна Баранская па спецыяльнасці матэматык, інжынер-праграміст. Калі што — яе клічам… Праводзім заняткі, расказваем-паказваем — і справа рухаецца. Пакуль у Вольгі Ігараўны няма педагагічнай адукацыі, аднак, лічу, яна зможа прайсці перападрыхтоўку, інфарматыку весці. Цяпер, дарэчы, на базавым узроўні ў 10-х класах праводзяцца заняткі, уводзім дзяцей у прафесіі тэхнічных напрамкаў, у тым ліку рыхтуем як аператараў ЭВМ. Дзяўчынкі асвойваюць прафесію швачкі. А наш інжынер-праграміст вучыць правільна працаваць з сучаснай мультымедыйнай тэхнікай”.

Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара